Парцэляцыя (польск.: Parcelacja, ад фр.: parcelle — часцінка) — раздрабленне зямельных надзелаў. У міжваеннай Польшчы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі, дзе панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, парцэляцыяй называлі разбіўку дзяржаўных, памешчыцкіх і так званых кінутых (землі бежанцаў, якія не вярнуліся на радзіму) зямель на дробныя ўчасткі (парцэлы, ад 2 да 20 га) і продаж іх праз дзяржаўны банк.

Адно з мерапрыемстваў аграрнай рэформы Польшчы ў 1920—[[1930-я гады. Асноўная мэта — узмацніць сацыяльную апору польскай дзяржавы на вёсцы — так званага кулака. Праводзілася паралельна з камасацыяй, асадніцтвам і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў «Пра надзяленне зямлёй салдатаў польскай арміі» (1920) і «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» (1925).

У Заходняй Беларусі правядзенне парцэляцыі пачалося ў 1921 годзе, мела каланізатарскі характар. Польскі ўрад выкарыстаў яе для насаджэння на захопленых землях Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны польскіх ваенных каланістаў — асаднікаў і ўмацавання мясцовага кулацтва, захаваўшы ў асноўным памешчыцкае землеўладанне. Прыкрываючыся парцэляцыяй, памешчыкі прадавалі горшыя землі па спекулятыўных (так званых рыначных) цэнах. Такая прыватная парцэляцыя ў народзе называлася «дзікай» парцэляцыяй. Цягам 1921—1925 гадоў у Заходняй Беларусі штогод прадавалася прыкладна 25 тысяч га дзяржаўных і 27 тысяч га памешчыцкіх зямель. Да 1934 года распарцэлявана блізу 600 тысяч га (каля 20 % памешчыцкіх зямель). Каля 80 % з іх трапіла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Сяляне Заходняй Беларусі выступалі супраць такой аграрнай рэформы, у тым ліку супраць парцэляцыі ў падобным варыянце.

Спасылкі правіць