Падгорная (Баранавіцкі раён)
Падго́рная[1] (трансліт.: Padhornaja, руск.: Подгорная) — вёска ў Беларусі, у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Падгорнаўскага сельсавета.
Вёска
Падгорная
| ||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьРазмешчана за 43 км на паўднёвы захад ад Баранавіч, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Лясная на лініі Баранавічы—Брэст, на правым беразе ракі Лахазва.
Назва
правіцьАдпачатная назва вёскі - Гавінавічы, адыменная, ад двухасноўнага балцка-літоўскага імя Ga-vin'as. У літоўскай антрапаніміі вядомыя адпаведныя іменныя асновы Ga- i Vin-.
Гісторыя
правіцьУ пісьмовых крыніцах сустракаецца з сярэдзіны XVI стагоддзя пад назвай Гавінавічы. У 1555 годзе маёнтак, уласнасць Ганны Ільінічны, у 1565 годзе — Сафіі Янаўны Віктарынай; пазней належаў Гаўрыле Камбулатовічу.
З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1817 годзе пабудавана царква Святога Антонія (захавалася). На пачатку XX стагоддзя працавала школа граматы.
З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі.
З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета ў Быценскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 4 кастрычніка 1957 года ў Баранавіцкім раёне.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінулі 27 аднавяскоўцаў.
10 жніўня 1942 года ў вёсцы адбыўся бой паміж беларускімі партызанамі і жаўнерамі Беларускага корпуса самааховы, у выніку якога атрад апошніх быў разбіты.
30 ліпеня 1964 года вёска Гавінавічы атрымала назву Падгорная[2].
Інфраструктура
правіцьПрацуюць выканкам сельсавета, сядзіба калгаса, майстэрні па рамонце сельскагападарчай тэхнікі, ветэрынарны ўчастак, Дом быту, сярэдняя школа (з 1986 года дзейнічае музей працоўнай і баявой славы), Дом культуры (працуе хор народнай песні, якому ў 1972 годзе прысвоена ганаровае званне народны), бібліятэка, бальніца, аддзяленне сувязі, 3 магазіны.
Насельніцтва
правіць- XX стагоддзе: 1959 год — 1063 жыхары, 1970 год — 1274 жыхары, 1998 год — 345 двароў, 822 жыхары.
- XXI стагоддзе: 2000 год — 379 двароў, 810 жыхароў[3].
Славутасці
правіць- Свята-Антоніеўская царква са званіцай (1817 год) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000708
- Паселішчы неаліту і бронзавага веку
- Помнік землякам.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб перайменаванні некаторых населеных пунктаў Беларускай ССР ад 30 ліпеня 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 23 (1063).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 493.
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- Падгорная // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11). — С. 493.
- Республика Беларусь. Брестская область. Барановичский район: карта. Барановичи: план / Ред. Г. П. Ляхова.. — Минск: РУП «Белкартография», 2009. — 5 000 экз. (руск.)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Падгорная (Баранавіцкі раён)