Жамыслаўская сядзіба
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі раён) на левым беразе р. Гаўя.
Славутасць | |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх | |
---|---|
![]() | |
54°07′56″ пн. ш. 25°45′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Жамыслаўль |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Будаўніцтва | XVIII ст. — 1877 |
Будынкі | |
палац • дзве афіцыны • лядоўня • будаўнічы склад | |
Статус |
![]() |
![]() |
Гісторыя
правіцьФарміраванне сядзібы пачалося з другой паловы XVIII ст.
У 1807 г. маёнтак з драўлянай сядзібай у Антона Нестара Кеневіча купіў Якуб Умястоўскі (памёр у 1809 г.). У 1828 г. яго сын Казімір Якубавіч Умястоўскі па баках набытай аднапавярховй драўлянай гасподы, збудаванай у стылі барока, ставіць два мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася аднна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (скончаны ў 1877 г.), які існуе і цяпер.
Па смерці бацькоў сядзібу ў спадчыну атрымаў Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі (1834—1905). У 1855 годзе ён пабудаваў новы бровар. Вырабленую тут гарэлку экспартавалі за мяжу. Гадавалі пчол, а з мёду выраблялі старапольскую медавуху. Аднак граф страга прытрымліваўся забароны піць алкаголь ў Жамыслаўлі. Экспартным матэрыялам была таксама і драўніна з клявіцкіх і жамыслаўльскіх лясоў. Бярвёны транспартаваліся на высокі бераг р. Гаўя, адкуль іх скочвалі ў ваду. Далей бярвёны сплаўлялі па р. Нёман, потым звязвалі ў плыты і сплаўлялі да Мастоў. Была адчынена лесапільня пад назвай «Стэла», якая спачатку прыводзілася ў рух з выкарыстаннем энергіі вады з рэчкі, а пазней — пры дапамозе лакамабіля. На лесапільне выраблялі дошкі і гонты. Пры млыне ўзніклі ганчарня і валюш. На дабраўлянскай цагельні выраблялася цэгла і чарапіца пры дапамозе машын, выпісаных з Францыі. Быў пабудаваны вялікі склад для машын і сельскагаспадарчай тэхнікі. Зямля давала добры ўраджай. Тут раслі: амерыканскае высовае жыта з поўным коласам, авёс, канюшына, лубін, сырадэля, гарох, розныя сарты бульбы і іншае. Ствараліся таксама доследныя палеткі, на якіх выпрабоўваліся новыя разнавіднасці раслін.
Пад канец ХІХ ст. гаспадар аддае сядзібу пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.
Падчас нямецкай акупацыі ў ходзе Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе ў сядзібе стварылі курорт.
-
Драўляная сядзіба, Альбрэхт Адам, 1812
-
Палац. Н. Орда, XIX ст.
-
Палац з іншага боку
-
Палац, 1916
-
Палац у міжваенны час
Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчалася ўпраўленне калгасу, пошта, клуб, бібліятэка. Будынак пуставаў з 2006 года.
У 2012 годзе палац гарэў, агонь знішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс купіў бізнэсовец з Іарданіі, але знік, нічога не зрабіўшы. У 2017 сядзібу купіў беларускі бізнэсовец Міхаіл Глінскі, які паходзіць з месцаў непадалёк ад Жамыслаўля. Ён пачаў працы ў будынку, расчысціў парк побач з палацам.
Архітэктура
правіцьЗахаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і две сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883).
Палац
правіцьПалац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII ст. «Лазенкі», верагодна, паводле праекту архітэктара Л. Марконі. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У рашэнні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордар, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прамавугольных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб'ём апяразаны балюстрадамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.
Гаспадарчыя пабудовы
правіцьЗ гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.
Парк
правіцьПарк пейзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 г. французскім садоўнікам Джэймсам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён вастралісты Шведлера, бяроза далекарлійская, ясень пенсільванскі і інш.
Жамыслаўскі ясень
правіцьУнікальны ясень быў часткай жывапіснага афармлення параднай часткі парку, якая адкрывалася перад палацам, і, мяркуючы па ягоным узросце, быў адным з тых першых дрэваў, высаджаных яшчэ французам Ямайсам. Ахоўваўся як батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. З'яўляўся рэдкай для Беларусі формай ясеню пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia' ) з жоўта-плямістым лісцем, якое падобнае да лісця пярэстай аўкубы японскай, папулярнай хатняй расліны. Вышыня дрэва складала каля 17 м. Каштоўная дэкаратыўная парода атрымала ахоўны статус у 1972 годзе.
Ураган зламаў дрэва ў ліпені 2024 года. Наступнае абследаванне стану помніка прыроды паказала, што аб'ект страчаны. У выніку ўраганнага ветру была адламаная бакавая галіна з часткай драўніны асноўнага ствала, а ў месцы разлому, па ўсёй даўжыні ствала дрэва было паражонае стрыжнёвай гніллю. Па выніках абследавання вырашана зняць ахоўны статус з дрэва[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жамыслаўская сядзіба
- Жамыслаўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Жамыслаўская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сайт местечка Жемыславль // zhemyslavl.narod.ru
- Жамыслаўская сядзіба на сайце «Архіварта»