Ніжняя Сілезія (сіл.: Dolny Ślůnsk, польск.: Dolny Śląsk, сіл.-ням. Niederschläsing, ням.: Niederschlesien) — частка гістарычнай вобласці Сілезія, размешчаная на паўднёвым захадзе Польшчы, галоўным чынам на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства. Ніжняя Сілезія ляжыць па абодвух берагах сярэдняга цячэння Одры.

Герб Ніжняй Сілезіі

Гісторыя

правіць

Польскае княства

правіць

У старажытнасці тэрыторыю Ніжняй Сілезіі засялялі розныя кельцкія, а пазней германскія плямёны, перш за ўсё вандалы. У V стагоддзі германцы былі выцеснены славянамі, якія прыйшлі з усходу. У крыніцах IX стагоддзя ўтрымліваюцца згадкі пра славянскія плямёны слянзан, трабавян, дзядашан, якія пражывалі на тэрыторыі Ніжняй Сілезіі. Да гэтага часу адносіцца ўзнікненне першых гарадскіх цэнтраў сілезскіх славян, з якіх найбуйнейшым з самага пачатку стаў Уроцлаў. У X стагоддзі Ніжняя Сілезія была ўлучана ў склад Чэшскага княства, але ў 990 годзе пасля зацятай барацьбы яна была заваявана польскім князем Мешка I і ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Напачатку XI стагоддзя было заснавана Уроцлаўскае біскупства, якое стала галоўнай рухаючай сілай хрысціянізацыі ў Сілезіі. У 1038 годзе чэшскі князь Бржэціслаў I ізноў заняў Ніжнюю Сілезію, якая была вернута Польшчы толькі ў 1054 годзе пад умовай выплаты даніны.

У 1138 годзе Сілезія была вылучана ў асобнае княства пад уладай старэйшай галіны польскай дынастыі Пястаў — нашчадкаў Уладзіслава II Выгнанніка. Сыны Уладзіслава II у 1173 годзе падзялілі Сілезію на дзве часткі: Ніжняя Сілезія і Любушская зямля адышла Баляславу I Высокаму, а Верхняя — яго малодшаму брату Мешка IV.

Пры пераемніках Баляслава I Ніжнесілезскае княства стала адной з наймацнейшых польскіх дзяржаў, а яго князі сталі вярхоўнымі кіраўнікамі ўсіх польскіх земляў. Аднак нашэсце манголаў у 1241 годзе і смерць Генрыха II Набожнага ў бітве пры Лягніцах перапынілі паступальнае развіццё Ніжнесілезскага княства. Ужо ў канцы 1248 года пачалося драбненне дзяржавы: спачатку ўтварыліся Лягніцкае і Уроцлаўскае княствы, затым адасобіліся Глогаў (1249), Явар (1273), Жагань і Сцінава (1278).

Любушская зямля ў 1278 годзе была закладзена, а затым і канчаткова далучана да Брандэнбурга. На яе тэрыторыі была створана Новая марка, якая адыгрывала ролю плацдарму ў пранікненні Брандэнбурга на польскія і паморскія тэрыторыі. Да канца XIII стагоддзя на тэрыторыі Ніжняй Сілезіі ўтварылася некалькі невялікіх незалежных княстваў, якія варагавалі паміж сабой. Напачатку XIV стагоддзя найбольш буйнымі з іх сталі Глогаўскае, Уроцлаўскае і Свідніцкае княствы. Паралельна ішоў працэс германізацыі за кошт масавага перасялення ў Сілезію нямецкіх каланістаў і ўвядзенне ў гарадах нямецкага гарадскога права (галоўным чынам, Магдэбургскага). Першым польскім манархам, для якога нямецкая мова была роднай, стаў ніжнесілезскі князь Баляслаў II Рагатка (пам. у 1278 годзе).

