Павел Міхайлавіч Гундзіловіч

савецкі военачальнік

Павел Міхайлавіч Гундзіловіч (23 мая 1902, Ліцвяны, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 10 красавіка 1942, Наўгародская вобласць, РСФСР, СССР) — савецкі военачальнік, камандзір 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі[d]. Кіраваў абаронай у раёне Дубасекава (Валакаламскі раён), дзе 16 лістапада 1941 года яго рота разам з іншымі падраздзяленнямі дывізіі адбівала ўдары нямецкіх танкаў.

Павел Міхайлавіч Гундзіловіч
Дата нараджэння 23 мая 1902(1902-05-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 красавіка 1942(1942-04-10) (39 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Род войскаў пяхота
Званне капітан
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Леніна ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 23 мая 1902 года ў в. Ліцвяны Мінскага павета Мінскай губерні ў сям’і рабочага[1].

У 1924 годзе паступіў у Аб’яднаную беларускую вайсковую школу, якую скончыў у 1927 годзе. Да 1938 года служыў на Далёкім Усходзе камендантам участка ў порце Находка Уладзівастоцкага пагранатрада[1].

29 мая 1938 года арыштаваны і абвінавачаны па артыкулах 58-1б, 58-9 і 58-11 КК РСФСР (здрада; прычыненне ўрону сістэме транспарту, водазабеспячэння, дзяржаўнай або грамадскай маёмасці), якія прадугледжвалі расстрэл. Аднак у 1940 годзе крымінальная справа спынена, і ён быў вызвалены з-пад варты.

Пераехаў у Казахстан, дзе ўзначаліў вінаградна-садовы саўгас.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, у жніўні 1941 года накіраваны ў 316-ю стралковую дывізію генерала І. В. Панфілава[1].

16 лістапада 1941 года адбыўся бой з нямецкімі танкамі ля раз’езда Дубасекава, дзе адзін з участкаў абароны займала 4-я рота 2-га батальёна 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі пад камандаваннем капітана Гундзіловіча і палітрука Клачкова.

Паводле ацэнкі камандзіра 1075-га стралковага палка палкоўніка І. В. Капрова, «у баі больш за ўсіх пацярпела 4-я рота Гундзіловіча. Уцалела ўсяго 20 — 25 чалавек на чале з ротным з 140 чалавек. Астатнія роты пацярпелі менш. У 4-й стралковай роце загінула больш за 100 чалавек. Рота змагалася гераічна»[1]. Спыніць суперніка ля раз’езда Дубасекава не атрымалася, пазіцыі палка былі змятыя супернікам, а яго рэшткі адышлі на новую абарончую мяжу. У баях 16 лістапада 1075-ы полк, па розных даных, падбіў і знішчыў ад дзевяці[2] да васямнаццаці танкаў суперніка.

У канцы снежня 1941 года, калі дывізія была адведзена на фармаванне, у полк прыехаў карэспандэнт газеты «Красная звезда» А. Ю. Крывіцкі, якому капітан Гундзіловіч па памяці назваў прозвішчы 28-і забітых і зніклых без вестак байцоў, якіх ён змог успомніць. 22 студзеня 1942 года ў газеце «Красная звезда» Крывіцкі змясціў нарыс пад загалоўкам «Пра 28 загінулых герояў», які паклаў пачатак афіцыйнай версіі па 28 герояў-панфілаўцаў.

Камандзір 2-га батальёна 23-га гвардзейскага стралковага палка капітан П. М. Гундзіловіч прымаў удзел у савецкім контрнаступленні пад Масквой. У ходзе наступлення ў снежні 1941 — лютым 1942 гадоў яго батальён вызваліў 18 населеных пунктаў, захапіў 80 аўтамашын. 8 лютага 1942 года ў баі за сяло Барадзіно (за 30 кіламетраў ад горада Старая Руса) адбіў дзве атакі праціўніка сілай да палка, які спрабаваў злучыцца з асноўнымі сіламі сокалаўскай групы. Праціўнік страціў да 800 чалавек забітымі, на чале з камандзірам нямецкага палка. За гэты эпізод быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга[3].

Загінуў 10 красавіка 1942 года[4]. Акалічнасці гібелі апісаў былы камісар 1075-га стралковага палка палкоўнік у адстаўцы А. Мухамед’яраў так: «За паўгадзіны да яго гібелі я быў у яго зямлянцы. Раніцай 10 красавіка 1942 года камбат Гундзіловіч П. М. сабраў у сваёй зямлянцы ўсіх старшын рот. Гэта быў апошні інструктаж перад убыццём яго ў штаб палка на новую пасаду намесніка камандзіра палка па страявой. У гэты час проста ў зямлянцы разарваўся цяжкі артылерыйскі снарад. 11 чалавек загінулі, у тым ліку і Павел Міхайлавіч»[5].

Першапачаткова пахаваны ў вёсцы Какачава Ленінградскай вобласці, пазней перапахаваны ў брацкай магіле ў пасёлку Першамайскі Холмскага раёна Наўгародскай вобласці.

Пасмяротна прадстаўлены камандаваннем палка да звання Героя Савецкага Саюза, аднак быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Узнагароды правіць

Зноскі

  1. а б в г Борис Долготович. Героев-панфиловцев было больше(недаступная спасылка). Вечерний Минск (16 ноября 2009). Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2014. Праверана 13 студзеня 2022.
  2. Звягинцев В. Е. Трибунал для Героев. — ОЛМА-ПРЕСС Образование, 2005. — С. 265. — 574 с. — (Досье). — 3000 экз. — ISBN 5-94849-643-0.
  3. Гундилович Павел Михайлович 1902 г.р. у электронным банку дакументаў «Подзвіг народа»
  4. Борис Долготович. В списках не значился(недаступная спасылка). Народная Газета (10 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 18 снежня 2013. Праверана 13 студзеня 2022.
  5. Борис Долготович. «Пишу тебе письмо под «концерт», от которого дрожит земля». Сельская Газета (24 лістапада 2014). — История героя-панфиловца из Беларуси Павла Гундиловича. Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2016. Праверана 13 студзеня 2022.