Павел Сямёнавіч Хоміч

Павел Сямёнавіч Хоміч (17 кастрычніка 1893, Ваўкавыск, Гродзенская губерня, Расійская імперыя10 сакавіка 1942, Ленінград, СССР) — рымска-каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, душпастыр.

Павел Сямёнавіч Хоміч
4-ы Апостальскі адміністратар Ленінграда
1941 — 10 верасня 1942
Царква Рымска-каталіцкая царква
Папярэднік Мішэль Фларан
Пераемнік пасада скасавана
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 17 кастрычніка 1893(1893-10-17)
Смерць 10 верасня 1942(1942-09-10) (48 гадоў)

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька, Сямён Фларыянавіч, быў праваслаўным, працаваў служачым у павятовым казначэйстве. Маці, Марыяна Людвікаўна, была каталічкай. У дзяцінстве быў ахрышчаны ў праваслаўе, аднак пасля кастрычніцкага маніфесту 22 кастрычніка 1905 года прыняў каталіцкае веравызнанне. Верагодна, яго продкі па бацьку былі уніятамі.

У 1907—10 гадах вучыўся ў Ваўкавыскім гарадскім чатырохкласным вучылішчы. Скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю і Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. У час вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.

У 1916 годзе быў пасвечаны ў святары. У 1918 годзе магілёўскі архібіскуп Эдвард Роп прызначыў Паўла Хоміча вікарыем на станцыі Вырыцы Царскасельскай чыгункі. Пазней выконваў святарскія абавязкі на Пскоўшчыне. У пачатку 1920-х гадоў — пробашч парафіі Святой Кацярыны ў Ленінградзе. У чэрвені 1923 года стаў пробашчам парафіі Святога Казіміра[1].

Арыштаваны 2 чэрвеня 1926 года. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў. Адпраўлены на Салаўкі, дзе заставаўся да ліпеня 1933 года. З 21 ліпеня 1932 да 25 красавіка 1933 года знаходзіўся ў турме АДПУ у Ленінградзе («на Шпалерцы»). Падчас допытаў ад яго патрабавалі адмовіцца ад духоўнага сану. Псіхічна хворы, быў адпраўлены на лесапавал у Карэлію. З 28 чэрвеня 1938 года жыў у ваколіцах Кастрамы. У 1939 годзе нелегальна вярнуўся ў Ленінград.

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941—1942 гадах выконваў абавязкі Апостальскага Адміністратара Ленінграда. Быў адзіным святаром у блакадным горадзе[2]. 1 сакавіка 1942 года быў прыгавораны Ваенным трыбуналам да расстрэлу па абвінавачванню ў арганізацыі падпольных набажэнстваў і антысавецкай агітацыі. Расстраляны 10 сакавіка 1942 года ў Ленінградзе.

У 2003 годзе распачаўся афіцыйны працэс беатыфікацыі святара ў ліку свяшчэннамучаніка.

Зноскі

  1. J. Turonek, Chomicz Paweł (1893–1942), w: Garliński J., Turonek J., Białoruski ruch chrześcijański XX w: Słownik biograficzno-bibliograficzny, Warszawa 2003, s. 64, 65
  2. Кім быў кс. Павел Хоміч? Да 70-годдзя са дня смерці. — Catholic.by, 10 верасня 2012. (бел.)

Літаратура

правіць