Паланэз (РСЗА)

РСЗА

«Паланэз» — беларуская рэактыўная сістэма залпавага агню вялікай далёкасці.

Паланэз
Паланэз
Тып: рэактыўная сістэма залпавага агню
Краіна:  Беларусь
Гісторыя службы
Гады эксплуатацыі: з 2016 года
Выкарыстоўвалася:

 Азербайджан
 Беларусь

Войны і канфлікты: Канфлікт у Нагорным Карабаху (2020)[1]
Гісторыя вытворчасці
Канструктар: Ігар Данцоў, Юрый Чорны
Распрацаваны: 2015
Вытворца: Завод дакладнай электрамеханікі
Гады вытворчасці: з 2015 года
Усяго выпушчана: 26 (на 2019 год)
Варыянты: Паланэз-М
Характарыстыкі
Маса, кг: 45 000[2]
Даўжыня, мм: 12 669[3]
Шырыня, мм: 3070
Вышыня, мм: 3025
Экіпаж (разлік), чал.: 3
Калібр, мм: 301
Прыцэльная далёкасць, м: 50 000 м
Максімальная
далёкасць, м:
300 000 м

Упершыню была прадэманстравана 9 мая 2015 года на ваенным парадзе ў гонар Дня Перамогі ў Мінску[4]. 22 жніўня 2016 года яе прынялі на ўзбраенне ў Беларусі[5].

РСЗА «Паланэз» створана беларускімі арганізацыямі абароннага сектара эканомікі і адпавядае найлепшым сусветным аналагам. Кожная баявая машына гэтай сістэмы здольна адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на адлегласці 200 км. Шасі баявых і транспартна-зараджальных машын РСЗА «Паланэз» выраблены на Мінскім заводзе колавых цягачоў[6].

Астатнія характарыстыкі сістэмы невядомыя, аднак, на думку ваенных экспертаў і на падставе знешняга выгляду комплекса, убачанага на парадзе, ён створаны на аснове кітайскай сістэмы Norinco AR3[7] з магчымым выкарыстаннем ракет[8].

Уласцівасці

правіць

Баявая машына РСЗА «Паланэз» змяшчае 8 накіравальных пускавых кантэйнераў і прызначаецца для топагеадэзічнай прывязкі, прыцэльвання і аўтаматызаванага пуску ракет па разлічаных устаноўках. Зараджаная баявая машына вагай 45 тон размяшчаецца на шасі МЗКЦ-7930 і мае далёкасць пуску ад 50 да 300 км. Дакладнасць стральбы складае да 30 метраў кругавога верагоднаснага адхілення (КВА). Разгортванне займае 8 хвілін, залп — 1 хвіліну, перазарадка — 20 хвілін, згортванне — 2 хвіліны. Хуткасць перамяшчэння дасягае 80 км/гадз. Экіпаж налічвае 3 чалавекі[2].

Транспартна-зараджальная машына (ТЗМ) РСЗА «Паланэз» змяшчае 8 перавозных пускавых кантэйнераў і прызначаецца для іх перагрузкі на баявую машыну з дапамогай бартавога крана. Загружаная ТЗМ вагай 45 тон таксама размяшчаецца на шасі МЗКЦ-7930, перамяшчаецца з хуткасцю да 80 км/гадз. і мае экіпаж у складзе 3 чалавек[9].

