Падводная банка

частка мора, якая неглыбокая ў параўнанні з наваколлем

Падводная (марская) банка (ад ням.: Bank ці нідэрл.: bank) — водмель на дне мора ці акіяна, глыбіні якой меншыя ад навакольных глыбіняў.

У акіянах банкі звычайна вулканічнага або каралавага паходжання. У мелкаводных морах гэта астаткавы рэльеф сушы, затоплены пры трансгрэсіі мора (Догер-банка); або ўтвораныя хвалямі скопішчы ракавін малюскаў. Банка, утвораная пры пагружэнні атола, што вянчае падводны вулкан, называецца гаётам.

Уяўляючы сабой месцы з павышанай канцэнтрацыяй біялагічных рэсурсаў, банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промымлу (Ньюфаундлендская банка ў Атлантычным акіяне, Догер-банка ў Паўночным моры). Банкі ўяўляюць небяспеку для судаходства.

Найбольш багатыя на банкі ў сваіх ваколіцах Багамскія астравы: побач з імі знаходзяцца Вялікая і Малая Багамскія банкі, банка Кэй-Сол.

Літаратура правіць

  • Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 333 с. ISBN 5-85700-085-8