Пад уладай Чэхіі

правіць

Паслабленне цэнтральнай улады прывяло да ўзмацнення ціску на Ніжнюю Сілезію з боку суседніх, мацнейшых дзяржаў, перш за ўсё Чэхіі. Ужо Генрых IV Пробус, князь уроцлаўскі, у 1266 годзе прызнаў сюзерэнітэт чэшскага караля Пржэмысла Отакара II. Сілезскія князі актыўна падтрымлівалі Чэхію ў яе войнах з Габсбургамі і Венгрыяй. C XIV стагоддзя пачалося фактычнае ўваходжанне ніжнесілезскіх княстваў у склад Чэхіі. У 1331 годзе быў далучаны Глогаў (канчаткова ў 1488 годзе), у 1335 годзе — Уроцлаў, ўслед за ім Яварскае і Свідніцкае (1392), Зембіцкае (1428) і Алешніцкае княствы (1492).

Іншыя невялікія ўладанні ніжнесілезскіх князёў таксама прызналі сюзерэнітэт Чэхіі. Жаганскае княства ў 1472 годзе трапіла пад уладу курфюрства Саксоніі. Кросна ў 1482 годзе было замацавана за Брандэнбургам. Уваходжанне ў склад уладанняў чэшскай кароны не прывяло да аб'яднання ніжнесілезскіх земляў: палітычныя канфлікты другой паловы XV стагоддзя паміж Габсбургамі і Ягелонамі, Іржы з Падэбрадаў і Мацьяшам Хуньядзі прывялі да ўтварэння ў рэгіёне некалькіх уладарных княстваў, які знаходзіліся пад суверэнітэтам Чэхіі, але кіравалі ўласнымі дынастыямі. Да 1525 года польскі род Пястаў працягваў знаходзіцца ва ўладзе толькі ў Бжэгу, Лягніцы і Волаве, Ягелоны валодалі Глогавам, Падэбрады — Зембіцамі (Мюнстэрберг) і Алешніцай (Эльс), Уроцлаў і Ныса належалі біскупу ўроцлаўскаму. Астатняя тэрыторыя Ніжняй Сілезіі знаходзілася ў непасрэдным падпарадкаванні каралю Чэхіі. Чэшскае панаванне ў рэгіёне суправаджалася новым прытокам нямецкіх каланістаў, якія сяліся не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. Польская мова стала паступова выцясняцца нямецкай.

У складзе Аўстрыйскай манархіі

правіць

У 1526 годзе Ніжняя Сілезія ў складзе ўладанняў чэшскай кароны ўвайшла ў склад манархіі Габсбургаў. Гэта дало новы штуршок германізацыі. Адначасова ў рэгіён пачалося пранікненне Рэфармацыі. Адным з яе лідараў стаў бжэгскі князь Фрыдрых II, які прыняў лютэранства і ў 1534 годзе забараніў каталіцкія набажэнствы на тэрыторыі свайго княства. Лютэранскае веравызнанне таксама знайшло значную колькасць прыхільнікаў у ніжнесілезскіх гарадах сярод нямецкамоўнага патрыцыяту. Палітыку Фрыдрыха II працягнуў яго сын Георг II, які ператварыў Бжэг у адзін з найважнейшых цэнтраў пратэстанцтва ў паўночна-ўсходняй частцы Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак да канца XVI стагоддзя каталіцкая канфесія аднавіла свае пазіцыі ў Ніжняй Сілезіі. У 1675 годзе сканаў апошні прадстаўнік польскай дынастыі Пястаў — Георг IV Вільгельм, князь Бжэга, Лягніцы і Волава, і гэтыя ўладанні ўвайшлі ў склад Аўстрыйскай манархіі. У перыяд валадарства Габсбургаў у Ніжняй Сілезіі ўзмацнілася цэнтралізацыя адміністрацыйнага і судовага апарата. Хоць працягвалася практыка перадачы часткі сілезскіх земляў у лены уплывовым арыстакратычным родам (Алешніца стала ўладаннем Віртэмбергаў, Жагань — Валенштэйнаў, а затым Лобкавіцаў), фактычнае кіраванне знаходзілася ў руках Хофбурга.