Гісторыя

правіць

9 мая 2015 года на парадзе ў Мінску ўпершыню паказалі рэактыўнаю сістэму залпавага агню (РСЗА) «Паланэз». Кожная баявая машына РСЗА магла паразіць 8 цэляў на адлегласці да 200 км. Шасі баявых і зараджальных машын РСЗА вырабілі на ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» («МЗКЦ»). Вытворцам самой РСЗА было абароннае прадпрыемства Беларусі[10]. 13 мая 2015 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў пра намер паставіць РСЗА «Паланэз» ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе[11]. 3 лістапада 2015 года А. Лукашэнка наведаў УП «Завод дакладнай электрамеханікі» ў Койданаўскім раёне (Мінская вобласць), дзе выраблялі ракеты РСЗА «Паланэз»[12]. 9 снежня 2015 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1023, якой унёс у Дзяржпраграму інавацыйнага развіцця стварэнне спецыяльнай тэхнікі «Паланэз-ЗДЭМ» цягам 2013—2016 гадоў «Заводам дакладнай электрамеханікі» на суму 159,8 млрд рублёў ($9,83 млн)[13]. 10 снежня 2015 года намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі (ДВПК) Ігар Быкаў паведаміў, што ракеты РСЗА «Паланэз» належалі да класу «зямля-зямля»[14].

4 лютага 2016 года намеснік міністра абароны па ўзбраенні Ігар Лацянкоў заявіў, што выпрабаванні РСЗА «Паланэз» праводзілі ў Кітаі: «Сістэма, баявое разгортванне якой складае не больш за 10 хвілін, час поўнай перазарадкі ўстаноўкі — не больш за 20, а страляе яна адначасова 8 ракетамі, паказала вельмі добрыя вынікі. Таму мае выдатную перспектыву прымянення як у нашай краіне, так і ў якасці экспартнага варыянта. … У бліжэйшы час ужо на тэрыторыі нашай краіны будзе праведзены заключны этап выпрабаванняў, па выніках якога мы плануем да верасня ўключыць адзін дывізіён дадзенага комплекса ў склад 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады» (Асіповічы, Магілёўская вобласць)[15]. 15 лютага 2016 года старшыня ДВПК Беларусі Сяргей Гурулёў паведаміў А. Лукашэнку, што РСЗА «Паланэз» ужо прынялі на ўзбраенне[16]. 10 чэрвеня 2016 года старшыня ДВПК Гурулёў атрымаў акты і пратаколы дзяржаўнага выпрабавання РСЗА «Паланэз», над стварэннем якога працавала звыш 20 устаноў Беларусі[17].

16 чэрвеня 2016 года былі праведзеныя першыя ў Беларусі баявыя пускі ракет РСЗА. Раніцай разлік прыбыў у Гомельскую вобласць, адкуль выпусціў ракету на адлегласць 200 км для паражэння цэлі ў Брэсцкай вобласці. Палёт ракеты праходзіў на вышыні 42 км. Траекторыя пралягла праз 9 раёнаў 2 абласцей Беларусі. 4-восевае шасі «Астролаг» вытворчасці «МЗКЦ» дазволіла перасоўвацца з хуткасцю да 70 км за гадзіну. Выпрабаванне РСЗА «Паланэз» прайшло ў спалучэнні з іншымі беларускімі распрацоўкамі. Радыёлакацыйная станцыя (РЛС) «Усход» суправаджала ракеты ўвесь палёт. Беспілотнікі «Бусел» і «Беркут» забяспечылі відэаназіранне. Сувязь трымалі праз беларускі спадарожнік «БелКА-2». А. Лукашэнка даручыў старшыні Савета міністраў Беларусі Андрэю Кабякову ўзнагародзіць распрацоўніўкаў РСЗА і заявіў, што «гэта вельмі шчаслівы дзень для абароны дзяржавы». Старшыня ДВПК Сяргей Гурулёў заявіў, што РСЗА «Паланэз» — «гэта зброя стрымлівання», і дадаў: «Задача кіраўніком дзяржавы пастаўленая была 2 гады таму. На працягу гэтага часу мы выканалі паэтапна ўсе задачы па распрацоўцы і ходзе выпрабаванняў». Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась адзначыў: «мы ў нашай краіне развілі новую галіну ведаў і новую галіну вытворчасці — ракетабудаванне». У ДВПК Беларусі прызналі, што наперадзе распрацоўка РСЗА з далёкасцю стральбы да 300 км[18]. Адхіленне ракеты РСЗА «Паланэз» ад зададзеных каардынат на найбольшай адлегласці ў 200 км склала менш за 30 метраў[19].

