Партугальская партыя

Партугальская партыя (парт.: O Partido Português) — умоўная назва ўніяністаў і лаялістаў у Бразіліі часоў барацьбы за незалежнасць 1821—1825 гадоў. Спачатку інтарэсы партыі падзяляў і рэгент Педру I, выхадзец з Партугаліі і сын партугальскага караля. Уласна слова партыя ўжывалася ў адносінах да групы асоб, зацікаўленых у працягу уніі з Партугаліяй, толькі ўмоўна. У яе не было членства або штаб-кватэры. Тым не менш, ажыўленыя дыскусіі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі незалежнасці вяліся на вуліцах гарадоў і сёлаў, у кафэ, клубах і салонах Рыа-дэ-Жанэйра. Па меры развіцця падзей, стала зразумела што прапартугальскі настроеныя слаі галоўным чынам складаліся з невялікай групы гарадскіх чыноўнікаў і ваенных вышэйшага звяна, а таксама партугальскіх рабагандляроў, інтэнсіўна задзейнічаных на паўночным усходзе краіны. Інтарэсы пераважнай большасці буржуазіі, нуварышаў, мяшчан і выхадцаў калоніі (крэолы) прадстаўляла так званая Бразільская партыя. Разумеючы гэтую сітуацыю, рэгент неўзабаве перайшоў на бок апошніх. У канцы ХIХ стагоддзя ў Бразілію перасялілася значная колькасць імігрантаў непартугальскага паходжання. Таму палітычныя сувязі паміж дзвюма краінамі з тых часоў вельмі саслаблі, хоць культурна-моўныя сувязі працягваюць заставацца досыць моцнымі.