У складзе Прусіі і Германіі

правіць
 
Правінцыя Ніжняя Сілезія
 
Сцяг Сілезіі

У 1740 годзе Ніжняя Сілезія была захоплена войскамі прускага караля Фрыдрыха II Вялікага, які высунуў прэтэнзіі на былыя Бжэгскае, Лягніцкае і Волаўскае княствы на падставе нерэалізаванага дагавора 1537 года паміж Фрыдрыхам II Бжэгскім і Іаахімам II Гектарам аб перыдачы гэтых уладанняў Гогенцолернамі. Пасля паражэння ў Сілезскіх войнах, паводле мірнага дагавора ў Брэслау 1742 года, пацверджанага Дрэздэнскім дагаворам 1745 года, Аўстрыя саступіла ўсю Ніжнюю Сілезію Прусіі. Гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад правінцыі Сілезія (ням.: Provinz Schlesien) з цэнтрам у Брэслау. Уваходжанне ў склад Прусіі паскорыла эканамічнае развіццё Ніжняй Сілезіі: вобласць ператварылася ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў палатнянай і баваўнянай прамысловасці Еўропы. Напачатку XIX стагоддзя пачаўся бурны рост металургіі. Каланізацыя, заахвочваная і часткова фінансуемая ўрадам, прывяла да масавага прытоку ў Ніжнюю Сілезію нямецкага насельніцтва, асабліва з Вюртэмберга. Да канца XIX стагоддзя больш 90 % насельніцтва Ніжняй Сілезіі лічылі сваёй роднай мовай нямецкую.

У 1871 годзе Ніжняя Сілезія разам з іншымі прускімі ўладаннямі ўвайшла ў склад Германскай імперыі. Пасля Першай сусветнай вайны вобласць засталася ў складзе Германіі, а ў 1919 годзе была ўтворана асобная правінцыя Ніжняя Сілезія (ням.: Provinz Niederschlesien), якая ўключала таксама тэрыторыю Гёрліца. З 1938 па 1941 гады Ніжняя Сілезія была зноў аб'яднана з Верхняй у рамках адзінай правінцыі Сілезія. У маі 1939 года ў Ніжняй Сілезіі жыло 4 846 333 чалавек.

У складзе Польшчы

правіць

Па выніках Другой сусветнай вайны у 1945 годзе тэрыторыі на ўсход ад Нейсэ былі перададзены Польшчы. Нямецкае насельніцтва было выселена з тэрыторыі Ніжняй Сілезіі, пачалося засяленне палякамі, якія прыбываюць пераважна з Заходняй Беларусі і Украіны, уключаных у склад СССР у 1939 годзе. У 19451975 гг. Ніжняя Сілезія ўваходзіла ў склад Урацлаўскага ваяводства Польскай Народнай Рэспублікі, а пасля адміністрацыйнай рэформы 1975 года на яе тэрыторыі было ўтворана чатыры асобныя ваяводствы: Урацлаўскае, Еленягурскае, Лягніцкае і Валбжыхскае. У выніку ўзбуйнення польскіх рэгіёнаў у 1998 годзе было ўтворана адзінае Ніжнесілезскае ваяводства з цэнтрам ва Уроцлаве.

Якая знаходзілася заходней рэкі Лужыцкая Ніса тэрыторыя Ніжняй Сілезіі ўвайшла ў склад ГДР, і цяпер — у склад зямлі Саксонія (рэгіён Верхняя Лужыца, з гарадамі — Гёрліц, Хоерсверда, Вайсвасер, Ніскі).

З 1945 па 1993 год на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства была дыслакавана большая частка Паўночнай групы войскаў Узброеных сіл СССР.