Пагоня (мастацкая суполка)

мастацкая суполка

«Пагоня» — творчая суполка ў складзе Беларускага саюза мастакоў, створаная ў 1990 годзе, ліквідавана ў 2023 годзе.

Арганізавана ў майстэрні «На Паддашку», стваральнікамі былі Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, браты Уладзімір і Міхась Басалыгі. Сваёй мэтай суполка называла развіццё нацыянальнага мастацтва, захаванне яго пераемнасці, узбагачэнне традыцый, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны, усё дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, яго духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння.

У 2016 годзе сябрамі творчай суполкі «Пагоня» былі больш за 50 беларускіх масткоў[1].

Члены суполкі амаль штогод ладзілі выстаўкі сваіх прац, частку з якіх здымалі па патрабаванні беларускіх чыноўнікаў. У 2015 годзе былі зняты 3 творы: жывапісныя палотны Алеся Мары «Двубой, альбо супраціўленне двухгаловаму мутанту», Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Украіну» і партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца. Апошняе палатно знялі толькі за тое, што фон карціны нагадаў цэнзарам беларускі бела-чырвона-белы сцяг[2].

Пасля палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі пачалася ліквідацыя недзяржаўных аб’яднанняў і арганізацый. Незадоўга да сваёй смерці ў зняволенні, з Беларускага саюза мастакоў быў выключаны палітзняволены мастак Алесь Пушкін, адзін з сяброў «Пагоні»[3]. У канцы 2023 года з Беларускага саюза мастакоў быў выключаны палітзняволены мастак Генадзь Драздоў, які быў кіраўніком «Пагоні» ў 2011—2016 гадах[4], неўзабаве рашэннем саюза была ліквідавана і сама суполка[4].

Кіраўнікі суполкі

правіць

Зноскі

Спасылкі

правіць