Беларускае Падняпроўе

(Пасля перасылкі з Падняпроўе, Беларусь)

Падняпро́ўе — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, частку Віцебскай і Гомельскай абласцей. На поўначы па водападзеле Дняпра і Заходняй Дзвіны мяжуе з Паазер'ем, на захадзе па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем.

Рэгіёны Беларусі (XIX-пач. XX ст.):
     Панямонне      Паазер'е      Падняпроўе      Заходняе Палессе      Усходняе Палессе      Цэнтральная Беларусь
Падняпроўе, паштовая марка Беларусі

Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялектныя асаблівасці гаворак Падняпроўя, якія вылучаны ва ўсходне-магілёўскую групу паўночна-ўсходняга дыялекту. Неаднароднасць культурных ландшафтаў дазваляе вылучыць у Падняпроўі некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясцовых этнакультурных прыкмет.

Гісторыя правіць

У старажытна-рускі перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакультурных адрозненняў, зліццё славянскіх плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутраных і знешніх культурна-эканамічных сувязях. Гістарычны лёс Падняпроўя быў звязаны са старажытным Кіевам і з гісторыяй іншых усходне-славянскіх зямель.

Этнакультурны комплекс, фальклорныя традыцыі і народныя гаворкі Падняпроўя маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і заходняй Браншчынай (у 12 ст. значная частка Падняпроўя ўваходзіла ў Смаленскае, паўднёвая — у Чарнігаўскае княствы). У той час у Падняпроўі важныя адміністрацыйныя і эканамічныя цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (цяперашні Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і іншыя. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію.

На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н. Кузана — канец 15 — пачатак 16 ст., С. Мюнстэра — 1540) левабярэжная частка Падняпроўя пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім Падняпроўі і Паазер'і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гістарычнага лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Падняпроўе далучана да Расіі, на яго землях утворана Магілёўская губерня, якая ў асноўным супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 г. і ўтварэння БССР Падняпроўе з 1924 года ў складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны ў 1926).

Гаспадарчыя заняткі правіць

Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невялікіх рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясцовых глеб. Найбольш густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная частка Падняпроўя, у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхнічных культур сеялі лён і каноплі. Агракультура Падняпроўя мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясцовых варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феадальнай рэнты і інш.

У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім павеце (пераважна ў сучасным Веткаўскім раёне) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясцовых сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю).

Паселішчы правіць

Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер'ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай таніроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтральную частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі.

Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на захад, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе узнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакультурныя традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясцовых умоў; ставілі дабротныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу.

Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыцыйнага жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у Падняпроўі былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух'ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушань пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з'явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес.

Канструкцыйная аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»). У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі паветы), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр'ера адрознівалася народнае жыллё на поўдні рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы.

Народнае адзенне правіць

Народнае адзенне Падняпроўя ўвасобіла старажытныя рысы, уласцівыя традыцыйнаму касцюму славянскіх народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усходніх і еўрапейскіх строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыцыйным жаночым адзенні яшчэ ў пачатку 20 ст. бытавалі старажытныя панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рускім сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная частка якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй), аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкаратыўным стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўднёвых раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геаметрычныя ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся раслінныя матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытворчасці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыцыйныя тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі.

Кераміка і посуд правіць

Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны.

Гл. такама правіць

Літаратура правіць