Нікіфараўскі летапіс
Нікі́фараўскі ле́тапіс — спіс другое рэдакцыі беларуска-літоўскага летапісу 1446 года, які захаваўся ў складзе зборніка апошняй чвэрці XV стагоддзя[1]. Рукапіс раней належаў Мікалаю Нікіфараву, адчаго і атрымаў сваю назву. Цяпер зборнік захоўваецца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Расійскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу[2].
Нікіфараўскі летапіс | |
---|---|
Дата напісання | XV стагоддзе |
Дата першай публікацыі | 1898 год |
Колькасць старонак | 351 |
Асаблівасці
правіцьЗборнік уяўляе сабой рукапіс у 1/4 з вокладкай з дошак, абцягнутых скурай. Рукапіс складаецца з 351 аркуша шчыльнай жаўтлявай паперы, напісаны карычневым атрамантам паўуставам XV стагоддзя, нелетапісныя тэксты зборніка — почыркамі XVI, XVII і XVIII стагоддзяў. Па філігранях (гронка вінаграду, бычыная галава з крыжам пад падбародкам, бычыная галава са стрыжнем з трыма лістамі авальнай формы паміж рогамі) рукапіс датуецца 1464-1491 гадамі[2]. Нумарацыя ў правым верхнім куце алоўкам, ўнізе аркуша літарамі стараславянскага алфавіту пранумараваныя сшыткі. Ёсць надпісы на палях — часцей за ўсё беларускім скорапісам XVI ст., Але надоле першага аркуша ёсць запіс почыркам XVII або пачатку XVIII стагоддзя: «Monasterii Minensis s. Spriti», які паказвае прыналежнасць рукапісу менскаму манастыру Святога Духа. Верхні вугал 245-га аркуша і ніжнія краі 241-243 аркушаў спарахнелі або абарваныя. Тэкст часам ідзе каля самага края аркуша, аркушы ў рукапісе пераблытаныя. Тытлы ў летапісе адсутнічаюць[2].
Змест
правіцьСклад рукапісу: да 66 аркушу ў зборніку ідуць рэлігійныя тэксты, на аркушах 66-165 — «Сборник о бозе починаем, благослови отче, слово святого Василия от апостол», з 166 па 203 — апокрыф пра Багародзіцу, 204-211 аркушы занятыя «Временником великих царств, отколе кое царство пошло, и руское княжение святаго отца нашего Никифора, патриарха Коньстянтинаграда, летописець въскоре», на 211-225 аркушах — «Летописець руских цареи», аркушы з 226-га па 267-ы абаротны займае ўласна Нікіфораўскі летапіс, з 269-га па 290-ы аркушы ідуць «Главы наказателны царствии Василия, царя греческого, к сыну его», з 290-га па 329-ы — урывак павучання йіншы твор, з 331 па 338 — павучанне, аркушы з 334-га па 338-ы займае тлумачэнне святых тэкстаў, 339-348 — урывак з апісання Іерусаліма, 349-350 — урывак з Вялікага Катэхізіса[2].
Рукапісы, якія захаваліся на аркушах з 226-га па 267-ы абаротны летапіс, які не мае пачатку і канца, пачынаецца як старажытнарускі летапіс, а сканчаецца апісаннем падзей у Вялікім Княстве Літоўскім пасля смерці Вітаўта. Спіс не змяшчае «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвалы Вітаўту» і «Аповесці пра Падолле». Запісы ў летапісе кароткія, пагадавыя[1].
Даследаванне
правіцьУпершыню летапіс быў выдадзены ў 1898 годзе Сяргеем Белакуравым, ім таксама было выканана апісанне рукапісу[3]. Пры публікацыі ён аднаўляў адсутныя месцы паводле Супраслеўскага летапісу ў выданні Ігната Даніловіча[2]. У 1903 годзе летапіс апісаў Вячаслаў Сразнеўскі[4], у 1963 годзе летапіс быў больш падрабязна апісаны аўтарамі «Апісання Рукапіснага аддзела бібліятэкі Акадэміі навук»[2][5].
У 1980 годзе Нікіфараўскі летапіс быў выдадзены Мікалаем Улашчыкам у 35 томе Поўнага збору рускіх летапісаў[1].
Зноскі
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ а б в г д е Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 11.
- ↑ Русские летописи. С предисловием С. Белокурова // Чтения в Обществе истории и древностей российских. — 1898. — Кн. 4. — С. III-LII.
- ↑ Срезневский В. И. Сведения о рукописях, печатных изданиях и других предметах, поступивших в Рукописное отделение Библиотеки имп. Академии наук в 1902 г. // Известия имп. Академии наук. — СПб., 1903. — Т. XIXю — № 1ю — С. 7-16.
- ↑ Описание Рукописного отдела Библиотеки Академии наук СССР. — Т. 3. — Вып. II. Исторические оборники XV—XVII вв. / Составили А. И. Копанев, М. В. Кукушкина, В. Ф. Покровская. — М.—Л., 1963. — С. 107—110.
Літаратура
правіць- Чамярыцкі В. Нікіфараўскі летапіс // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 357. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 11.