Пажар у Мінску (1809)

(Пасля перасылкі з Пажар у Мінску, 1809)

Пажар у Мінску — буйны пажар, які адбыўся ў Мінску 14 жніўня 1809 года[1].

Пажар пачаўся ў завулках каля гандлёвай плошчы на Траецкай гары і ахапіў больш за 200 дамоў. Пажарнікам ўдалося адвесці агонь ад Траецкага моста, да якога ён прарываўся, і не даць полымю перакінуцца праз Свіслач на цэнтральную частку горада. Тым самым яны выратавалі многіх жыхароў, якія апынуліся ў вогненнай пастцы[1].

Разбурэнні правіць

Падчас пажару выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[2].

Пажар знішчыў драўляны фарны касцёл, найстарэйшую каталіцкую святыню горада, заснаваную, паводле падання, яшчэ ў 1390 г. самім Ягайлам[3], але плябанія і гаспадарчыя пабудовы захаваліся[4]. Набажэнствы з Траецкай Гары былі перанесены ў Мінскі кафедральны касцёл на Высокім рынку і ў невялікую драўляную капліцу на Залатагорскіх могілках[4].

Таксама выгарэла вялікая частка драўляных пабудоў Траецкага манастыра базыліянак, заснаванага ў 1630 годзе. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены Мінскай гарадской бальніцы[5].

Наступствы правіць

Пажар 1809 года прымусіў гарадскія ўлады кардынальна перагледзець палітыку горадабудаўніцтва ў Мінску. Быў распрацаваны праект рэгулярнай перапланіроўкі Траецкай Гары[4], старажытная планіроўка якой захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя[2]. Усе крывыя, вузкія вуліцы, завулкі і тупікі былі выпрастаны і пашыраны[1]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планіроўкі ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён[2]. Таксама было распрацавана палажэнне аб нармаванай забудове з вельмі жорсткімі патрабаваннямі да будаўніцтва дамоў. У цэнтральнай частцы Мінска, Верхнім горадзе, дазваляецца будаваць толькі мураваныя, крытыя дахоўкай дамы[1].

Крыніцы правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць