Палац воднага спорту (Мінск)
Палац воднага спорту — спартыўны комплекс у Мінску, размешчаны па вуліцы Сурганава, 2А.
Палац воднага спорту | |
---|---|
Месцазнаходжанне | Мінск |
Пабудаваны | 1967 |
Архітэктар | Вольга Барысаўна Ладыгіна |
Умяшчальнасць | 1200 чал. |
Пабудаваны ў 1967 годзе па праекце архітэктара В. Ладыгінай як Рэспубліканскі водна-спартыўны камбінат імя 50-годдзя Камсамола Беларусі. Адзін з найбольшых комплексаў падобнага тыпу ў краіне. Уключае Палац воднага спорту з трыма басейнамі (агульная плошча 1650 м²) і трыбунамі на 1,2 тыс. гледачоў, два адкрытыя басейны (агульная плошча 3600 м²), аздараўленчы комплекс, які мае лазні з парыльнямі і адкрыты басейн (плошча 900 м²).
Архітэктура
правіцьАрхітэктура ансамбля сведчыць аб імкненні аўтара адысці ад кампазіцыйных канонаў, вылучаецца кантрастным супастаўленнем аб’ёмаў і адкрытай прасторы, выкарыстаннем колеру, раскрыццём інтэр’ераў Палацу і злучэннем іх з вонкавым асяроддзем. Палац воднага спорту (аб’ём каля 70 тыс. м³) — прастакутнае ў плане збудаванне, вырашана ў лаканічных архітэктурных формах, гарманічна спалучаецца з крывалінейным абрысам адкрытых басейнаў і прылеглым паркам імя Чалюскінцаў. Аб’ёмна-прасторавая структура адпавядае функцыянальнаму прызначэнню аб’екту. Выкарыстанне металічных зварных крывалінейных бэлек пралётам 34 м дало магчымасць перакрыць вялікую прастору збудавання. Кампазіцыя фасада, арыентаванага на вул. Сурганава, заснаваная на рытме жалезабетонных пілонаў пераменнага сячэння.
На добраўпарадкаванай тэрыторыі спартыўныя пляцоўкі, месцы для адпачынку.
Літаратура
правіць- С. Дз. Філімонаў. Водна-спартыўны камбінат // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.