Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля)

Палацава-паркавы комплекс Горватаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму сярэдзіны XIX ст., размешчаны з паўночна-ўсходняга боку г. Нароўлі (Нараўлянскі раён) на правым беразе ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1850 г. уладальнікам вакольных зямель заможным дваранінам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) як прыватная рэзідэнцыя і цэнтр вялізнага нараўлянскага маёнтка і належаў роду Горватаў да 1918 г., пакуль не быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Горватам. Быў самай шыкоўнай рэзідэнцыяй з усіх, якія належалі Горватам, меў прадметы мастацтва еўрапейскага значэння, і з'яўляўся адной з самых шыкоўных і значных дваранскіх сядзіб у Мінскай губерні Расійскай імперыі. У савецкі час у палацы месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку), у часы Другой сусветнай вайны — нямецкая камендатура, пасля вайны — беларускамоўная школа, пазней школа-інтэрнат, з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[2].

Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Naroŭla, Horvat. Нароўля, Горват (1914).jpg
Палац Горватаў на фотаздымку пач. XX ст.
51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Горад Нароўля
Архітэктурны стыль позні класіцызм; альтанка-маяк пры палацы — у стылі ампір
Архітэктар дакладна невядома; пры ўдзеле жонкі заснавальніка — Іфігеніі Горват (з роду Ратынскіх)
Заснавальнік Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868)
Будаўніцтва 1850
Будынкі
палац • фантан • гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы • альтанка • парк
Вядомыя жыхары Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868); Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903); Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935); Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911)[1]; Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928); Андрэй Раствароўскі (1899—1980)
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000536шыфр 312Г000536
Стан руіны
Лагатып Вікісховішча Палацава-паркавы комплекс Горватаў на Вікісховішчы

Аўтар праекта і будаўніцтваПравіць

Дакладна не вядома, хто з'яўляецца архітэктарам праекта палаца. Аднак захавалася інфармацыя, што ў аздабленні палацавых пакояў прымала ўдзел сама жонка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) — Іфігенія Горват (з роду Ратынскіх), якая мела вялікую прыхільнасць да мастацтва і з веданнем справы падыходзіла да дэкарыравання інтэр'еру палаца.

АрхітэктураПравіць

 
Інтэр’ер палаца ў пачатку XX ст.

Палац уяўляе сабой двухпавярховы будынак з умацаванымі сценамі таўшчынёй да 1 метра. Па цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў плоскія рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Вуглы дваровага фасада фланкіраваныя гранёнымі эркерамі. Развітыя лесвіцы ў мінулым падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Плоскасць сцен другага паверху па ўсім перыметры ўпрыгожана пілястрамі. Галоўны фасад завершаны прамавугольным атыкам, на якім раней быў надпіс: "DIH 1850 г. " (абазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H). На цокалях паўднёвага фасада ляжалі бронзавыя львы, якія былі схаваны пад час нямецкай акупацыі ў 1941 г. і да нашага часу не знойдзены. На цокалях паўночнага фасада ляжалі сфінксы.

Планіроўка калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. У афармленні інтэр’ера выкарыстаныя арачныя нішы. Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія адносіны з гаспадарамі сядзібы, аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

ПаркПравіць

 
Вароты

Парк пейзажнага тыпу плошчай 8,2 га быў разбіты адначасова з будаўніцтвам палаца і канчаткова сфармаваўся да 1870 г. У парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэў: дуб, ясень, ліпа, елка, сасна. Пераважаюць маладыя пасадкі. Кампазіцыйна ён падзелены на два ўчасткі насаджэннямі граба. У паўднёвай частцы знаходзіцца палац, перад якім арганізаваны вялікі круглы газон. Па восі палаца размешчаны выязныя вароты, пабудаваныя з цэглы па праекце Тадэвуша Раствароўскага. Ад іх на працягу 1,5 км у паўднёвым напрамку пралягае часткова ацалелая алея італьянскіх таполяў (зараз вул. Кастрычніцкая). Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да сядзібы і была арыентавана на поўнач з выгінам на ўсход. Прыблізна пасярэдзіне яе была стайня, дзе трымалі коней для выездаў.

Раней на месцы, дзе зараз размяшчаецца стадыён, быў стаў. Існуе легенда, што ў ім патанула адзіная дачка Д. Горвата. Няўцешны бацька загадаў засыпаць вадаём і засеяць гэтае месца травой.

 
Альтанка-маяк
 
Капліца

У свой час парк быў насычаны элементамі малых архітэктурных форм. У паўночнай частцы парку працякае рэчка Нараўлянка, уздоўж якой пракладзена дарожка да своеасаблівай паркавай альтанкі. Альтанка ўяўляе сабой трох'яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне, зробленае ў выглядзе маяка ў стылі ампір. Ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздоблены 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордара, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш. З альтанкі адкрываўся від на месца ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць. У гэтай частцы парку размяшчалася капліца-пахавальня. Да нашага часу тут захавалася каменнае надмагілле аднаго з членаў сям'і Горватаў. У парку каля берага была каталіцкая капліца.

 
Фантан

Шырокая лесвіца з боку фасада палаца, арыентаванага на р. Прыпяць, вядзе да тэрасы, на якой размяшчаўся фантан, пабудаваны ў стылі ампір. Фантан уяўляе сабой басейн са скругленымі вугламі, з двух бакоў абрамлены паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манументальнымі тронамі на ляпных ільвіных лапах. Па цэнтры басейна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.

На паўночным усходзе ад сядзібы размяшчаўся ружоўнік, на захадзе – лядоўня і аранжарэя. У палацава-паркавы ансамбль уваходзяць таксама некаторыя былыя гаспадарчыя пабудовы.

ГісторыяПравіць

У 1876 г. на тэрыторыі парку нараўлянскага палаца Горватамі быў пахаваны дваранін-каталік Андрэй Ліневіч (1814—1876), адміністратар нараўлянскага маёнтка Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903)[3].

У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы пражываў[1] выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[4].

Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі быў месцам, куды неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) неафіцыйна з'ехаліся каля 60 самых уплывовых дваран-землеўласнікаў, каб (паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага) абмеркаваць і дамовіцца, як дзейнічаць на выбарах у парламент Расійскай імперыі[5], таму жанчыны з палаца выехалі на той час у маёнтак Вадовічы, а дзеці — у маёнтак Рудакоў[5].

Кандытарская фабрыкаПравіць

 
Гістарычныя будынкі кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» з чырвонай цэглы

У 1913 г. на тэрыторыі сядзібы Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў кандытарскую фабрыку. У савецкія часы фабрыка была нацыяналізавана ўладамі без кампенсацыі Горватам і атрымала назву «Чырвоны Мазыранін». Да цяперашняга часу на тэрыторыі фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» захаваліся вытворчыя будынкі фабрыкі Эдварда Горвата, зробленыя з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рысы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы).

Продаж руін будынка былога палаца і рэстаўрацыяПравіць

Звяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват (нар. у 1983 г.) з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата)[6], нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.

 
Будынак палаца Горватаў у Нароўлі на беразе Прыпяці. Фота 2012 г.

Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў[7]. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічала падлога і вокны.

12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[8] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[2]. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка былога палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[9][10][11].

У мастацтвеПравіць

Дзесьці пасля 1949 г. Мечыслаў Ялавецкі (1876—1963) малюе акварэль «Нароўля. Палац над Прыпяцю. Мазырская зямля, Палессе»[12].

У 2009 г. Адам Глобус (нар. 1958) малюе карціну «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка Чырвоны мазыранін»[13].

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць