Палескае паўстанне (1918—1919)

(Пасля перасылкі з Палескае паўстанне 1918-1919)

Палескае паўстанне (19181919) — паўстанне пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі супраць перадачы шэрагу раёнаў Брэстчыны і Гомельшчыны пад уладу Украінскай Народнай Рады, потым Пятлюры.

Палескае паўстанне
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Расіі
Дата 1918 — люты 1919
Месца Палеская акруга
Прычына Стварэнне савецкай рэспублікі
Вынік Паўстанне было задушана польскай арміяй
Праціўнікі
Сцяг СССР Бальшавікі Сцяг Украіны УНР
Сцяг Польшчы Польшча
Сцяг Расіі Белая армія
Сілы бакоў
Сцяг СССР Рыгор Астроўскі
Сцяг СССР Ігнат Дзікавіцкі
Сцяг СССР Фёдар Казубоўскі
Сцяг СССР Аляксей Карась
Сцяг РСФСР Аляксандр Ільін
Сцяг Украіны Антон Бахенскі
Сцяг Польшчы Антоній Лістоўскі
Сцяг Расіі Ян Гедройц
Страты
10 000 чал. невядома

Ход паўстання правіць

У кастрычніку 1918 г. у раёне Лунінец — Ганцавічы — Целяханы — Лагішын — Пінск — Сарны дзейнічала шмат узброеных партызанскіх атрадаў, якія змагаліся супраць нямецкіх акупантаў і ўкраінскіх нацыяналістаў. Былі створаны цэнтральны Палескі і валасныя рэўкомы. Да канца 1918 г. партызанскія атрады аб’ядналіся ў паўстанцкія палкі: 2-і Палескі (камандзір Ф. А. Казубоўскі), 1-ы Палескі (камандзір А. Ф. Разановіч), 1-ы Дубровіцкі (камандзір М. Я. Ляскавец). Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі Лунінецкі рэўком заключыў пагадненне з салдацкім камітэтам нямецкай дывізіі, паводле якога немцы 7 студзеня 1919 г., пакідаючы Лунінец, павінны перадаць рэўкому ваенныя склады былой царскай арміі на станцыях Ганцавічы, Відзібор, Лунінец, чыгуначны транспарт і вузел.

Партызаны кантралявалі ўчастак чыгункі Лунінец — Ганцавічы і Лунінец — Сарны. У канцы снежня 1918 г. у перафарміраваны Палескі рэўком быў уведзены прадстаўнік ЦК РКП(б) Аляксандр Мікалаевіч Ільін. Старшынёй рэўкома быў абраны Рыгор Максімавіч Астроўскі.

У студзені 1919 г. нямецкае камандаванне перадало ўладу ў Пінску пятлюраўцам, раззброіла роты 152-га палка, якія былі пасланы заняць Пінск, а таксама атрады 2-га Палескага палка. У адказ на гэту правакацыю паўстанцы спынілі пропуск эшалонаў з нямецкімі войскамі праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25 студзеня 1919 г. Пінск быў канчаткова вызвалены ад заваёўнікаў. Адметна, што ў гэтай барацьбе актыўны ўдзел прымалі партызаны Ганцаўшчыны, якія забяспечвалі абарону з поўначы і пастаянна кантралявалі чыгунку ад Баранавіч да Лунінца.

