Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

паэма Янкі Лучыны

«Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» — польскамоўная паэма Янкі Лучыны, цалкам апублікаваная ў зборніку «Poezje» ў 1898 годзе ў Варшаве.

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся
польск.: Akwarelki myśliwskie z Polesia
Жанр паэма
Аўтар Янка Лучына
Мова арыгінала польская
Дата першай публікацыі 1898
Выдавецтва «Życie», «Życie ilustrowane»
Перакладчык Янка Лучына, Міхась Клімковіч, Генадзь Тумаш
Электронная версія

ГісторыяПравіць

Раздзелы паэмы «На ласёў на прынаду», «На цецерукоў у час такаваня» Лучына дасылаў у 1882 годзе Аляксандру Валіцкаму (1826—1893), былому мінскаму кнігару, удзельніку паўстання 1863—1864 гадоў, які жыў тады ў Кракаве[1].

Раздзелы «Стары паляўнічы», «Выправа на ласёў» і «Апавяданне даяжджаючага» публікаваліся ў часопісе «Życie» (1887, № 25-26; 1888, № 8), а «Перад куццёю» — у альманаху «Życie ilustrowane» (Варшава, 1887) пад агульным загалоўкам «Акварэлькі з паляўнічага жыцця на Палессі» (польск.: Akwarelki z życia myśliwskiego na Polesiu), які, як сведчаць аўтографы паэта, захаваныя ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве, быў рэдакцыйным варыянтам назвы паэмы.

Цалкам паэма «Акварэлькі» была апублікавана ў Варшаве ў 1898 годзе. Хоць яна і была напісана на польскай мове, у ёй захавалася шмат беларусізмаў, якія надавалі асаблівы нацыянальны каларыт. У адным з лістоў да Зянона Пшасмыцкага аўтар пісаў:

  Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаныя яны з сапраўдных факцікаў… «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і бяз ног, трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсьць самапал, і ежджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцьця. Ці павінен я тады фабрыкаваць «Акварэлькі»? Дзьве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцця[2]  

АпісаннеПравіць

Апублікаваны ў зборніку «Вязанка» (Пецярбург, 1903) верш «Стары ляснік» традыцыйна разглядаецца як лучынаўскі самапераклад раздзелу «Стары паляўнічы»[3]. На думку Уладзіміра Мархеля, разам з тым гэта арыгінальны твор, які мае прыкметы самастойнасці, выяўленай ў нязначнай змене назвы і ў беларускамоўнай інтэрпрэтацыі тэмы, першасна раскрытай аўтарам па-польску[4].

Сюжэт верша пачынаецца з настойлівай просьбы Грышкі даць яму пораху. Былы паляўнічы (ляснік) наважыўся забіць шкадлівага мядзведзя, што задраў жарабя. Ні свядомыя перашкоды з боку родных, ні спакуслівыя прапановы пана ня могуць адмяніць ягонага намеру. Верш завяршаецца стрыманай просьбаю Грышкі прыслаць у лес падводу, што ўказвае на паспяховы вынік палявання[4].

Уладзімір Мархель выказаў здагадку, што паніч, ад імя якога вядзецца вершаванае апавяданне, — гэта сам паэт у час маладосці. Што тычыцца лесніка, то яго Лучына мог сустрэць у арандаванай бацькамі Мархачоўшчыне, куды яшчэ студэнтам прыяжджаў на канікулы[2].

АцэнкіПравіць

Літаратурныя крытыкі далі высокую ацэнку паэме, ставячы гэты твор у адзін шэраг з «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча. Некаторымі крыніцамі паэма характарызуецца як «энцыклапедыя паляўнічага»[5]. Паводле Уладзіміра Мархеля, «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» адкрылі перад беларускімі паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нацыянальных эпічных твораў («Новая зямля» Якуба Коласа і інш)[6].

Беларускія перакладыПравіць

Янка Лучына самастойна пераклаў на беларускую мову раздзел «Стары паляўнічы». Урывак уступу на беларускую мову пераклаў Міхась Клімковіч. Цалкам паэму пераклаў Генадзь Тумаш[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 192. — 206 с.
  2. 2,0 2,1 Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты / Я. Лучына; Уклад., прадм. і камэнт. У. Мархеля. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 15. — 206 с.
  3. Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. Пад. рэд. Ю. С. Пшыркова. Мн., «Вышэйшая школа», 1977. — С. 273. — 304 с.
  4. 4,0 4,1 Мархель У. І. Прадвесце адраджэнскага ўздыму. Штрыхі да творчага партрэта Янкі Лучыны // Роднае слова. — 2001. — № 7. — С. 4.
  5. Бібліятэка паляўнічага. — Белорусская лесная газета № 13 (1087) 31 сакавіка 2016. (бел.) 
  6. Мархель У. І.Янка Лучына // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.