5 ліпеня 2016 года начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сіл Беларусі Генадзь Казлоўскі паведаміў, што «17 ліпеня Узброеныя сілы прымаюць на ўзбраенне гэты комплекс» РСЗА. У дапрацаваным стане РСЗА «Паланэз» прызначалася для паражэння на далечыні ад 50 да 200 км укрытай артылерыі і бранятэхнікі, летакоў на лётнішчах размяшчэння, ракетных комплексаў, у тым ліку зенітных (ЗРК), і жывой сілы[20]. 3 жніўня 2016 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 610 «Аб узнагароджанні Ганаровай граматай…» 2 супрацоўнікаў УП «Завод дакладнай электрамеханікі» — вядучага інжынэра Ігара Данцова і намесніка галоўнага канструктара Юрыя Чорнага — за значны ўклад у стварэнне і паспяховае выпрабаванне айчыннага ракетнага комплекса «Паланэз»[21]. 22 жніўня 2016 года РСЗА прынялі на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных сіл Беларусі, якая знаходзілася ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць). Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Алег Белаконеў удакладніў, што «сістэма „Паланэз“ прызначаная для аснашчэння рэактыўнага дывізіёна брыгады»[5]. На ўрачыстасці прысутнічаў камандзір разліку Максім Яцко, які здзейсніў першы пуск ракеты. Выпушчаная ракета магла манеўраваць супраць збіцця ў паветры[22]. РСЗА размяшчалася на аўтамабільным шасі МЗКЦ-793000-300 з аўтаматычнай каробкай перадач, што мела колавую формулу 8х8[23]. Перад урачыстасцю 77-ы асобны рэактыўны артылерыйскі дывізіён правёў 150-кіламетровы марш са Слуцка (Мінская вобласць), дзе адбываліся апошнія працы на прадпрыемстве-вытворцы. У склад падраздзялення ўвайшоў рухомы загадны пункт батарэі на шасі грузавіка МАЗ-6317[24]. 8 верасня 2016 года ў Палацы незалежнасці А. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды канструктарам і вайскоўцам, якія распрацавалі і паставілі на ўзбраенне РСЗА «Паланэз». У строй прынялі дывізіён РСЗА ў складзе 13 машын, з іх 6 баявых машын[25]. 27—30 верасня 2016 года ў Баку (Азербайджан) «Завод дакладнай электрамеханікі» ўпершыню паказаў РСЗА «Паланэз» за мяжой на 2-й Азербайджанскай міжнароднай абароннай выстаўцы (АМАВ-2016). Азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў наведаў стэнд завода, дзе азнаёміўся з беларускай РСЗА[26].

27 студзеня 2017 года старшыня ДВПК Беларусі Сяргей Гурулёў паведаміў пра намер выпрабаваць у 2017 годзе РСЗА «Паланэз» з далёкасцю да 300 км (В-300) і давесці долю мясцовых складнікаў пры вытворчасці РСЗА да 80 %. Калі «Паланэз» з ракетамі В-200 мог паразіць 8 цэляў на плошчы 10х10 км, то В-300 — на плошчы 20х20 км[27]. 20 мая 2017 года ў Мінску адкрылася Міжнародная выстава ўзбраення і вайсковай тэхнікі (МВУВТ), на якой прадставілі РСЗА «Паланэз»[28]. Прылады кіравання і навядзення «Паланэзу» былі беларускай вытворчасці[29]. 1 чэрвеня 2017 года на лётнішчы «Ліпкі», што знаходзіцца на ўсходзе Мінскага раёна, размясцілі 9 машын РСЗА «Палянэз» са складу 77-га дывізіёна 336-й артылерыйскай брыгады для падрыхтоўкі да парада. З іх 6 машын павінны былі ўдзельнічаць у парадзе, у тым ліку баявыя, зараджальныя і кіраўнічыя машыны[30]. 3 ліпеня 2017 года дывізіён РСЗА, якога хапала для знішчэння 48 цэляў, прыняў удзел у парадзе[31]. 26 кастрычніка 2017 года Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь паведаміла пра выпрабаванне РСЗА «Паланэз» у Гомельскай вобласці з баявымі пускамі на 300 км[32]. 19 лістапада 2017 года абноўленую РСЗА паказалі на святкаванні Дня артылерыста ў Лашанскім сельсавеце Мінскага раёна. Пультам кіравання ажыццяўлялі разгортванне РСЗА і пуск ракеты. Шасі мела гідрапнеўматычную падвеску для павышэння праходнасці па бездаражы. У разлік уваходзілі машына дастаўкі з 8 ракетамі і аўтамабіль кіравання з магчымасцю сувязі на адлегласці да 50 км[33]. 24 лістапада 2017 года начальнік ракетных войскаў і артылерыі УС Беларусі Генадзь Казлоўскі заявіў: «Пакуль комплекс „Паланэз-М“ яшчэ не прыняты на ўзбраенне, але дзяржаўныя выпрабаванні завяршаюцца. Баявы пуск ракеты на 300 км адбыўся вельмі добра, адхіленне ад цэлі склала ўсяго 19,3 метра. Для такой далёкасці гэта выдатны вынік. Ракета была выпушчана ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці і трапіла ў цэль у Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць). Комплекс універсальны: можа прымаць ракеты як 200-кіламетровай, так і 300-кіламетровай далёкасці. У перспектыве плануем прымяняць з гэтага комплексу аператыўна-тактычную ракету кшталту „Іскандэра“»[34]. 30 лістапада 2017 года прадстаўнік ДВПК Уладзімір Лаўранюк паведаміў, што камісія ДВПК Беларусі зацвердзіла акт прыёмкі доследна-канструктарскай працы (ДКП) УП «Завод дакладнай электрамеханікі» па мадэрнізацыі РСЗА «Паланэз» да ўзроўню «Паланэз-М» з далёкасцю стральбы да 300 км. Лаўранюк адзначыў, што ў выніку дапрацоўкі колавага шасі МЗКЦ-7930-313 для размяшчэння ўзбраення РСЗА вырасла яго грузападымальнасць і дадалі абсталяванне жыццезабеспячэння асабістага складу[35]. Ракета з далёкасцю 300 км была на 20 см даўжэй за ракету з далёкасцю 200 км. На снежань 2017 года заключылі кантракт на пастаўку РСЗА «Паланэз» у Азербайджан[29].

 
Новая ракета для РСЗА «Паланэз» вагай 480 кг (Мінская выства ўзбраення, 17 мая 2019 г.)

31 студзеня 2018 года старшыня ДВПК Беларусі Алег Двігалёў адзначыў, што ў гэтым годзе стаіць задача па экспарце РСЗА «Паланэз» у дзяржавы СНД і больш далёкія краіны[36]. 14 лютага 2018 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што ў дапрацаванай РСЗА «Паланэз» вырасла хуткасць ракеты з далёкасцю 300 км: «Новая ракета ляціць з хуткасцю 5 Мах — не існуе сродкаў, здольных збіць такую ракету»[37].

22 лютага 2018 года А. Лукашэнка выказаў удзячнасць кітайскаму боку за дапамогу ў распрацоўцы РСЗА «Паланэз» і заўважыў: «Гэтая сістэма перасягнула нашыя чаканні. Яна ўжо сёння карыстаецца попытам замежных дзяржаў. І мы пачалі вытворчасць гэтай вельмі дарагой зброі для некалькіх дзяржаў свету, аснашчаючы і сваю армію»[38]. 5 красавіка 2018 года ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін заўважыў наконт РСЗА «Паланэз»: «Ракета, змяняючы курс, ляціць на вышыні каля 50 км, пікіруе на цэль амаль вертыкальна, дасягаючы хуткасці 5500-6000 км/г. Гэта дазваляе аднесці боепрыпас да гіпергукавой зброі. У дадатак ён устойлівы да перашкодаў. Сродкаў СПА/ПРА, здольных паразіць такі снарад, сёння ў свеце не існуе»[39]. 18 красавіка 2018 года стала вядома пра заказ урадам Азербайджана першай пастаўкі 10 камплектаў РСЗА, што ўключала ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіравання і радыёлакацыйныя станцыі (РЛС)[40]. 2-4 мая 2018 года на палігоне Сары-Шаган у Казахстане (Карагандзінская вобласць) прайшло сумеснае камандна-штабное вучэнне ракетных войск і артылерыі Узброеных сіл Беларусі і Казахстана з баявымі пускамі ракет РСЗА «Паланэз»[41]. 11 чэрвеня 2018 года РСЗА «Паланэз» паступілі ва Узброеныя сілы Азербайджана[42]. 4 ліпеня 2018 года Міністэрства абароны Беларусі прадставіла 38 прадстаўнікам 19 дзяржаў-удзельніцаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе баявую машыну РСЗА «Паланэз» з ракетамі 200-кіламетровай далёкасці В-200 (В-200 БМ «Паланэз»). 5 ліпеня замежным прадстаўнікам паказалі саму РСЗА ў размяшчэнні 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, што знаходзілася ў Першамайскім раёне Мінска (Усходні ваенны гарадок). Азнаямленне з РСЗА адбылося ў адпаведнасці з Венскім дакументам «Аб умацаванні даверу і бяспекі ў Еўропе» ад 30 лістапада 2011 года[43]. 17 ліпеня 2018 года выпрабавалі колавае шасі МЗКЦ-7930-313 з гідрамеханічнай перадачай (ГМП), створанае для мадэрнізаванай РСЗА «Паланэз-М». Яго вырашылі выкарыстаць у якасці транспартнай і прывадной базы для баявой і транспартна-зараджальнай машын (ТЗМ) — вырабаў В-300БМ і В-300ТЗМ. У ДВПК Беларусі адзначылі, што пасля дапрацоўкі паветра ў кабіне падаграецца ад ахаладжэння рухавіка, а ахалоджваецца кандыцыянерам. Узімку прадугледзелі незалежны абагравальнік. Прылада праветрывання ачышчала паветра і стварала залішні ціск у кабіне. У ДВПК дадалі, што на шасі ўсталявалі паліўныя бакі павялічанай ёмістасці. Радыятары ГМП і рухавіка ўсталявалі паралельна. Канструкцыю бункераў змянілі для адводу нагрэтага паветра, што ахалоджвала радыятары ГМП і рухавік. У раздатачнай каробцы павялічылі перадатачную колькасць паніжальнай перадачы, што павысіла праходнасць і цягавітасць ГМП. Таксама павысілі грузападымальнасць і знізілі металаёмістасць шасі за кошт узмоцненай рамы з высокатрывалай сталі і падвескі з узмацняльнымі элементамі ў папярочных рычагах. Шыны абсталявалі сігналізацыяй праколу і рэгулятарам ціску паветра. Колавае шасі МЗКЦ-7930-313 магло абсталёўвацца бартавой інфармацыйна-кіравальнай сістэмай (БІКС) і дадатковым тормазам-запавольнікам для руху на зацяжным горным спуску[44]. 27 верасня 2018 года ў Азербайджан прыбыла новая партыя РСЗА «Паланэз» з 301-міліметровымі ракетамі далёкасцю ад 50 да 300 км. РСЗА паставілі паводле міжурадавага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанам[45]. 23 кастрычніка 2018 года сакратар Савета бяспекі Узбекістана Віктар Махмудаў сустрэўся з А. Лукашэнкам у Мінску, дзе выказаў зацікаўленасць у РСЗА «Паланэз»[46]. 13 снежня 2018 года на 14-й сустрэчы з рэгіянальнымі журналістамі Расіі А. Лукашэнка заявіў, што нават з улікам продажу «Паланэза» Беларусь не ўваходзіць у першую тройку краін, якія прадаюць зброю Азербайджану[47].

1 сакавіка 2019 года А. Лукашэнка заявіў: «аб ракетнай зброі „Паланэз“, якую мы стварылі не з Расіяй, а з Кітайскай Народнай Рэспублікай дзякуючы Сі Цзіньпіну, які выдзеліў нам крэдыт наогул, лічыце, пад нуль працэнтаў. Разам з кітайскімі спецыялістамі мы пачалі вытворчасць „Паланэзаў“. Цяпер нашыя спецыялісты працуюць над ракетай новага пакалення, усё роўна база гэта была кітайская»[48]. 15 мая 2019 года беларускія ракетчыкі выканалі баявыя пускі з РСЗА «Паланэз» на 300 км на казахстанскім палігоне Сары-Шаган[49]. 16 мая 2019 года на Мінскай выстаўцы ўзбраення паказалі новую ракету для «Паланэза», баявая частка якой важыла 480 кг і магла быць аскепкава-фугаснай, бетонабойнай і касетнай. На пускавой машыне змяшчаліся 2 такія ракеты, што разам важылі менш за блок з 8 ракет калібрам 300 міліметраў[50].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Степанакерт обстреливают «Полонезы» и «Смерчи» (руск.). Regnum.ru (11 чэрвеня 2018). Праверана 4 кастрычніка 2020.
  2. а б "Баявая машына РСЗА «Паланэз»". ААТ «Волатаўта». 2019. Архівавана з арыгінала 19 красавіка 2021. Праверана 17 ліпеня 2019.
  3. "Шасі МЗКЦ-7930-300". ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў». 2019. Праверана 15 ліпеня 2019.
  4. Найноўшыя беларускія сістэмы залпавага агню "Паланэз" упершыню былі паказаны на парадзе ў Мінску. Грамадства. БелТА (9 мая 2015). Праверана 11 чэрвеня 2018.
  5. а б Эдуард Мартынюк (22 жніўня 2016). "«Паланэз» прынята на ўзбраенне беларускай арміі". БелТА. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 12 ліпеня 2019.
  6. Аляксандр Гелагаеў.. Першая беларуская РСЗА «Паланэз» можа адкрыць новую старонку ў беларускім ВПК. Наша Ніва (8 мая 2015). Праверана 11 кастрычніка 2015.
  7. Кітай забяспечвае Беларусь вайсковымі тэхналогіямі?(недаступная спасылка). ПалітыкаПалітык. Belarus today (22 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 11 кастрычніка 2015.
  8. Денис Лавникевич.. Полонез с китайским акцентом (руск.)(недаступная спасылка). Belarus Security Blog (9 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2021. Праверана 11 кастрычніка 2015.
  9. "Транспартна-зараджальная машына РСЗА «Паланэз»". ААТ «Волатаўта». 2019. Архівавана з арыгінала 19 красавіка 2021. Праверана 17 ліпеня 2019.
  10. "Найноўшыя беларускія сістэмы залпавага агню «Паланэз» упершыню былі паказаныя на парадзе ў Мінску". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 9 мая 2015. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 15 ліпеня 2019.
  11. Васіль Малашэнкаў (13 мая 2015). "Беларускія сістэмы залпавага агню «Паланэз» плануецца паставіць на ўзбраенне ў 2016 годзе - Раўкоў". БелТА. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 15 ліпеня 2019.
  12. Святлана Саўко (3 лістапада 2015). "Лукашэнка: Беларусь у ваеннай сферы будзе і ў далейшым прытрымлівацца толькі абарончай стратэгіі". БелТА. Архівавана з арыгінала 9 ліпеня 2019. Праверана 15 ліпеня 2019.
  13. Андрэй Кабякоў (12 снежня 2015). "Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2015 г. № 1023 «Аб унясенні зменаў у Пастанову Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2011 г. № 669»" (PDF)(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 17 ліпеня 2019.
  14. "Беларусі эканамічна не выгадна распрацоўваць свае пісталеты і аўтаматы - Быкаў". БелТА. 12 снежня 2015. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 15 ліпеня 2019.
  15. Зміцер Умпіровіч, «СБ» (5 лютага 2016). "Беларусі эканамічна не выгадна распрацоўваць свае пісталеты і аўтаматы - Быкаў". Газета «Наша Гіва». Праверана 15 ліпеня 2019.
  16. "Беларускія ваенныя разлічваюць у 2016-2017 гадах стварыць ракетны комплекс далёкасцю больш як 200 км". БелТА. 15 лютага 2016. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 12 ліпеня 2019.
  17. "У Беларусі завяршыліся выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз»". Еўрарадыё. 11 чэрвеня 2016. Праверана 15 ліпеня 2019.
  18. Тэлеканал «Беларусь 1» (16 чэрвеня 2016). "У Беларусі ўпершыню праведзеныя баявыя пускі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 15 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  19. Тэлеканал «Беларусь 1» (16 чэрвеня 2016). "Паспяховыя выпрабаванні новага ракетнага абсталявання «Паланэз»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 12 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  20. "«Паланэз» паступіць на ўзбраенне беларускай арміі ў ліпені". БелТА. 5 ліпеня 2016. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 12 ліпеня 2019.
  21. Андрэй Кабякоў (6 жніўня 2016). "Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2016 г. № 610 «Аб узнагароджанні Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь»" (PDF). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Архівавана з арыгінала (PDF) 9 ліпеня 2019. Праверана 12 ліпеня 2019.
  22. Сяргей Нікановіч. «Паланэз» на варце Айчыны // Звязда : газета. — 24 жніўня 2016. — № 162 (28272). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  23. "РСЗА «Паланэз» паступіла ва Узброеныя сілы Беларусі". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 22 жніўня 2016. Праверана 12 ліпеня 2019.(недаступная спасылка)
  24. Аляксандр Гелагаеў (24 жніўня 2016). "«Самая магутная наша зброя»: першыя фота з дывізіёна, які ўзброіўся ракетнымі комплексамі «Паланэз»". Газета «Наша Ніва». Праверана 15 ліпеня 2019.
  25. Аляксей Адашкін, тэлеканал «Беларусь 1» (8 верасня 2016). "У Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 12 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  26. "РСЗА «Паланэз» стала галоўным экспанатам абароннай выстаўкі АМАВ 2016 у Баку". БелТА. 28 верасня 2016. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 15 ліпеня 2019.
  27. "Беларускі «Паланэз» павялічыў сваю дасягальнасць да 300 км". Радыё «Рацыя». 27 студзеня 2017. Праверана 15 ліпеня 2019.(недаступная спасылка)
  28. "Міжнародная выстава МІЛЭКС-2017 адкрылася ў Мінску". Радыё «Спадарожнік». 20 мая 2017. Праверана 15 ліпеня 2019.
  29. а б Андрэй Паротнікаў (14 снежня 2017). "Пра «Паланэз», які не танчыць". Радыё «Рацыя». Праверана 15 ліпеня 2019.(недаступная спасылка)
  30. Вераніка Канюта. На танку Перамогі — нашчадак пераможцы // Звязда. — 2 чэрвеня 2017. — № 103 (28467). — С. 1, 4.
  31. Аляксандр Смірноў, тэлеканал «Беларусь 1» (3 ліпеня 2017). "Святкаванне Дня Незалежнасці атрымалася сапраўды грандыёзным". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 12 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  32. Тэлеканал «Беларусь 1» (26 кастрычніка 2017). "Мадэрнізаваную вэрсію РСЗА «Палнэз» выпрабавалі ў Гомельскай вобласці". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 15 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  33. Аляксандар Камовіч, тэлеканал «Беларусь 1» (19 лістапада 2017). "Найноўшыя распрацоўкі ваенна-прамысловага комплексу. Легендарныя «Паланэзы»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 15 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  34. Вераніка Канюта. Перадавая зброя — у руках прафесіяналаў // Плацдарм. — 25 лістапада 2017. — № 11 (74). — С. 5.
  35. Вячаслаў Будкевіч (30 лістапада 2017). "Зацверджаны акт прыёмкі чарговага этапа доследна-канструктарскай працы па стварэнні РСЗА «Паланэз-М»". БелаПАН. Праверана 15 ліпеня 2019.
  36. Тэлеканал «Беларусь 1» (31 студзеня 2018). "У Дзяржкамваенпраме ацанілі работу ў 2017-м і вызначыліся з задачамі на год бягучы". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 12 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  37. "Далёкасць стральбы «Паланэзаў» вырасла на 100 кіламетраў, хуткасць ракеты павялічылася — яе немагчыма збіць". Партал «Наша Ніва». 14 лютага 2018. Праверана 15 ліпеня 2019.
  38. Міхаіл Маціеўскі (23 лютага 2018). "Лукашэнка расказаў аб найноўшым узбраенні, якое пастаўляецца ў армію Беларусі". БелТА. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 15 ліпеня 2019.
  39. Аляксандр Алесін, «Беларускія навіны» (5 красавіка 2018). "«Іскандэры» супраць «Патрыётаў». Ці атрымаецца Беларусі захаваць сваё неба мірным". Газета «Новы час». Праверана 15 ліпеня 2019.
  40. Аляксандра Джорджавіч, Кірыл Крывашэеў і Іван Сафронаў (18 красавіка 2018). "«Камерсант» напісаў пра першы продаж за мяжу беларускіх «Паланэзаў»". Партал «Наша Ніва». Праверана 15 ліпеня 2019.
  41. Вячаслаў Будкевіч (2 мая 2018). "Беларусь паказвае «Паланэз» на вучэннях у Казахстане". БелаПАН. Праверана 15 ліпеня 2019.
  42. "Прэзідэнт Азербайджана і беларускія сістэмы залпавага агню «Паланэз»". Еўрарадыё. 11 чэрвеня 2018. Праверана 15 ліпеня 2019.
  43. "Прадстаўнікі краін АБСЭ азнаёміліся з найноўшым узбраеннем беларускай арміі". БелТА. 4 ліпеня 2018. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 12 ліпеня 2019.
  44. "Удасканаленае шасі для сістэмы «Паланэз-М» паспяхова вытрымала дзяржвыпрабаванні". БелТА. 17 ліпеня 2018. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 12 ліпеня 2019.
  45. "У Азербайджан прыбыла новая партыя беларускіх «Паланэз»". Еўрарадыё. 28 верасня 2018. Праверана 15 ліпеня 2019.
  46. Тэлеканал «Беларусь 1» (23 кастрычніка 2018). "Прэзідэнт Беларусі правёў сустрэчу з сакратаром Савета бяспекі Узбекістана". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  47. Надзея Анісовіч, Марыя Дадалка, Вольга Мядзведзева. Шчырая размова па сутнасці // Звязда. — 14 снежня 2018. — № 242 (28858). — С. 1, 2-3.
  48. Аліна Грышкевіч (1 сакавіка 2019). "Лукашэнка: Кітай - надзейны партнёр, які заўсёды падстаўляе плячо Беларусі". БелТА. Архівавана з арыгінала 11 красавіка 2021. Праверана 13 ліпеня 2019.
  49. Тэлеканал «Беларусь 1» (15 мая 2019). "На палігоне ў Казахстане беларускія ракетчыкі выканалі баявыя пускі з сістэмы «Паланэз»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 ліпеня 2019.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  50. Вадзім Заміроўскі (16 мая 2019). "Як у расійскага «Іскандэра»: для «Паланэза» распрацавалі новую ракету"(руск.). Tut.by. Архівавана з арыгінала 20 кастрычніка 2020. Праверана 22 верасня 2019.

Спасылкі

правіць