Пра трагічнасць таго моманту сведчыць тэлеграма А. М. Ільіна аб дапамозе, накіраваная ім у адрас У. І. Леніна і Я. М. Свярдлова, на гэтым гістарычным дакуменце захаваўся подпіс У. І. Леніна сінім алоўкам: «Склянскому. На отзыв. Что сделано». Склянскі на тэлеграме напісаў: «Запросить т. Антонова и Реввоенсоветы, какая нужна помощь. Склянский. 9.1.1919 г.»[1]. Рэакцыя на тэлеграму Э. Склянскага была адразу. Аб гэтым сведчыць тэлеграма намесніка старшыні ОВСР Э. М. Склянскага ў РВС Заходняй арміі, датаваная 16 студзеня 1919 г. У ёй зроблены запыт, што канкрэтна зроблена для аказання дапамогі паўстанцкім войскам. У другой тэлеграме ўпаўнаважаных НК (Надзвычайнай Камісіі) па забеспячэнні Чырвонай Арміі Дзмітрыева і Гросмана ва ўсерасійскі генеральны штаб І. І. Вацэцісу адзначаецца, што паўстанцкі атрад Ільіна, які налічвае больш за 3 тысячы чалавек, з’яўляецца амаль што адзіным абаронцам Лунінецкага ўчастка, у якім засталася каласальная колькасць маёмасці. Але атраду, які мае добрага палітычнага кіраўніка ў асобе Ільіна, не хапае вопытнага начальніка штаба, ваенрука, атрад дрэнна ўзброены, распрануты, разуты. Тут жа адзначаецца, што атрад мае ўсяго толькі па 10 рублёў на чатыры месяцы на кожнага паўстанца… Дзмітрыеў і Гросман з прычыны гэтага просяць Рэвалюцыйны ваенны Савет аказаць тэрміновае садзейнічанне Ільіну людзьмі і маёмасцю, а таксама прыслаць яму без прамаруджвання добрых баявых кіраўнікоў. Штабу 17-й стралковай дывізіі аддадзены загад аб аказанні Ільіну ў неабходны момант узброенай падтрымкі. У тэлеграме адзначалася, што ўсё гэта трэба зрабіць як мага хутчэй, бо нават самы лёгкі націск паўстанцаў абяцае поўны разгром гайдамакаў.

3 вышэй сказанага можна зрабіць вывад, што аказанне дапамогі паўстанцам мае прамыя адносіны і да партызан Ганцаўшчыны. Многія дакументы сведчаць, што пасля звароту Ільіна партызаны в. Люсіна і іншых вёсак атрымлівалі ад палкоў Чырвонай Арміі боепрыпасы і дзейнічалі пад кіраўніцтвам вопытных чырвонаармейскіх інструктараў, атрымлівалі са штаба палка баявыя загады, а ў некаторых выпадках нават мелі катловае забеспячэнне ад кухні.

1919 г. быў цяжкім, нямецкіх інтэрвентаў змянілі польскія легіянеры, якія пачалі ваенныя дзеянні і праводзілі рэйды ў тылы Чырвонай Арміі. Баі вяліся з пераменным поспехам. 17 лютага чырвонымі заняты Драгічын, што ў 60 вярстах ад Пінска. 18 лютага, як стала вядома з аператыўнай зводкі Штаба Заходняй арміі, польскія легіянеры, пераапранутыя ў форму германскіх салдат у складзе каля 2 тысяч чалавек пяхоты з кулямётамі, 200 кавалерыстамі і бронецягніком, перайшлі ў наступленне ўздоўж дарогі Кобрын — Пінск і завалодалі Драгічынам. Перадавыя часці праціўніка занялі Іванава. Чырвоныя адышлі да Юхновіч, што ў 25 вёрстах ад Пінска.

12 сакавіка 1919 г. пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію, якая, дарэчы, праходзіла надзвычай паспяхова. Яшчэ ў пачатку сакавіка пачалі даходзіць чуткі аб наступленні польскіх войскаў, таму і рыхтаваліся даць ім дастойны адпор. Нягледзячы на гэта, палякі прарваліся праз лінію фронту і пачалі грабеж насельніцтва і масавыя забойствы. На Ганцаўшчыне акупанты расстралялі 20 чалавек, арыштавалі 150, забралі 300 коней, спалілі в. Ганцавічы. Неўзабаве яны авалодалі Пінскам, Сіняўкай, Баранавічамі, Клецкам, Нясвіжам. Карыстаючыся панікай, контррэвалюцыянеры ўзнялі кулацкія мяцяжы ў Сіняўцы, Клецку, Нясвіжы і ў іншых месцах. Небяспека пагражала і Ганцавічам. Польскія войскі з раёна в. Пласкінь (Пінскі раён) пачалі разведку ў напрамку р. Бобрык і далей на Ганцавічы.

