Паразітызм

(Пасля перасылкі з Паразіт)

Паразіты́зм (ад стар.-грэч.: παράσιτος — «нахлебнік») — адзін з відаў суіснавання арганізмаў, калі адзін арганізм (паразіт) жыве за кошт другога (гаспадара).

Пухапёраеды — паразіты птушак

Паразіт, які выкарыстоўвае гаспадара як асяроддзе жыцця, атрымлівае шэраг пераваг, але пры гэтым перажывае экалагічныя цяжкасці. Асноўныя адаптацыі да паразітызму: малыя памеры цела, спрашчэнне знешняй і ўнутранай будовы, павышэнне здольнасці да размнажэння, наяўнасць змены гаспадароў у жыццёвым цыкле.

Жывы арганізм як асяроддзе жыцця правіць

Паразіты могуць пасяляцца на паверхні цела гаспадара як у выпадку эктапаразітызму (вошы, блохі, кляшчы, клапы) або ўнутры яго ў выпадку эндапаразітызму (малярыйны плазмодый, аскарыды, воласагаловы, бычыны цэпень). У эктапаразітаў вялікая частка цела знаходзіцца звонку гаспадара (у кантакце з навакольным асяроддзем) і толькі органы жыўлення ўпіваюцца ў яго жывыя тканкі. У эндапаразітаў у працэсе эвалюцыі выпрацаваліся асаблівыя прыстасаванні: органы фіксацыі, якія забяспечваюць пражыванне ў арганізме гаспадара (кутыкулярныя кручкі, прысоскі); спецыфічнае покрыва цела, якое абараняе паразітаў ад ператраўлівання стрававальнымі сокамі гаспадара.

Трапіўшы ва ўнутранае асяроддзе гаспадара, эндапаразіт атрымлівае шэраг пераваг:

  • багацце лёгка даступнай для засвойвання ежы, якая не патрабуе перабудовы працэсаў стрававання. Напрыклад, клетачны сок раслін, кроў жывёл, змесціва іх стрававальнага тракту, ужо апрацаванае ферментамі;
  • абароненасць ад непасрэднага ўздзеяння абіятычных і біятычных фактараў знешняга асяроддзя. Усе ўзаемадзеянні са складанымі і зменлівымі навакольнымі ўмовамі і ворагамі бярэ на сябе арганізм гаспадара;
  • адносная стабільнасць умоў існавання. Унутранае асяроддзе арганізма па шэрагу фізіка-хімічных фактараў мае высокую ступень пастаянства.

У той жа час арганізм як асяроддзе жыцця стварае для паразітаў некаторыя экалагічныя цяжкасці:

  • абмежаванасць асяроддзя ў часе і прасторы;
  • цяжкасць распаўсюджвання ад адной асобіны гаспадара да другой;
  • складанасці ў забеспячэнні кіслародам;
  • абарончыя рэакцыі арганізма гаспадара.

Як перавагі, так і экалагічныя цяжкасці жыцця ў іншым арганізме абумовілі фарміраванне ў паразітаў разнастайных адаптацый, якія дазваляюць ім эфектыўна размнажацца і працвітаць.

Адаптацыі да жыцця ў іншым арганізме правіць

Багацце лёгка даступнай ежы прывяло да спрашчэння сістэмы стрававання ў паразітаў. Напрыклад, у пячоначнага смактуна стрававальная сістэма спрошчана, а ў бычынага цэпеня і зусім страчана. Усмоктванне пажыўных рэчываў у стужачных чарвей адбываецца ўсёй паверхняй цела.

У паразітычных раслін жыўленне сокамі гаспадара прывяло да рэдукцыі сістэмы фотасінтэзу і страты хларафілу. Сярод раслін сустракаюцца поўныя паразіты і паўпаразіты. Паразіты не ўтрымліваюць хларафілу, напрыклад, павітуха, заразіха, рафлезія, таемнік. Паўпаразіты (амяла) маюць хларапласты і бяруць ад расліны толькі мінеральныя рэчывы.

У адрозненне ад свабоднажывучых арганізмаў, якія самі ўзаемадзейнічаюць з навакольным асяроддзем, паразіты «пералажылі» цяжар рэгуляцыі адносін з асяроддзем на гаспадара. Адсутнасць у паразітаў непасрэднага кантакту з фактарамі знешняга асяроддзя прывяла да спрашчэння будовы іх нервовай сістэмы і рэдукцыі органаў пачуццяў. Знікла і неабходнасць выпрацоўкі прыстасаванняў для актыўнай і пасіўнай абароны ад ворагаў.

Паколькі ўмовы пражывання паразітаў пастаянныя і аптымальныя, у іх няма неабходнасці выпрацоўваць складаныя механізмы адаптацыі. Гэта прыводзіць да эканоміі расходу энергіі на працэсы, не звязаныя з падтрыманнем жыццядзейнасці.

Абмежаванасць памераў асяроддзя пражывання паразітаў кампенсуецца малымі памерамі іх цела і спрашчэннем знешняй будовы, а цяжкасці ў распаўсюджванні — павышэннем здольнасці да размнажэння.

Вялікая пладавітасць у паразітаў атрымала назву «закона вялікай колькасці яец». Напрыклад, чалавечая аскарыда за суткі здольна адкласці 250 тыс. яец, а за 5—6 месяцаў палавой спеласці — 50—60 млн яец. Іх маса ў 1700 разоў перавышае масу самкі.

Інтэнсіўнае развіццё палавой сістэмы забяспечвае высокія рэпрадуктыўныя магчымасці віду. Гэтаму таксама садзейнічаюць партэнагенез (развіццё без апладнення), поліэмбрыянія (калі з аднаго яйца паяўляецца многа зародкаў), бясполае размнажэнне (самкі нараджаюць толькі самак). Узнікненне гермафрадытызму (сумяшчэнне ў адным арганізме мужчынскай і жаночай палавых сістэм) з'яўляецца гарантыяй палавога размнажэння пры наяўнасці нават адной асобіны. Абарона аплодненых яец шматслойнымі абалонкамі і забеспячэнне зародка харчаваннем садзейнічаюць выжыванню патомства. Развіццё прыстасаванняў для выхаду лічынак з яйца і цела гаспадара ў знешняе асяроддзе і іх пранікненне ў арганізм новага гаспадара садзейнічаюць рассяленню.

Дзякуючы змене гаспадароў у жыццёвым цыкле паразіта не дапускаецца збіранне ў адным арганізме вялікай колькасці асобін, што магло б прывесці да гібелі гаспадара.

Складанасці ў забеспячэнні кіслародам прывялі ў паразітаў да рэдукцыі дыхальнай сістэмы і пераходу да анаэробнага дыхання. Паколькі іх энергетычныя затраты не вялікія, а запасы ежы невычарпальныя, то такі спосаб дыхання апраўданы.

Літаратура правіць

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / С. С. Маглыш, А. Я. Карэўскі; пад рэд. С. С. Маглыш; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — Мінск: Нар. асвета, 2010. ISBN 978-985-03-1462-8

Гл. таксама правіць