Паліва (кераміка)

кераміка
(Пасля перасылкі з Паліваная кафля)

Палі́ва, глазура (ням.: Glasur, фр.: glaçure), цаніна (ням. Zinn -- волава) — шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкаратыўныя ўласцівасці, узбагачае колер.

Керамічная паліваная ваза

Тэхналогія правіць

Для прыгатавання палівы выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную кіслату, мел, гліну, аксіды свінцу[ru], барыю[ru], стронцыю[ru] і інш. Гатуюць двума спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне[ru] і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка палівы), «карункі» (успучванне палівы), паліва аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле тэмпературы спякання паліву падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C) для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую паліву выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.

Каляровыя палівы правіць

 
Паліваная кафля з Мірскага замка (XVI—XVII)

Для аздаблення вырабаў з фарфору і маёлікі часта прымяняюць яркаафарбаваныя каляровыя палівы. Колер надаецца ўвядзеннем у бясколерную паліву аксідаў і солей металаў. Так, вокіс кобальту дае колеры ад светла- да цёмна-сіняга; вокіс хрому — зялёны, а пры наяўнасці волава — ружовы, чырвоны; вокіс медзі выкарыстоўваюць, каб атрымаць ізумрудна-зялёную, сіне-зялёную паліву, а таксама палівы медна-чырвоных адценняў для аднаўленчага абпальвання; злучэнні з марганцам даюць карычневыя, ружовыя колеры; вокіс жалеза — ад жоўтага і чырвонага да карычневага і чорнага і г. д.

Гісторыя правіць

Вынайдзена ў Старажытным Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве старажытных Грэцыі, Рыма, Кітая, у X—XIII стст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная палівы. Белая матавая паліва вынайдзена ў 1438 годзе ў Італіі. У Расіі рабілі зялёную паліву («мурава»), шматколерная паліва выкарыстоўвалася з XVI—XVII стст.

Беларусь правіць

 
Гзымсавая паліваная кафля з Быхава. XVII ст.

На Беларусі вядома з XII стагоддзя ў архітэктурна-дэкаратыўнай і бытавой кераміцы: каляровай глухой палівай пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. 3 XV ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжывалі легкаплаўкія свінцовыя палівы (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. 3 другой паловы XVI ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пачатку XVIII ст. — размалёўка па эмалі. У канцы XIX — пачатку XX ст. беларускія ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя палівы.

Вырабляюць на Мінскім фарфоравым заводзе, прадпрыемствах будаўнічых матэрыялаў.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць