Пажайсліскі манастыр
Пажайсліскі манастыр (літ.: Pažaislio vienuolynas) — найбуйнейшы манастырскі комплекс у Літве, пабудаваны ў стылі італьянскага барока. Ансамбль лічыцца адным з лепшых узораў сталага барока ў Паўночнай і Усходняй Еўропе, які амаль не перабудоўвалі і рэканструявалі[1]. Знаходзіцца ў Каўнасе на паўвостраве Каўнаскага вадасховішча. Ансамбль будынкаў камедульскага манастыра на тэрыторыі ў 70943 м² уключаны ў рэгістр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі і ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння, код 1352[2].
Манастыр | |
Пажайсліскі манастыр | |
---|---|
54°52′34″ пн. ш. 24°01′19″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Дата заснавання | 1667 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПажайсліскі манастыр заснаваны ў 1662 годзе вялікалітоўскім канцлерам Крыштафам Жыгімонтам Пацам для пустэльнікаў-камедулаў. Крыштаф Пац, чыя маладосць прайшла ў Італіі, ва ўніверсітэтах Падуі і Перуджы, быў гарачым прыхільнікам вытанчанага італьянскага барока. Пац адразу прызначыў манастыр месцам свайго пасмяротнага спачыну, але і пры жыцці часта тут спыняўся для роздуму і адпачынку.
Манастыр атрымаў сімвалічную назву Erme Monti Pacis («Гара спакою», у бачна алюзія на імя фундатара). Пры выбары месца пад манастыр улічаны патрэбы манахаў-камедулаў, якія імкнуліся весці пустэльніцкі лад жыцця, таму манастыр закладзены далёка ад горада, на гары, аточанай ракой.
Вуглавы камень для будаўніцтва як кляштара, так і царквы быў закладзены 20 кастрычніка 1667 года, на свята Візітацыі Дзевы Марыі. Фундатар Крыштаф Жыгімонт Пац уважліва сачыў за будаўніцтвам манастыра, часта наведваў Пажайсліс і кантраляваў выдаткі, самастойна наймаў архітэктараў і мастакоў.
Інтэнсіўнае будаўніцтва вялося да 1674 года. Пасля смерці фундатара за будаўніцтвам манастыра сачыў яго сваяк Міхал Казімір Пац. У 1712 годзе адбылося асвячэнне Пажайсліскага касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі віленскім біскупам Казімежам Бжастоўскім. Паводле літаратуры ХІХ стагоддзя, архітэктарам манастыра быў італьянец Ладавіка Фрэда, які сам пазней стаў манахам-камальдулам[3], у найноўшай літаратуры сцвярджаецца, што існаванне такога архітэктара — толькі «рамантычная фантазія»[4].
Касцёл і познія пабудовы спраектавалі Карла і П’етра Пуціні і Джавані Батыста Фрэдыяні[5]. Аўтарамі скульптур былі М. Вальшэйдас з Вільні, І. Мерлі з Ламбардыі і, як мяркуецца, П’ерці і М. Жалявічус[5].
Па дамове з вялікім пісарам літоўскім Казімірам Міхаілам Пацам, падпісаным у 1692 годзе, італьянскі мастак Джавані Росі распісаў купал і ліхтар у манастырскім касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама напісаў на палатне два абразы святога Яўстахія. Росі з’ехаў у 1719 годзе, не скончыўшы пісаць фігуры апосталаў над цэнтральнымі аркамі, як мяркуецца, у сувязі са смерцю свайго апекуна і мецэната Паца. У купале храма захавалася шматфігурная фрэска з выявай каранавання Найсвяцейшай Панны Марыі, выкананая Росі ў 1712—1719 гадах. Постаць каранаванай Маці Божай дасягае вышыні ў тры метры.
Паміж 1718 і 1755 гадамі ўнутраныя двары манастыра былі перабудаваныя і дададзеныя новыя дапаможныя будынкі. У 1755 годзе ў царкву ўдарыла маланка, ад пажару пацярпела чытальная зала бібліятэкі і некаторыя іншыя памяшканні над рызніцай. У ходзе рамонтна-будаўнічых работ, праведзеных у тым жа годзе, былі ўзведзены дадатковыя вежы.
Падчас вайны 1812 года манастыр быў разрабаваны французамі[6]. У 1828—1829 гг. у манастыры быў зняволены літоўскі святар і паэт Антанас Страздас[7]. Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў манастыр быў перададзены Рускай Праваслаўнай Царкве і ператвораны ў Пажайскі Успенскі мужчынскі манастыр[8][6]. Былі прыбраныя разьбяныя драўляныя алтары ў капліцах, некаторыя фрэскі перафарбаваныя, тры фрэскі, якія адлюстроўвалі моманты з жыцця Літвы і жыцця Пацаў, былі зафарбаваныя[5]. Пасля 1863 года па ўказанні арцыбіскупа Аляксандра (Дабрыніна) з фасада царквы прыбраныя чатыры статуі з пяшчаніку, якія адлюстроўвалі Сімяона, Ганну, Марыю і Іосіфа.
