Палітычная партыя

Палітычная партыя — добраахвотнае некамерцыйнае грамадскае аб’яднанне, якое мае палітычныя мэты, садзейнічае выяўленню і выражэнню палітычнай волі грамадзян і ўдзельнічае ў выбарах.

Партыйныя сістэмы

правіць

У беспартыйнай сістэме палітычныя партыі або ўвогуле не існуюць, або афіцыйна забаронены, або не граюць аніякай значнай ролі ў дзяржаве. Напрыклад, Легіслатура Небраскі ў ЗША і Нунавута ў Канадзе дзейнічаюць на беспартыйнай аснове, у Іарданіі дзейнасць партый забаронена.

Пры аднапартыйнай сістэме дазваляецца дзейнасць толькі адной партыі, пры гэтым партыя можа злівацца з дзяржаўным апаратам і партыйныя пасады могуць мець нават большую значнасць за дзяржаўныя, або яны могуць сумяшчацца (напрыклад, фактычным лідарам Савецкай Беларусі з’яўляўся першы сакратар КПБ, а не Старшыня Вярхоўнага Савета). Гэты тып характэрны для таталітарных рэжымаў, такіх як Нацысцкая Германія (Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя), СССР (Камуністычная партыя Савецкага Саюза), Фашысцкая Італія (Нацыянальная фашысцкая партыя).

Варыянтам з’яўляецца сістэма, дзе дзейнасць іншых партый дазволена, але яны павінны прызнаваць кіруючую ролю асноўнай партыі. Характэрна для сацыялістычных краін, пры гэтым камуністычная партыя ўзначальвае які-небудзь фронт, які аб’ядноўвае ўсе маленькія партыі і высоўваецца на выбарах. Прыклады: Паўночная Карэя (Адзіны дэмакратычны айчынны фронт пры Працоўнай партыі Карэі), ГДР (Нацыянальны фронт пры Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі), Кітай (Адзіны народна-дэмакратычны фронт пры Камуністычнай партыі Кітая).

Падобнай на папярэднюю з’яўляецца сістэма з кіруючай партыяй. У такіх краінах няма абмежаванняў на дзейнасць апазіцыйных партый, але практычна ўвесь час толькі адна партыя перамагае на выбарах: такое становішча склалася ў ПАР (Нацыянальная партыя ў 1948—1994 і Афрыканскі нацыянальны кангрэс з 1994), Чарнагорыі (Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі з 1991), Расіі (Адзіная Расія з 2003).

У двухпартыйнай сістэме дзве партыі перыядычна змяняюць адна іншую пры ўладзе, пры гэтым іншыя партыі не маюць вялікіх поспехаў нават на мясцовых выбарах. Такі тып характэрны для ЗША (Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі), Мальты (Лейбарысцкая і Нацыяналістычная). Звычайна адна партыя мае правы, ліберальны альбо кансерватыўны, кірунак і адна — сацыял-дэмакратычны.

Часам сустракаецца двух-з-паловайпартыйная сістэма, у якой урад фармуюць дзве партыі, але існуе і трэцяя, якая не перамагае ў адзіночку, але ўступаючы ў кааліцыю з галоўнай партыяй, вырашае, якая з іх будзе кіруючай. Пры гэтым трэцяя партыя можа прымаць удзел у кіраванні нават часцей за любую галоўную. Напрыклад, такая сітуацыя існуе ў Германіі (Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя — вялікія, Свабодная дэмакратычная партыя — трэцяя), Вялікабрытаніі (Кансерватыўная і Лейбарысцкая партыі — вялікія, Ліберальныя дэмакраты — трэцяя).

Калі парламенцкі спектр у краіне больш разнастайны і перамагаюць не толькі дзве «звычайныя» партыі, то такі тып называюць шматпартыйнай сістэмай. Як правіла, перамогшая партыя ў такой дзяржаве рэдка займае абсалютную большасць месцаў у заканадаўчым органе, таму яна павінна фармаваць кааліцыю, што часам выліваецца ў палітычныя крызісы. Шматпартыйная сістэма існуе ў Ірландыі, Бельгіі і Ізраілі.

Спасылкі

правіць