Пакланенне вешчуноў (Бацічэлі)

«Пакланенне вешчуноў» — карціна Сандра Бацічэлі, напісаная каля 1475 года. Захоўваецца ў галерэі Уфіцы. Вядома, што Бацічэлі было заказана прынамсі сем версій «Пакланення вешчуноў»[1].

Сандра Бацічэлі
Пакланенне вешчуноў. каля 1475
італ.: Adorazione dei Magi
Матэрыял Дрэва
Тэхніка Тэмпера
Памеры 111 × 134 см
Уфіцы, Фларэнцыя
(інв. 00188564 і 1890 no. 882)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У вобразе вешчуноў Бацічэлі намаляваў трох членаў сямейства Медычы: Козіма Старога, які схіліў калены перад Дзевай Марыяй, выяву якой Вазары ахарактарызаваў, як «лепшую з усіх захаваных, поўную жыццёвай сілы», і яго сыноў — П’ера дзі Козіма (укленчаны вяшчун у чырвонай мантыі ў цэнтры карціны) і Джавані дзі Козіма побач з ім. Усе трое да часу напісання карціны ўжо памерлі, а Фларэнцыяй паспяхова кіраваў унук Козіма — Ларэнца Медычы, таксама намаляваны на карціне разам са сваім братам Джуліяна.

Карціна напісана па заказе заможнага фларэнційца Гаспарэ дзі Дзанобэ дэль Ламы, члена гільдыі мастацтваў і рамёстваў горада Фларэнцыі і прыдворнага Медычы, для яго пахавальнай капліцы ў базіліцы Санта-Марыя-Навела. Лічыцца, што Бацічэлі намаляваў яго справа ў светла-сінім адзенні, ён паказвае на сябе і глядзяць прама на гледача. Аўтапартрэт самога Бацічэлі выкананы ў вобразе бялявага юнака ў жоўтай мантыі каля правага краю карціны. Старанная ўвага да дэталяў, такіх як элементы адзення, паказвае на моцны ўплыў фламандскай школы ў ранні перыяд творчасці мастака.

У «Жыццяпісах найбольш знакамітых жывапісцаў, разьбяроў і дойлідаў» Джорджа Вазары выказаўся пра карціну наступным чынам:

Немагчыма і апісаць усю прыгажосць, укладзеную Сандра ў выявы галоў, павернутых у самых разнастайных ракурсах — то ў фас, то ў профіль, то ў паўпаварот, то, нарэшце, пахіленых, а то яшчэ як-небудзь інакш, — немагчыма таксама апісаць і ўсю разнастайнасць у выразах твараў у юнакоў і ў старых з усімі адхіленнямі, па якіх можна судзіць пра дасканаласць яго майстэрства, — бо нават у світы трох цароў ён унёс столькі адметных рыс, што лёгка зразумець, хто служыць аднаму, а хто — іншаму. Сапраўды твор гэта — найвялікшы цуд, і ён даведзены да такой дасканаласці ў каларыце, рысунку і кампазіцыі, што кожны мастак дагэтуль яму дзівіцца[2].

Зноскі

  1. Adoration of the Magi(недаступная спасылка). Mountain West Digital Library. Utah Academic Library Consortium. Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2013. Праверана 18 студзеня 2022.
  2. Джорджо Вазари. Жизнеописания наиболее знаменитых живописцев, ваятелей и зодчих. — М.: АЛЬФА-КНИГА, 2008.