У 1915 годзе праваслаўны манастыр быў эвакуіраваны, архівы перавезены ў Грузію. Да 1918 года ў манастыры размяшчаўся нямецкі ваенны шпіталь і склады
Пасля здабыцця Літвой незалежнасці манастыр у 1920-х гадах быў перададзены сёстрам Ордэна Святога Казіміра. Заснавальніцамі манастыра сталі чатыры сёстры ордэна з Чыкага. У 1948 годзе савецкая адміністрацыя закрыла манастыр, ператварыўшы яго ў архіў, а з 1950 года — у рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу. У 1967—1991 гадах манастыр быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея ім. М. К. Чурлёніса. У 1992 годзе комплекс вернуты Ордэну Святога Казіміра, адначасова была праведзена рэстаўрацыя кляштара. За галоўным будынкам адноўлены тры з дваццаці домікаў манахаў маўчальнікаў.
На тэрыторыі манастыра нямала гістарычных і культурных помнікаў, у тым ліку магіла Аляксея Львова, стваральніка музыкі гімна «Божа, Цара захоўвай!».
У 2004 годзе банкам Літвы была выпушчаная памятная сярэбраная манета вартасцю 50 літаў (аўтары Марыус Завадскіс і Рытас Ёнас Бялявічус).
Архітэктура
правіцьАнсамбль мае строга восевую кампазіцыю, алея падводзіць да ўязной брамы, за якой доўгі праезд паміж каменнымі агароджамі вядзе да круглай пляцоўкі для развароту карэт; тут наведвальнікі праходзілі праз другія вароты, за якімі раскрываецца від на манументальны храм з двухвежавым фасадам і купалам. За храмам-закрыты сад з індывідуальнымі хаткамі манахаў і вежай для пустэльнікаў на 33-метровай восі[9]. Царква ў цэнтры ансамбля мае увагнуты двухвежавы фасад, расчлянёны пілястрамі іанічнага вялікага ордэра. Храм перакрыты шасцігранным купалам вялікіх памераў (дыяметрам 13 м і 49 м вышыні), увянчаны вытанчаным шасцігранным ліхтаром. Прасторавая кампазіцыя царквы мае некаторае падабенства з храмам Санта-Марыя-дэла-Салюце у Венецыі[10][11].
Ансамбль быў пабудаваны з абпаленай цэглы. Для аздаблення інтэр’еру храма выкарыстаны пяшчанік, рознакаляровы карпацкі мармур, дрэва, каляровыя металы. Падкрэслена прасторная алтарная частка з хорам і рызніцай; з бакоў, у паглыбленнях чатыры капліцы; цэнтр вылучаны шырокай падкупальнай прасторай[5]. Інтэр’еры царквы і іншых найважнейшых памяшканняў багата ўпрыгожаны пластычнымі фігурнымі і арнаментальнымі кампазіцыямі з стука, а таксама манументальным жывапісам. У будынках ансамбля захавалася каля 140 фрэсак розных памераў, 6 жывапісных палотнаў М. Палоні, у тым ліку партрэты заснавальніка Х. Паца і яго жонкі Клары Ізабелы. Адна з самых цудоўных фрэсак-кампазіцыя «Сон Рамуальда» з яе жаўтлява-зеленаватым каларытам, дыяганальнай кампазіцыяй, рытмічна скампанаванымі фігурамі на фоне прыгожага дэкаратыўнага пейзажу[5].
Дэкор
правіцьІканаграфічнае аздабленне ансамбля складанае і шматслаёвае; разгорнутыя тэмы характарызуюцца разнастайнасцю сімволікі і гарманічнай сукупнасцю. Ідэя дэкору заключаецца ў прынцыпах падваення і патраення. Яго галоўная тэма прысвечана святой Дзеве Марыі. Самая славутая фрэска купала, якая адлюстроўвае каранацыю Дзевы Марыі ў небе, з’яўляецца кульмінацыяй гэтай тэмы і ўсёй іканапіснай праграмы. Іншыя важныя тэмы ўключаюць: эўхарыстычны сакрамэнт у сакрыстыі, мукі Ісуса Хрыста ў зале Капітула, хрысціянскія місіі на балцкіх землях у канцы Х — пач. ХІ ст. у прэсбітэрыі і суседнім калідоры.
Святыя-патроны ордэна камальдулаў і патроны рода Пацаў ўшаноўваюцца ў капліцах. Фрэскі калідораў ілюструюць гісторыі жыцця першых манахаў, якія жылі ў гэтай краіне як камальдульцы. Асобныя апафеозныя сцэны святых можна знайсці на скляпеннях некаторых пакояў. Розныя іканаграфічныя сцэны прадстаўлены ў двух калідорах, якія вядуць да капітула і сакрыстыі, яны паказваюць першых паслядоўнікаў святога Рамуальда ў Літве. Калідорамі, якія злучаюць манастыр з царквой карысталіся толькі манахі, і такі іканапіс мог быць ім цалкам знаёмым.
У Пажайліскім манастыры захаваўся цыкл з адзінаццаці фрэсак з выявай манаха-бенедыктынца святога Бруна Баніфацыя Кверфурта. З манахам звязана першае згадванне назвы Літва ў Кведлінбургскіх аналах 1009 г. Святы Бруна быў адданым вучнем святога Рамуальда, заснавальніка ордэна камельдулаў[12].
Таксама Пажайсліскі манастыр стаў цэнтрам культа Святой Марыі Магдалены Пацы (кармеліцкай манашкі з Фларэнцыі, кананізаванай у 1669 годзе), які пашыраў на Літве род Пацаў. Гэта служыла ідэалагічным прэтэнзіям Пацаў на пакроўленасць са славутым фларэнтыйскім арыстакратычным родам. У 1677-83 гадах фларэнтыйскі мастак Мікелангела Палоні перабраўся з двара Медычы на службу Пацам, яго галоўнай задачай было стварэнне тут адмысловай капліцы, прысвечанай Святой Марыі Магдалены Пацы. Гэта капліца стваралася практычна адначасова з маўзалеем у царкве Святой Марыі Магдалены Пацы ў Фларэнцыі, і гэтая праекты аб’ядноўвае практычна аднолькавая іканаграфічная праграма. Для падмацавання гэтага культа фларэнтыйскі герцаг Казіма ІІІ Медычы перадаў у 1681 годзе рэліквіі (зуб і частку валосаў) святой Пацам[13].
Музычны фестываль
правіцьШтогод у манастыры праводзіцца Міжнародны фестываль музыкі. Пачатак Пажайсліскаму музычнаму фестывалю быў пакладзены ў 1996 годзе. На працягу трох летніх месяцаў праходзіць каля 30 канцэртаў музычнай класікі, пачынаючы ад Моцарта і заканчваючы «ABBA». Двойчы фестываль наведваў амерыканскі скрыпач і дырыжор Егудзі Менухін. Частка канцэртаў бясплатная для публікі. Канцэрты у рамках фестывалю праходзілі таксама ў Каўнаскім замку, Клайпедскім універсітэце і нават у аэрапорце.
-
Купал сабора
-
Царкоўныя Фрэскі
-
Від на манастырскі комплекс з паўднёвага захаду
-
Вялікія вароты
-
Памятная манета, прысвечаная Пажайсліскаму манастыру
Крыніцы
правіць- ↑ Всеобщая история архитектуры 1969.
- ↑ Pažaislio kamaldulių vienuolyno ansamblis(недаступная спасылка). Kultūros vertybių registras. Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2016. Праверана 1 верасня 2022.
- ↑ Zarewicz Ludwik. Zakon kamedułów, jego fundacye i dziejowe wspomnienia w Polsce i Litwie. Krakow, 1871. — S. 45.
- ↑ Paknys, Mindaugas. Nowe źródła o artystach w Pożajściu w kręgu mecenatu Krzysztofa Zygmunta Paca // Biuletyn historii sztuki, 2000.
- ↑ а б в г д История искусства 1976.
- ↑ а б Пожайский-Успенский монастырь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Жемайтите 1984.
- ↑ Шереметевский В. В. Гедеон (Виноградов) // Русский биографический словарь : в 25-ти томах. — СПб.—М., 1896—1918. (руск.)
- ↑ Всеобщая история архитектуры 1969, с. 397.
- ↑ Всеобщая история архитектуры 1969, с. 397—398.
- ↑ История искусства 1976, с. 258—259.
- ↑ Paknys Mindaugas. The Frescoes of Saint Bruno of Querfurt in the monastery of the camaldolese order at Pažaislis // Lithuanian historical studies, 2009, 14.
- ↑ Baniulytė Aušra. Italian Intrigue in the Baltic: Myth, Faith, and Politics in the Age of Baroque // Journal of Early Modern History, 16 (2012) 23-52. Pp. 50-51.
Літаратура
правіць- Всеобщая история архитектуры: Западная Европа и Латинская Америка XVII-первая половина XIX вв (руск.). — Изд-во Академии архитектуры СССР, 1969. — Т. 7. — С. 397—398.
- История искусства народов СССР: Искусство конца XVII-XVIII веков (руск.) / Под редакцией А. Ю. Нурок и М. А. Орловой. — М.: Изобразительное искусство, 1976. — Т. 4. — 471 с.
- Даугудис В., Мардоса Й., Жемайтите З. и др. 300 памятников культуры (руск.) / Сост. З. Жемайтите. — Вильнюс: Минтис, 1984. — 270 с.
Спасылкі
правіць- Pažaislio kamaldulių vienuolyno ansamblis Архівавана 19 лістапада 2016. // Kultūros vertybių registras (літ.)