Партрэт Аляксандра Астрожскага

Партрэт Аляксандра Януша Астрожскага, князя Заслаўскага, намаляваны мастаком барока Андрэасам Штэхам  (укр.). Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[1].

Андрэас Штэх[d]
Партрэт Аляксандра Астрожскага. 1670-я
Матэрыял палатно і алейныя фарбы
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ЗЖ-129)

Гісторыя правіць

Паходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (№ 11, 77; да 1941). Захоўваўся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР да 1941 года, фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (з 1948), у Дзяржаўным музеі БССР (з 1957 да 1968)[1].

Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1969—1975 (Ленінград)[1].

Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[1].

Апісанне правіць

На партрэце Аляксандр Януш апрануты ў прыдворны французскі касцюм[2]. На ім моднага карычнева-табачнага колеру бескаўняровы жустакор  (укр.) са шчыльным радам дробных залатых гузікаў ад шыі да ніжняга краю правай палы, а па краю левай — такім жа радам праразных петляў, аздобленых залатой ніццю. Па парыжскай прыдворнай модзе жустакор зашпілены толькі да сярэдзіны грудзей. Вельмі нізка размешчаныя і коса прарэзаныя кішэні з клапанамі таксама аздоблены радам гузікаў[2].

З-пад жустакора відаць расшытая залатымі і сярэбранымі ніткамі частка доўгай весты (камзола  (руск.)). Вельмі пышныя, пашыраныя ўніз рукавы тонкай белай кашулі завязаны вышэй запясця зялёнымі і чырвонымі стужкамі. Петлямі з такіх жа стужак перахоплены рукавы кашулі вышэй локця[2]. Канцы стужак заканчываюцца металічнымі наканечнікамі («эгійетамі  (руск.)»). Пучкамі такіх жа стужак упрыгожаны плечы і падвязкі панчох. З-пад кароткіх рукавоў жустакора выпушчана палоска іспанскіх карункаў  (чэшск.), сплеценых з залатых ніцей. Пучком стужак упрыгожаны мяккі стаячы каўнер кашулі з карункавым жабо  (руск.), выкладзеным зверху жустакора[2].

Штаніны нагавіц, якія нагадваюць падушкі, для захавання формы ў такім касцюме набівалі пакляй  (руск.), конскім воласам  (руск.)[2]. На нагах у Астрожскага надзеты пашытыя з такога ж карычнева-табачнага сукна панчохі, падвязаныя пад каленямі пучкамі стужак, і светла-карычневага колеру глыбокія туфлі на высокіх абцасах з усечаным наском, якія зашпілены на пад’ёме засцежкай у выглядзе вострага банта[2].

На галаве ў Астрожскага пышны алонжавы парык  (руск.), а злева, з проразі жустакора праглядвае эфес шаблі. Справа на століку ляжыць капялюш з шырокімі загнутымі палямі, краі якога аздоблены залатым пазументам.

Выстаўкі правіць

  • Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
  • Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Дзе Усход сустракаецца з Захадам. Варшава. 1993
  • Партрэты XVI—XVIII стст. з Нясвіжа. Мінск. 1994

Зноскі

  1. а б в г Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 118-119. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  2. а б в г д е Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура правіць