Палонка (Баранавіцкі раён)

вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Палонка, Брэсцкая вобласць)

Пало́нка[2] (трансліт.: Palonka, руск.: Полонка) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Палонка. Адміністрацыйны цэнтр Палонкаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Баранавічаў, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Палонка (лінія Баранавічы — Ваўкавыск); на аўтамабільнай дарозе Новая Мыш — Слонім. Насельніцтва 786 жыхароў, 305 гаспадарак (2005).

Вёска
Палонка
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Плошча
  • 2,4716 км²[1]
Насельніцтва
  • 514 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 163
Паштовы індэкс
225332
Аўтамабільны код
1
СААТА
1204880041
Палонка на карце Беларусі ±
Палонка (Баранавіцкі раён) (Беларусь)
Палонка (Баранавіцкі раён)
Палонка (Баранавіцкі раён) (Брэсцкая вобласць)
Палонка (Баранавіцкі раён)

Назва правіць

Як паказвае мовазнаўца Ігар Капылоў, назва вёскі Палонка паходзіць ад геаграфічнага тэрміна. У сучаснай беларускай мове палонкай называецца незамерзлы або расталы ўчастак ледзяной паверхні ракі або возера. На паўночным усходзе і ўсходзе Беларусі палонкай называюць частку возера, дзе выходзяць падземныя воды, на Цэнтральным і Заходнім Палессі мясцовыя жыхары ўжываюць слова палонь для абазначэння чыстага, адкрытага месца без лесу і хмызняку, свабоднага для пашы або касьбы. Паказальна, што слова палоня сустракаецца ў большасці славянскіх моў. Аднакаранёвыя назвы Паланечка, Паланіца, Паланная, Палонск вядомы на тэрыторыі іншых раёнаў Беларусі. Аднайменныя назвы населеных пунктаў і мікрааб’ектаў шырока распаўсюджаны і за яе межамі[3].

Географ Вадзім Жучкевіч дапускаў сувязь назвы Палонка з паняццем палон і выказваў гіпотэзу, што так маглі называцца паселішчы палонных татараў у XVI стагоддзі.

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Першы пісьмовы ўспамін пра Палонку як сяло, уладанне Сапегаў датуецца 1506 годам, калі ў ваколіцах сяла войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманамі Міхаілам Глінскім і Станіславам Кішкам разграмілі татар. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства.

У Трынаццацігадовую вайну 1654—1667 гадоў каля Палонкі 28 чэрвеня 1660 адбылася бітва паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага і расійскімі войскамі чале з ваяводамі Змеявым, Нашчокіным, Трубяцкім, Хаванскім, Шчарбатавым. Войска Расіі налічвала 46 тыс., аб’яднаныя сілы Рэчы Паспалітай — каля 15 тысяч воінаў. Сапега і Чарнецкі атрымалі бліскучую перамогу над расійскімі ваяводамі: князь Шчарбатаў быў забіты, а Хаванскі цяжка паранены. У выніку ваенных дзеянняў сяло Палонка было разбурана, а насельніцтва вызвалена ад падаткаў тэрмінам на адзін год. У 1680 у мястэчку заснавалі дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). У другой палове XVIII ст. сяляне напісалі скаргу свайму пану Сапегу на жорсткі прыгнёт з боку эканома.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Палонка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Навамышскай воласці Навагрудскага павета. У 1-й пал. 1880-х у мястэчку было каля 20 двароў, царква, царкоўна-прыходская школа, 2 яўрэйскія школы. У пач. XX ст. — 56 двароў, земская народнае вучылішча.

У 1886 годзе дзейнічалі 2 яўрэйскія школы, царкоўна-прыходскія школа і папячыцельства. Праваслаўны прыход налічваў каля 1,4 тыс. вернікаў.

Найноўшы час правіць

З 1900 года працавала народнае вучылішча, у якім у 1889—1900 навучальным годзе займалася 96 дзяцей (з іх 8 дзяўчынак, настаўніца К. Завусцінская). Летам 1906 года настаўнікі Літоўскі, Буляк, Кужалевіч вялі сярод сялян агітацыю, распаўсюджвалі лістоўкі і пракламацыі, якія заклікалі іх да барацьбы з царызмам і памешчыкамі. У пачатку XX ст. пабудавана драўляная царква.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Палонка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Навамышскай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Навамышскім раёне Баранавіцкай вобласці. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Перад вайной у вёсцы жыло 346 чалавек у 74 дварах[4]. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 7 верасня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў 1941 годзе загубілі 14 жыхароў. У ліпені 1944 года гітлераўцамі было спалена 33 дамоў, забіта 172 чалавекі[4]. На франтах вайны загінула 11 вяскоўцаў.

Да Палонкі ў пасляваенныя гады далучаны суседні хутар Прушынава. З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці, з 8 красавіка 1957 года ў Баранавіцкім раёне.

Інфраструктура правіць

Працуюць выканкам сельсавета, сядзіба саўгаса, рамонтна-механічныя с.-г. майстэрні, ветэрынарны ўчастак, Дом быту, клуб, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлеф. станцыя, лясніцтва, 4 магазіны.

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе:
    • 1830 — 98 муж., з іх шляхты 3, духоўнага саслоўя 4, мяшчан-іўдзеяў 55, мяшчан-хрысціян і сялян 33, жабракоў 2[5]
    • 1886 — 20 двароў, 200 жыхароў.
  • XX стагоддзе:
    • 1909 — 56 двароў, каля 500 жыхароў.
    • 1921 — 55 дамоў 440 жыхароў.
    • 1959 — 408 жыхароў.
    • 1970 — 622 жыхары.
    • 1998 — 155 двароў 782 жыхары,
  • XXI стагоддзе:
    • 2005 — 786 жыхароў, 305 гаспадарак.

Славутасці правіць

 
Могілкі яўрэйскія
 
Сучасны выгляд яўрэйскіх могілак у в.Палонка

Страчаная спадчына правіць

Зноскі

  1. а б https://web.archive.org/web/20210814164616/https://map.nca.by/
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  3. zviazda.by
  4. а б Полонка (руск.)
  5. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць