Парфя́не — агульнапрынятая назва насельніцтва Парфянскага царства. Саманазва Pahlavan — парфянін, ці Pahlavanig — з парфян.

Парфянскае царства. Рэльеф з Месапатаміі з выявай коннага лучніка. Тэракота. Першыя стагоддзі н.э. Пярэднеазіяцкі музей. Берлін.

Этнонім

правіць

Паходжанне этноніма парфян неаддзельна ад падобных назваў іншых індаіранскіх плямёнаў: Паршу ў Рыгведзе (ведыч. parśu-), персы, пуштуны — ад індаіран. *parśṷ(a)- літар. «грудасты» (пар. старажытна-славянскае «перса» — грудзі), гэта значыць «дужага целаскладу», «волат»[1]: Pahlav > Paθrav > Parθava > *parśavā > *parśṷ(a)-. Вытворная ад гэтай назвы заканамерна адлюстроўваецца ў суч. перс.: پهلوان [pæhlævɒːn] «волат» (< стар.-перс.: *parθavāna- < старажытнаіран. *parśavāna-). Пры гэтым стар.-перс.: pārsa- — этнонім персаў і назва Персіі — уяўляе сабой врыдхі-форму ад гэтага этноніма (*pārśṷa «які належыць да племя волатаў»).

Этнагенез

правіць

У антычную эпоху ў стэпах Цэнтральнай Азіі жылі качавыя плямёны масагетаў (сакі ў старажытнаіранскіх крыніцах), скіфскага паходжання. Прыкладна ў III стагоддзі да н.э. некалькі з гэтых плямёнаў аб'ядналіся ў племянны саюз пад агульнай назвай — Дахі. Сярод гэтых плямёнаў на пярэдні план выйшла племя парнаў, з якога паходзілі будучыя правадыры і заснавальнікі Парфіі, Аршак і Тырыдат. Аб'яднаўшы пад сваёй уладай плямёны на чале з Аршакам, дахі ўварваліся ў вобласць, названую ў старажытнаперсідскіх крыніцах Апартык, насельніцтва якой складалі ў той час заходне-іранскія народы, якія даўно перайшлі да аселасці і аазіснага земляробства. Устоянае меркаванне пра тое, што заваёўнікі зліліся з мясцовым насельніцтвам, названым парфянамі, не адпавядае рэчаіснасці. У крыніцах дапарфянскай эпохі адсутнічаў тэрмін парфяне. Назва парфяне было дадзена ім, верагодна, грэкамі, па назве вобласці Парфія, заваяванай плямёнамі парнаў. Сябе ж «парфяне» называлі Pahlavan — хутчэй за ўсё, саманазвай пануючага племя парнаў.

Мова племя парнаў, якія выгналі грэка-македонскіх заваёўнікаў, што захапілі ўладу ў Іране і заснавалі Парфянскае царства, адносілася да ўсходняй групы іранскіх моў, як і мовы качавых іранскіх плямёнаў сакаў і масагетаў. Перамогшы, яны перайшлі на мову сваіх шматлікіх падданых, якія размаўлялі на заходне-іранскіх мовах, на аснове якіх склалася парфянская мова, якая адносіцца да паўночна-заходняй групы іранскіх моў Белуджы.

Гісторыя

правіць

Парфяне былі ваяўнічым народам, спрытнымі наезнікамі і выдатнымі стралкамі з лука. У 256 да н.э. утварылі пад правадырствам Аршакідаў самастойную дзяржаву, якая з час ператварылася ў буйную імперыю, што ўключала тэрыторыі паміж Еўфратам і Індам, Каспійскім і Аравійскім морамі. Парфянскае царства праіснавала да 226 года н.э., калі яго змяніла новая персідская імперыя Сасанідаў.

Пасля падзення Аршакідаў парфяне, тым не менш, захавалі свой прывілеяваны статус у дзяржаве Сасанідаў. Пра гэта сведчыць частае згадванне парфян у наскальных надпісах сасанідскай эпохі.

Яны захавалі за сабой пануючае становішча ў войску, а таксама ў многіх правінцыях імперыі Сасанідаў. Так тры найбуйнейшыя[2]парфянскіх роды Міхрані'е, Карэна' і Сурэна' з'яўляліся апорай сасанідскага прастола. Нават праз тры стагоддзі пасля падзення Аршакідаў, парфянская самасвядомасць была жывая[3]. Характэрная гісторыя Бахрама Чубіна, які ў 6 стагоддзі скінуў сасанідскага шаха Армізда IV і абвясціў аднаўленне Парфіі. У далейшым частка парфян, якія пражывалі ва ўнутраных абласцях Ірана, злілася з персідскім насельніцтвам, а парфяне, што жылі на тэрыторыі сучаснага Туркменістана і Цэнтральнай Азіі, былі паглынуты цюркамі, склаўшы адзін з этнічных кампанентаў туркменаў[4]

Гл. таксама

правіць

Зноскі