Памфле́т (ад англ.: pamphlet — лісток, які трымаюць у руцэ) — вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме палітычных з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. Памфлету ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.

Вядомы са старажытных часоў. Некаторыя даследчыкі лічаць памфлетамі творы старажытнагрэчаскага філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў літаратуры Заходняй Еўропы XIXXX стст. (В. Гюго, Э. Заля, Г. Ман і інш.). У рускай літаратуры памфлеты пісалі В. Бялінскі, А. Герцэн, Дз. Пісараў, Л. Талстой («Не магу маўчаць»), М. Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У. Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).

Беларуская літаратура правіць

Рысы памфлета мелі творы беларускай палемічнай літаратуры канца XVI — першай паловы XVII ст. («Трэнас» М. Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гугаркі другой паловы XIX ст. Майстрамі памфлета выявілі сябе К. Крапіва («Майстры крывавага джаза», «3 фашыстоўскай падваротні» і інш.), К. Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М. Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М. Паслядовіч, А. Бажко, І. Грамовіч, С. Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-памфлета зрабіў І. Гурскі («Чужы хлеб», 1969).

Літаратура правіць