Дамініканцы
Дамініканцы, афіцыйна Ордэн Братоў Прапаведнікаў (Ordo fratrum praedicatorum, O.P.) — каталіцкі манаскі ордэн, створаны святым Дамінікам.
Поўная назва | Ордэн Прапаведнікаў |
---|---|
Лацінская назва | Ordo fratrum praedicatorum |
Скарачэнне | O.P. |
Царква | Каталіцкая Царква |
Дэвіз | Laudare, Benedicere, Praedicare (Усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць) |
Заснавальнік | Святы Дамінік |
Дата заснавання | 1214 г. |
Год зацвярджэння | 1216 |
Колькасць удзельнікаў | каля 5900 (2010) |
Афіцыйны сайт |
Будова ордэна
правіцьОрдэн мае тры галіны:
- Мужчынская. У 2010 годзе ордэн меў 5906 манахаў (з іх 4456 святароў)
- Жаночая. Меў 3724 манахіні на 2010 год.
- Трэці закон (тэрцыарыі), арганізаваная супольнасць свецкіх вернікаў.
Дэвіз ордэна — «усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць» (па-лацінску Laudare, Benedicere, Praedicare).
Гісторыя ордэна
правіцьУ 1214 годзе вакол св. Дамініка ў Тулузе ўтварылася першая супольнасць. Статут быў зацверджаны двума гадамі пазней Папам Ганорыем III. Ордэн хутка распаўсюдзіўся ў Францыі (тут дамініканцы спачатку называліся якабітамі, таму што першая рэзідэнцыя ордэна ў Парыжы была пры царкве св. Якаба), Іспаніі і Італіі. Найважнейшым напрамкам дзейнасці дамініканаў было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі пісьменных прапаведнікаў. Цэнтрамі ордэна сталі Парыж і Балоння — два найбуйнейшых універсітэцкіх горада Еўропы. У 1221 дамініканцы мелі 70 манастыроў, у 1256 у ордэне было 7000 манахаў.
Дамініканцы заснавалі ўласныя навучальныя ўстановы (у Балонні, Кёльне, Оксфардзе і інш), узначальвалі багаслоўскія кафедры ва ўніверсітэтах Парыжа, Падуі, Прагі і інш. З XIII стагоддзя дамініканцы разгарнулі шырокую місіянерскую дзейнасць, заснавалі мноства манастыроў (у прыватнасці пад Кіевам, у Іране, Кітаі і інш.). У 1318 г. дамініканцы здолелі арганізаваць у Персіі, якая знаходзілася пад уладай манголаў, архідыяцэзію.
На першым генеральным капітуле ў Балонні, ў 1220 годзе, дамініканскі ордэн быў абвешчаны жабрацкім: на яго ўдзельнікаў быў ускладзены абавязак адмовіцца ад усялякіх маёмасцяў і даходаў і жыць з міласці. Гэта пастанова выконвалася не цалкам і ў 1425 была адменена Папам Марцінам V. Трэці генеральны магістр ордэна, святы Раймунд дэ Пеньяфорт, выдаў у 1238 годзе збор яго статутаў. На чале ордэна выбіраўся спачатку пажыццёва, а потым на фіксаваны тэрмін генеральны магістр. У кожнай краіне ёсць правінцыйны прыёр, у кожным асобным інтэрнаце, які мае не менш за 12 чалавек — канвентуальны прыёр. Над імі вяршэнствуе капітул, гэта значыць агульны сход, які склікаецца кожныя тры гады.
Галоўная задача новага ордэна складалася ў місіянерскай дзейнасці паміж нявернымі; але разам з тым ён дбайна займаўся царкоўнай пропаведдзю і тэалогіяй. Альберт Вялікі і Тамаш Аквінскі — знакамітыя навукоўцы, якія выйшлі з ордэна; да яго ж належалі Майстар Экхарт, Таулер, Джыроламо Саванарола, і многія іншыя.
У час найбольшага росквіту ордэн дамініканаў налічваў да 150000 членаў у 45 правінцыях (з іх 11 па-за Еўропай) і 12 кангрэгацый пад кіраваннем самастойных генерал-вікарыяў. Пазней дамініканцы былі адціснуты езуітамі ад школ і пропаведзі пры дварах, а збольшага і ад місіянерскай дзейнасці. На канец XIX стагоддзя яны існавалі ў Італіі, Іспаніі, Аўстрыі, місіі іх былі ў Амерыцы і Ост-Індыі. Жаночыя дамініканскія манастыры, лікам да 300, на канец XIX стагоддзя існавалі ў Італіі, Аўстрыі, Бельгіі, Амерыцы. Манашкі займаліся рукадзеллем. Адзенне дамініканцаў белае, з чорным плашчом і велоном. Знакамітая сястра з гэтага ордэна — святая Кацярына Сыенская.
У XVI стагоддзі дамініканскія прапаведнікі з’явіліся ў Лацінскай Амерыцы. Многія дамініканцы, напрыклад, Бартоломе дэ Лас Касас выступалі ў абарону правоў індзейцаў ў калоніях.
У XVII—XVIII стагоддзях дзейнасць ордэна моцна абмяжоўвалася як свецкімі, так і царкоўнымі ўладамі. Моцны ўдар па дамініканскіх кляштарах ў Паўночнай Еўропе нанесла Рэфармацыя.
У XIX стагоддзі становішча ордэна стабілізавалася, дамініканскія манастыры развіваюцца ў Еўропе, у Лацінскай Амерыцы і на Філіпінах. Бурна развіваецца ордэн у ЗША і Канадзе.
У XX стагоддзі ордэн выпрабаваў новыя ўзрушэнні — выгнанне ў 1910 годзе з Мексікі, масавыя забойствы дамініканскіх манахаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, пераследу ў камуністычных краінах. Аднак да канца XX стагоддзя стан ордэна зноў стабілізуецца.
Гл. таксама
правіцьСпасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дамініканцы
- Афіцыйная старонка Дамініканскага ордэну (англ.) (ісп.) (фр.)
- Дамініканцы ў Расіі Архівавана 9 жніўня 2013.
- Дамініканцы ва Украіне (укр.)
- Артыкул аб ордэне (руск.) на hrono.info