Пазітывізм
Пазітывізм (фр.: positivisme ад лац.: positives станоўчы) — 1) парадыгмальная гнасеа-метадалагічная устаноўка, паводле якой пазітыўныя веды могць быць атрыманыя як вынік асабліва навуковага (не філасофскага) пазнання; праграмна-сацыянісцкі пафас пазітывізма палягае ў адмове ад філасофіі («метафізікі») ў якасці пазнавальнай дзейнасці, якая валодае ў кантэксце развіцця пэўнанавуковага пазнання што сінтызуе і прагматычным патэнцыялам. 2) у гістарычнай навуцы — напрамак у навуцы XIX—XX стст., арыентаваны на апісанне і сістэматызацыю фактаў, выходны з ідэі адзінства навуковых ведаў і магчымасці ўкаранення ў гістарычнае даследаванне нарматыўных патрабаванняў і метадаў прыродазнаўчых навук. 3) філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спецыяльнай навукі, што абапіраюцца на эмпірычны досвед. Узнік у 1830 — 1840-я гг. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А. Конт. Гістарычнымі папярэднікамі пазітывізму з’яўляюцца Ж. Л. Д'Аламбер, К. А. Сен-Сімон, А. Р. Ж. Цюрго, Д. Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця пазітывізму. 1-ы этап — класічны. Яго галоўныя прадстаўнікі — А. Конт, Э. Літрэ, П. Лафіт, Ж. Э. Рэнан, І. А. Тэн (Францыя), Дж. С. Міль, Г. Спенсер, К. Пірсан (Вялікабрытанія), П. Л. Лаўроў, У. В. Лясевіч, М. К. Міхайлоўскі, М. М. Троіцкі (Расія) і іншыя. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненні ад абстрактна-метафізічных тлумачэнняў павінныя быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццяўляльнымі і карыснымі, а асноўная задача любой навукі і пазнання агулам палягае ў вызнаяэнні сталых і ўстойлівых сувязяў паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Ягоныя тэарэтыкі Р.Авенарыус, Э.Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спецыяльнай тэорыі навуковага пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае высновы ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм (прадстаўнікі — Куайн, Попер, К.Айдукевіч (Польшча),), які ў адрозненні ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцць вынікі звычайнага або пэўна-навуковага мыслення (Аналітычная філасофія и Венскі кружок). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму (Шлык, Карнал, Нэйрат, Ф. Вайсман, Г. Фейгль, В. Крофт, Г. Ган, Ф. Каўфман, Гедэль і іншыя) ў якасці ідэальнага сродку аналітычнай філасофскай дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы пазітывізму далучаліся Л.С.Стэбінг, Дж. Уісдам (Вялікабрытанія), К. Г. Гемпель, Г. Шольц (Германія), Э. Нагель, Ч. Морыс, П. У. Брыджмен (ЗША) і іншыя. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднанных назвай «постпазітывізм», якія надаюць асноўную ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць развязанне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філасофская сістэма пазітывізму паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й паловы XIX ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сацыяльнай тэорыі стала адной з тэарэтычных асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае са звязу навукі і прамысловасці. Паводле пазітывізму, сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязяў, у якія яны ўлучаюцца і якой павінныя падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненнай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для іншых філасофскіх кірункаў (напрыклад, экзістэнцыялізму), механістычных, геаграфічных, расава-антрапалагічных навуковых школ.
Літаратура
правіць- Дубянецкі, С. Ф. Пазітывізм / С. Ф. Дубянецкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 518.
- Методологические проблемы истории: Учебное пособие для студентов, магистрантов и аспирантов исторических и философских специальностей учреждений, обеспечивающих получение высшего образования / В. Н. Сидарцов [и др.]; Под общей редакцией В. Н. Сидорцова. — Мн.: ТетраСистемс, 2006. — С. 314.
- Современная философия науки: Хрестоматия. — М., 1994.
- Трошкина, В. П. Социологическая концепция Огюста Конта. — М., 1984.
- Философия и методология науки. — М., 1996.