Партызанскі атрад атамана Ангела

Партызанскі атрад атамана Ангела — баявы атрад узначалены Яўгенам Ангелам. Ангелаўцы сябе называлі «Чырвоны курань смерці».

«Чырвоны курань смерці»
Гады існавання 1917— снежань 1919
Уваходзіць у Зялёныя паўстанцы
Тып партызаны
конніца
Функцыя змаганне з бальшавікамі і белагвардзейцамі
Колькасць да 1000 чалавек
Дыслакацыя Севершчына, Жытоміршчына
Войны Грамадзянская вайна ў Расіі
Грамадзянская вайна ва Украіне
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Яўген Ангел

Перадумовы правіць

Яўген Пятровіч Ангел паходзіў з беднай сям’і, удзельнік Першай сусветнай вайны, прайшоў школу прапаршчыкаў. У 1917 годзе, калі фронт амаль разваліўся, Яўген Пятровіч вярнуўся на Севершчыну, адкуль паходзіў, і арганізаваў атрад паўстанцаў.

Шлях атрада правіць

Пасля забойства вядомага на Чарнігаўшчыне паўстанца Шэкеры, Ангел падняў паўстанне ў Ічні. Пасля Ічнянскага паўстання да прыходу Дзянікіна Ангел, маючы ўзброеных 1000 чалавек, тэрарызаваў камуністаў і саўработнікаў, рабаваў цягнікі і падрываў лініі.

Атрад Ангела шмат займаўся рабежніцтвам. Падобных рэчаў Уладзімір Вінічэнка, які ўзначальваў Дырэкторыю, дараваць не мог, а сам Ангел, які відавочна быў стыхійным анархістам, аніяк не стрымліваў сваіх людзей у сістэматычных рабаваннях. Выбухнуў канфлікт: кіраўніцтва Дырэкторыі падпісала пастанову на арышт свавольнага атамана. Тады Яўген Пятровіч разарваў усе адносіны з Кіевам і пайшоў у «вольнае плаванне». Ён сапраўды быў таленавітым ваеначальнікам: ангелаўцы зацята білі і белагвардзейцаў, і бальшавікоў. Улюбёнай тактыкай ангелаўцаў сталі партызанскія засады і налёты. Такім чынам, напрыклад, атрад знішчыў злучэнне дзянікінцаў у 50 чалавек, маючы ў бойцы толькі 14.

Але ж неўзабаве канфлікт распачаўся і ў самім «Чырвоным курані смерці». Частка ангелаўцаў заявіла пра падтрымку Дырэкторыі, і перайшла на бок кіеўскай улады. Ангел застаўся з 400 коннікамі, але і з такім невялікім атрадам ён паспяхова граміў Чырвоную армію. Усё гэта выклікала вялікую занепакоенасць старшыні Рэўваенсавета Льва Троцкага: атаман Ангел быў абвешчаны бандытам. У губернскія ЧК паляцелі шыфраваныя арыентоўкі з патрабаваннем неадкладна знішчыць ангелаўцаў.

У 1919 годзе пасланцы Ангела прапаноўвалі Станіславу Булак-Балаховічу хаўрус супраць бальшавікоў, але той ім адмовіў.

Атрад харызматычнага атамана быў ліквідаваны ў снежні 1919 года на Жытоміршчыне. Сам Ангел быў паранены, патрапіў у палон, дзе яго і расстралялі. Але ж ягоныя паплечнікі працягвалі змаганне. ЧК лавіла іх ажно да сярэдзіны дваццатых гадоў.

Галоўнай прычынай паразы Ангелавага «Чырвонага кураня смерці» стала страта даверу мясцовага насельніцтва з-за рабаванняў сялянаў некаторымі паўстанцамі, а таксама занадта памяркоўная пазіцыя Яўгена Пятровіча па гэтым пытанні.

Склад правіць

У атрадзе атамана Ангела былі не толькі ўкраінцы – так, відную ролю адыгрываў Васіль Князевіч з Гомельшчыны, былы падпаручнік царскай арміі, якога Яўген Пятровіч ведаў яшчэ па школе прапаршчыкаў. У атрадзе было і нямала жанчын, якія са зброяй у руках змагаліся з чырвонымі і белымі нароўні з мужчынамі, што прайшлі Першую сусветную.

Бок правіць

І атаман Ангел, і ягоныя паплечнікі былі зацятымі ворагамі і рэстаўрацыі Расійскай імперыі, і савецкай улады. Яны храбра біліся з атрадамі дзянікінцаў і чырвонаармейцаў нават тады, калі ворагаў было значна больш. Але палітычныя сімпатыі атамана былі надта ўжо непаслядоўнымі. Спярша Яўген Пятровіч падтрымаў гетмана Паўла Скарападскага, аднак неўзабаве перайшоў на бок яго ворагаў — Дырэкторыі. Але Сямён Пятлюра з Уладзімірам Вінічэнкам таксама сталі для Ангела ворагамі. Імаверна, гэта звязана з тым, што змаганне з белымі і чырвонымі ў ангелаўцаў арганічна спалучалася з рабаваннем простага народу, за шчасце якога яны і змагаліся.

Спасылкі правіць