Парыс
Па́рыс (стар.-грэч.: Πάρις), таксама вядомы як Аляксандр (стар.-грэч.: Ἀλέξανδρος) — легендарны сын Прыама, валадара Троі; герой старажытнагрэчаскіх паданняў пра Траянскую вайну. Выкраданне Парысам Алены прывяло да канфлікту паміж ахейцамі і траянцамі.
Парыс | |
---|---|
стар.-грэч.: Πάρις | |
| |
вінаваты ў Траянскай вайне | |
Міфалогія | Старажытнагрэчаская |
Пол | мужчынскі пол[1] |
Бацька | Прыам |
Маці | Гекуба |
Браты і сёстры | Паліксена, Гектар, Дэіфоб і Касандра |
Жонка | Алена |
Дзеці | Corythus[d], Idaeus[d], Bunicus[d], Aganus[d] і Helena[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Імя
правіцьПаходжанне імя Парыс мае спрэчны характар. У старажытнагрэчаскай антрапаніміі яно не сустракалася. Большасць даследчыкаў лічаць, што яно мела нягрэчаскае паходжанне: фракійскае, старажытнаіндаеўрапейскае[2] або лувійскае[3]. Разам з гэтым, у Старажытнай Грэцыі існаваў сугучны выраз, які значыў «вылюдак»[2]. Такім чынам, імя Парыс магло з’яўляцца мянушкай, што намякала на нязвыклыя абставіны паходжання героя.
У «Іліядзе» Парыс часцяком называецца імем Аляксандр. У «Кіпрыях» у дачыненні да яго ўжываецца толькі імя Аляксандр[4].
Эпічны вобраз
правіцьНараджэнне
правіцьПарыс быў сынам траянскага валадара Прыама і яго жонкі Гекубы. Цяжарная Гекуба ўбачыла ў сне, што нарадзіла вогнішча. Другі сын Прыама, Эсак, патлумачыў гэта як тое, што народжанае дзіця прывядзе Трою да разбурэння, і парадзіў забіць яго. Аднак Прыам і Гекуба не вырашыліся зрабіць гэта. Яны перадалі яго пастухам, каб тыя аднеслі дзіця на гару Іда каля горада. Аднак там немаўля не загінула. На працягу 5 дзён мядзведзіца карміла яго сваім малаком. Пастух Агелай знайшоў яго жывым і ўзяў на выхаванне[5].
Калі Парыс пасталеў, аднойчы Прыам абвясціў пра памінальныя гульні ў гонар яго нібы памерлага пры нараджэнні сына. Для гэтага ў ахвяру павінны былі прынесці самага вялікага быка са статка. Парыс вырашыў прыняць удзел у гульнях, каб выйграць сваю любімую жывёлу. Ён сапраўды выйграў усе спаборніцтвы, але такім чынам раззлаваў іншых сыноў Прыама. Каб выратавацца ад іх, Парыс знайшоў прытулак у храме Зеўса, дзе яго пазнала Касандра[6]. Парыс быў вымушаны прадэманстраваць плашч, у якім Агелай прынёс яго з Іды. Прыам зразумеў, што перад ім той самы сын, якога ён лічыў памерлым, і прызнаў яго.
Суд Парыса
правіцьПелей і Фетыда ўрачыста святкавалі сваё вяселле, куды былі запрошаны ўсе багі, акрамя Эрыс. Пакрыўджаная багіня падкінула яблык з надпісам «καλλιστῃ» «(самай прыгожай)». Паміж Герай, Афінай і Афрадытай успыхнула сварка, каму гэты яблык дастанецца. Зеўс вырашыў не ўступаць у канфлікт і паслаў да Парыса бога Гермеса, каб даведацца, ці не пагадзіцца ён судзіць трох багінь. Парыс даў згоду. Багіні з’явіліся перад ім на гары Іда. Гера абяцала Парысу за прысуд у яе карысць даць багацці і ўладу, Афіна — перамогу ва ўсіх бітвах і славу, Афрадыта — самую прыгожую са смяротных жанчын[7]. Парыс прысудзіў яблык Афрадыце.
Суд Парыса з’яўляецца надзвычай прывабнай тэмай для еўрапейскага мастацтва з часоў антычнасці[8].
-
Фламандская мініяцюра суда Парыса. XV ст.
-
Суд Парыса на малюнку Веры Вілаўбі, 1925 г.
Выкраданне Алены
правіцьПаводле цыклічнай традыцыі, выкраданне Парысам Алены, жонкі спартанскага валадара Менелая, з’яўлялася галоўнай прычынай Траянскай вайны. У «Кіпрыях» ініцыятарам выкрадання выступае багіня Афрадыта[4]. Яна прапануе Аляксандру-Парысу рыхтаваць караблі для вандроўкі ў Спарту і загадвае Энею суправаджаць яго. У Спарце іх гасцінна сустракаюць Менелай, Кастар і Палідзеўк. Падчас свята Парыс уручае Алене падарункі. Менелай накіроўваецца на Крыт. Алена павінна забяспечыць траянскіх гасцей усім неабходным да іх ад’езду. Афрадыта аб’ядноўвае Алену і Аляксандра, яны кладуць на борт скарбы і таемна адплываюць уначы. Гера рыхтуе для іх шторм. З-за шторму ўцекачы трапляюць у Сідон, захопліваюць гэты горад і потым зноў адплываюць у Трою.
Старажытныя грэкі верылі, што першы раз Парыс і Алена займаліся каханнем на востраве Кранаі[9] каля Лаконіі. Аднак у далейшым іх узаемныя адносіны былі складанымі. Гамер двойчы дэманструе гэта ў «Іліядзе» ў сцэнах, калі Алена скардзіцца Афрадыце на непрыстойныя размовы паміж траянскімі жанчынамі, і калі яна заляцаецца перад Гектарам[10].
Герадот са спасылкай на егіпецкіх жрацоў паведамляў[11], што падчас уцёкаў вятры аднеслі карабель Парыса да дэльты Ніла. Некалькі слуг Парыса збеглі ў храм Геракла і расказалі пра злачынства свайго гаспадара. Фараон Пратэй загадаў адпусціць траянца і яго спадарожнікаў, але забраў Алену і скарбы, каб вярнуць іх Менелаю. Гэтым ён тлумачыў тое, што Менелай пасля захопу Троі быў вымушаны зрабіць вандроўку ў Егіпет. Еўрыпід у творы «Алена»[12] таксама вызначаў месцанаходжанне рэчаіснай Елены ў Егіпце, у той час як у Трою прыбыў толькі яе прывід.
Траянская вайна
правіцьВыкраданне Парысам Алены стала зачэпкай для Траянскай вайны. У паэмах эпічнага цыкла постаць Парыса надзвычай важная, аднак у ваенных дзеяннях ён выконвае другарадную ролю ў параўнанні са старэйшым братам Гектарам і Мемнанам.
У «Іліядзе» Парыс прапануе сысціся ў паядынку з Менелаем, каб спыніць бойку паміж войскамі ахейцаў і траянцаў. Правадыры грэкаў і траянцаў даюць згоду і клянуцца выконваць умовы сумленнага бою. Парыс выходзіць на паядынак, узброены мячом, дзвюма дзідамі і лукам, у вобразе, падобным да Геракла. Калі ён бачыць Менелая, то палохаецца. Гектар дакарае Парыса за баязлівасць, і той вымушаны біцца. Бой на дзідах скончваецца паражэннем Парыса, але яго выратоўвае Афрадыта[13]. У далейшым Парыс гневаецца на траянцаў за прапанову выдаць Алену ахейцам і адмаўляецца ад бітваў. Гектар зноў вымушаны папракаць яго[14]. На гэтай падставе некаторыя антычныя і сучасныя аўтары паказваюць Парыса як спешчанага ці бяздзейнага. Аднак Гамер вуснамі смяротна параненага Гектара прадракае Парысу ролю забойцы Ахіла[15]:
Знаючы добра цябе, то не трэба было і прасіцца, бо у грудзях сваіх маеш жалезнае сэрца, Ахіле. Але глядзі, каб табе я не стаўся прычынаю гнева бога якога, як прыдзе той дзень, калі Феб Апалон і з Парысам, хоць ты і дужы, загубіць цябе каля скайскае брамы.
Падчас далейшых ваенных дзеянняў Траянскай вайны Парыс паказвае сябе як цудоўны лучнік, раніць у пяту спачатку Дыямеда, а потым — Ахіла[16]. Для апошняга стрэл Парыса аказаўся смяротным. Каб забіць Парыса, Адысей і Дыямед даставілі з Лемнаса вопытнага лучніка Філактэта. Забойства ім Парыса прадвызначыла згубу Троі.
Гістарычнасць
правіцьУ хецкіх архівах быў знойдзены тэкст дагавора паміж валадаром Муваталі II (каля 1295 — 1272 гг. да н. э.) і Алаксанду, валадаром арцаўскай краіны Вілуса[17]. Апошнюю значная частка гісторыкаў атаясняе з Іліянам. З дагавора вынікае, што Алаксанду прыйшоў да ўлады без прамых правоў на спадчыну, і яго становішча было хісткім. Муваталі II абяцаў Алаксанду падтрымку супраць ворагаў, а наўзамен патрабаваў ваенную падтрымку ў Малой Азіі і за яе межамі. Алаксанду кіраваў раней за меркаваны час Траянскай вайны, але яго імя магло захавацца ў памяці і потым увасобіцца ў грэчаскім эпасе у постаці Парыса—Аляксандра.
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118739301 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 ліпеня 2024.
- ↑ а б Клейн, Л. Бесплотные герои. — С. 24.
- ↑ LINE OF SONG PROVIDES A CLUE ON ANCIENT TROY
- ↑ а б Homerica: The Cypria (fragments)
- ↑ AGELAUS OF TROY IN GREEK MYTHOLOGY
- ↑ Parîs fils de Priam et prince de Troie
- ↑ Greek Myths
- ↑ Nanette B. Rodney. THE JUDGMENT OF PARIS Архівавана 11 чэрвеня 2019.
- ↑ Felice Vinci. The Baltic Origins of Homer's Epic Tales
- ↑ Helen of Troy in the Iliad of Homer
- ↑ Герадот, II:113—120.
- ↑ ANCIENT GREECE — EURIPIDES — HELEN Архівавана 9 кастрычніка 2018.
- ↑ Гамер, «Іліяда», III:15—390.
- ↑ Гамер, «Іліяда», VI:313—369.
- ↑ Тарашкевіч, Б. Выбранае. — С. 296.
- ↑ Jong, I. de. Homer: The creation of the poems. — P. 150.
- ↑ Latacz, J. Troy and Homer: Towards a Solution of an Old Mystery. — P. 75.
Літаратура
правіць- Тарашкевіч, Б. Выбранае / Браніслаў Тарашкевіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. ISBN 5-340-00498-8
- Клейн, Л. Бесплотные герои: Происхождение образов Илиады / Лев Клейн. — СПб.: Художественная литература, 1992. ISBN 5-280-02015-X
- Jong, I. de Homer: The creation of the poems / Irene J. F. de Jong. — London, New York: Taylor & Francis, 1999. ISBN 0-415-14528-7
- Latacz, J. Troy and Homer: Towards a Solution of an Old Mystery / Joachim Latacz. — New York: Oxford University Press, 2004. ISBN 0-19-926308-6
Спасылкі
правіцьПарыс на Вікісховішчы |