Савецкае камандаванне, каб узмацніць абарону Лунінецкага чыгуначнага вузла, перакінула сюды з-пад Нясвіжа 1-ы, 2-і і 3-і батальёны пагранічнага палка (камандзір Л. М. Зацяплінскі). Першы батальён пад камандаваннем Цімафеева быў накіраваны непасрэдна ў Ганцавічы для адбіцця магчымых нападаў белапалякаў на Лунінец з боку Баранавіч. Ім на падмогу былі накіраваны два бронецягнікі, якія ўзялі на сябе кантроль дарогі Сарны — Лунінец — Ганцавічы.

Калі толькі пачалося наступленне польскіх легіянераў, Круговіцкі рэўком атрымаў заданне пачаць падрыхтоўку да эвакуацыі ўсёй дакументацыі, людзей і адступаць у бок шашы Масква—Брэст. Раніцой рэўком выехаў з Круговіч. У Лактышах стала вядома, што паблізу вёскі з’явіліся варожыя кавалерысты. Як даведаліся пазней, гэта была разведка польскіх войскаў. Ва ўрочышчы Дубнякі рэўкомаўцы зрабілі засаду і адкрылі агонь па паляках са станковага кулямёта і вінтовак, расстралялі іх і ўзялі курс на Морач (Клецкі раён). Але хутка рэўкомаўцы даведаліся, што дарога Масква—Брэст перарэзана непрыяцелем і пачалі праз Заастравечча і Макранскі лес прабівацца на ўсход. У Філіповічах рэўком злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі.

В. Л. Мышкаўца (камісара рэўкома) і яго таварышаў накіравалі спачатку ў Рослаўль, пазней у Смаленск, са Смаленска — у Вызну. У Вызне Мышкавец быў абраны старшынёй валаснога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Непадалёку ад месца знаходжання Савета быў маёнтак памешчыка Сасноўскага, сын якога служыў афіцэрам у С. Н. Булак-Балаховіча (былы камандзір Чырвонай Арміі, які потым перайшоў на бок праціўнікаў савецкай улады). Становішча валаснога камітэта пагаршалася і тым, што тут жа, у в. Морач, амаль па суседству размясціўся штаб польскіх войскаў. Гэта і адыграла ракавую ролю ў лёсе В. Л. Мышкаўца і яго паплечнікаў па барацьбе. У канцы 1920 г. старшыня валаснога камітэта быў схоплены булак-балахоўцамі і пасля катаванняў расстраляны ў Морачы, былі забіты рэўкомаўцы Пішч, Уласевіч, Коўш і інш.

На Пінска-Лунінецкім, а таксама Ганцавіцкім напрамках надыходзіў час, калі палескія сяляне возьмуцца за зброю. У Ганцавіцкім напрамку і дзейнічалі тады камісар 152-га палка С. К. Дзергачоў, камандзір гэтага палка Я. В. Шэка і кіраўнік паўстанцкіх войскаў на Палессі А. М. Ільін. Яны неаднойчы былі ў Ганцавіцкім і іншых рэўкомах з мэтай арганізацыі барацьбы супраць наступаючых з захаду палякаў.

Вынікі правіць

Нягледзячы на тое, што паўстанне пацярпела поўнае паражэнне і асаблівага плёну не прынесла, з’явіліся новыя ідэалагічныя плюсы бальшавікоў.

Выступленне бальшавікоў 1918—1919 гадоў часцяком называюць акцыяй эсэраў-бальшавікоў. У выпадку поспеху выступу, бальшавікі мелі намер стварыць Палескую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку або аўтаномію.

Зноскі

  1. Расійскі дзяржаўны ваенны архіў. Ф. 33 998. Воп. 2. Спр. 41. Л. 14-15.

Літаратура правіць

  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна. — Мінск, Беларусь, 1995.