Адкрыць галоўнае меню

О́маха (саманазва: umónhon, літаральна "рэзаць горла") — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аява і Небраска. Агульная колькасць (2000 г.) - 5 194 чал.

Омаха
umónhon
Omaha tribe dance.jpg
Агульная колькасць 5194
Рэгіёны пражывання Flag of the United States.svg ЗША
Мова омаха-понса
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы понса, канзас, аява

ГісторыяПравіць

Омаха адносяцца да сіўанскіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі даліну Агая, аднак да XVII ст. мігрыравалі ўздоўж рэчышчаў Місісіпі і Місуры. Саманазва umónhon лічыцца найбольш старажытнай, аднак у розныя часы суседдзі і навукоўцы выкарыстоўвалі ў адносінах да іх і іншыя назвы, у тым ліку Dhégiha і Maha.

Першая пісьмовая ўзгадка пра омаха з'явілася ў французскіх пісьмовых крыніцах каля 1700 г. На карце 1714 г. яны памяшчаліся ў верхняй плыні ракі Місуры. У выніку канкурэнтных войн з дакота і лакота омаха пацярпелі паражэнне і перасяліліся на поўнач Небраскі. Невялікая група засталася ў Паўднёвай Дакоце і склала адасобленую супольнасць понса.

У пачатку XIX ст. омаха пацярпелі ад эпідэміі воспы. Іх колькасць скарацілася да некалькіх соцен чалавек. У далейшым важную ролю адыгрываў саюз з больш моцнымі паўні. Пасля пераходу Луізіяны ў склад ЗША апынуліся ў залежнасці ад харчовай дапамогі амерыканскіх ваенных.

У сярэдзіне XIX ст. сутыкнуліся з мігрантамі-лакота, канфлікты з якімі моцна саслабілі іх ваенную моц. Пасля смерці правадыра Вялікага Лася ў 1846 г. омаха перайшлі пад кіраванне агента, прызначанага ўладамі ЗША. У выніку мірных пагадненняў 16 сакавіка 1854 г. і 6 сакавіка 1865 г. была створана рэзервацыя, што ахоўвалася федэральным урадам ЗША. Частка іх тэрыторый была перададзена індзейцам-вінебага.

У 1936 г. омаха абвясцілі пра жаданне ўзнавіць аўтаномію і мець асабісты ўрад. Гэта права яны атрымалі толькі ў 1959 г.

КультураПравіць

Асноўнымі заняткамі омаха здаўна былі ручное земляробства і загоннае паляванне. Паляванне лічылася мужчынскім заняткам. Улетку і ўзімку яны арганізоўвалі супольныя паляванні на бізонаў. Паляванне на іншых жывёл і рыбалоўства мелі другараднае значэнне. Гандаль футрам і скурамі прыносіў асноўныя камерцыйныя прыбыткі. Але большая частка ежы забяспечвалася дзякуючы жанчынам. Яны вырошчвалі бабовыя, гарбузы і кукурузу, збіралі ядомыя і лекавыя расліны. Омаха выдатна адаптаваліся ў XIX ст. да белай цывілізацыі. Запазычвалі насенне новых культур, падтрымлівалі грашовыя адносіны. З 1970-х гг. займаюцца прамысловай і фінансавай дзейнасцю.

Асноўны тып паселішча — вёска. У 1845 г. налічвалася ўсяго 3 вёскі. У далёкім мінулым омаха будавалі тыпі, крытыя карой. Аднак у XIX ст. захоўваліся толькі часовыя скураныя тыпі, якімі карысталіся паляўнічыя. У XX ст. скура была заменена баваўнянай тканінай. Омаха навучыліся ў паўні ўзводзіць гліняныя круглявыя хаціны да 12 м у дыяметры.

Карысталіся пераважна скураной вопраткайкашулямі, штанамі, плашчамі, макасінамі і г. д. Мужчынскае і жаночае адзенне ўпрыгожвалі арнаментам. Жанчыны насілі каралі і завушніцы. Татуіроўка мела сакральны характар. Звычайна татуявалі асобных жанчын, што распараджаліся арганізацыяй святаў. Распаўсюджаная зброялукі, стрэлы, дзіды, сякуры, каменныя булавы. На шчыты наносілі арнамент.

Омаха падзяляюцца на 10 экзагамных родаў Húthuga на чале абранага правадыра. У традыцыйных вёсках чальцы роду сяліліся разам раскіданымі групамі хацін. Сваяцтва перадаецца як па мужчынскай, так і па жаночай лініі. Род рэгулюе ўнутраныя адносіны, дае імя немаўлятам. Да канца XIX ст. галоўным кіруючым органам народа была рада з 7 прадстаўнікоў розных родаў.

Пераважаюць малыя нуклеарныя сем'і, аднак раней сустракаліся і пашыраныя. Дзеці розных полаў трымаліся паасобку. Маладых дзяўчат звычайна ахоўвалі. Юнакі шукалі нявесту сярод прадстаўнікоў іншага роду. Яны пільнавалі дзяўчыну каля вады і імкнуліся дамовіцца, пакуль вартаўнік рабіў выгляд, што не заўважае гэтага. Дамова скончвалася сумеснымі ўцёкамі да сваякоў хлопца. Аднак пасля вяртання маладыя наведвалі бацькоў. Сям'я мужа павінна была зрабіць падарунак бацькам жонкі. Існавала палігінія, паколькі пасля смерці мужа ўдава і яе дзеці звычайна пераходзілі ў сям'ю яго брата або блізкага сваяка. Апрацаваная зямля лічылася маёмасцю жанчын і перадавалася па жаночай лініі. Астатняя маёмасць — па мужчынскай. Жанчыны маглі прымаць удзел у кіраўніцтве родам і дапускаліся да арганізацыі цырымоній.

Омаха вядомы каляровымі святамі, што арганізоўваліся ў нагоду паляванняў, урачыстых падзей, рэлігійных дзён, гандлю. Яны суправаджаліся сумеснымі пірамі, танцамі і музыкай. Да нашых дзён практыкуецца ваенны танец Hethúshka. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — флейта і барабан. Папулярны жаночыя харавыя спевы.

РэлігіяПравіць

Традыцыйная рэлігія заснавана на ўяўленні аб існаванні жыццёвай сілы Wakónda, якая ўвасабляецца ў целесным і разумовым выглядах. Для яе падтрымкі арганізуюцца шматлікія цырымоніі. Кожны род мае сакральныя сімвалы. Яны захоўваюцца ў спецыяльных сем'ях і перадаюцца па спадчыне. Маюцца патаемныя арганізацыі тых, хто займаецца лекаваннем. Рэлігійная практыка ўключае пост, духоўныя пошукі, транс і мроі.

У нашы дні многія вернікі наведваюць хрысціянскія цэрквы.

СпасылкіПравіць