Парэчкі чорныя
Парэ́чкі чорныя[3][4] (Ribes nigrum) — лістападны куст, від раслін роду парэчкі (Ribes) манатыпнага сямейства агрэставыя (Grossulariaceae)[5]. Пладовая культура.
Парэчкі чорныя | ||||||||||||||||
| ||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
Ribes nigrum L., 1753 | ||||||||||||||||
|
Дзікарослыя трапляюцца ва ўмеранай вільготнай кліматычнай зоне Еўразіі. Вырошчваюцца шматлікія культурныя сарты. Ягады чорных парэчак багатыя на вітаміны, каштоўная сыравіна для дамашняй перапрацоўкі і кансервавання.
Назва правіць
На Беларусі вядомы народныя назвы расліны: парэчкі чорныя, смарода, смародыня, смуродзіна[6]. У «Краёвым слоўніку Чэрвеньшчыны» згадваецца парэчка чорная[7]. На Смаленшчыне расліна вядома як смарода чорная[8].
Батанічнае апісанне правіць
Шматгадовыя лістападныя зімаўстойлівыя галінаваныя кусты вышынёю 0,7—2,5 м[5]. Куст складаецца са шматлікіх (да 20 штук) рознаўзроставых галін. Маладыя парасткі апушаныя, бледныя; дарослыя — карычневыя.
Пупышкі бледна-зялёныя, з кармінавым адценнем, даўжынёй 4—10 мм, развіваюцца пад восень і зімуюць на галінах[5]. Лісце чаранковае, даўжынёй і шырынёй 3—5[9] (да 12) см, з вышчарбленымі бакамі, трох-пяцілопасцевае, лопасці звычайна шырока-трохвугольныя, сярэдняя пласціна нярэдка выцягнутая, зверху цьмяная, цёмна-зялёная, голая, знізу па жылках апушаная[5].
Каранёвая сістэма мае добра сфарміраваную шкілетную частку. Асобныя вертыкальныя карані дасягаюць 1,5—2 м у глыбіню, а гарызантальныя распаўсюджваюцца на 1—1,5 м ад цэнтра куста. Асноўная маса каранёў знаходзіцца ў слоі глебы 10—60 см.
Суквецці — гронкі даўжынёй 3—5 (да 8) см, 5—10-кветкавыя[9], якія выходзяць з пазух лісця[5], з голымі або апушанымі кветаножкамі даўжынёй 3—8 мм і прыкветкамі даўжынёй 1—2 мм, форма якіх ад авальнай да лінейна-ланцэтнай. Кветкі даўжынёй 7—9 мм, дыяметрам 4—6 мм, званочкавыя, зеленаватыя[5], ліловыя ці ружавата-шэрыя, звонку большай часткай густа апушаныя. Пялёсткі авальныя. Чашалісцікі адагнутыя вонкі, завостраныя, даволі шырокія.
Плод — ядомая ягада, дыяметрам у сярэднім да 1 см, чорна-бурая або зеленаватая, з глянцавай лупінкай і з 3—37 семачкамі. У 1 кг каля 3330 ягад, або 714.000 семачак. Вага 1 тысячы семачак складае 0,9—1,8 г. Смак ягад кісла-салодкі[5].
Цвіце расліна ў маі—чэрвені[9]. Плоданасіць у ліпені—жніўні[5][9].
Злева направа: Галіна з пупышкамі. Ліст. Кветкі і бутоны. Ягады
|
Распаўсюджанне і экалогія правіць
Куст парэчак у Мінску
|
Адна з самых марозаўстойлівых ягадных культур. У прыродзе арэал віду ахоплівае практычна ўсю тэрыторыю Еўропы, еўрапейскую частку Расіі, Сібір (ад Урала да возера Байкал), Казахстан, Кітай і поўнач Манголіі. У Беларусі сустракаецца паўсюдна[9]. Інтрадуцыраваны ў Паўночную Амерыку.
Вільгацелюбівая расліна, блага рэагуе на засухі і спёку. Расце па берагавых зарасніках, у вільготных лясах і іх узлесках, у алешніках, на ўзбалоццях, поплавах і вільготных лугах, адзінкава і невялікімі зараснікамі. Расліна аддае перавагу добра асветленым месцам, хоць мірыцца і з паўценем, але пры гэтым радзей цвіце.
Чорныя парэчкі аддаюць перавагу лёгкім друзлым, добра ўвільготненым урадлівым суглінкам, на глебах з падвышанай кіслотнасцю растуць блага.
Культываванне правіць
Геаграфія правіць
Вытворчасць парэчак і агрэста ў 2005 годзе
|
Дзікарослыя чорныя парэчкі трапляюцца ў Еўропе і Азіі, з іх былі выведзены культурныя сарты. Іх вырошчвалі на Русі з XI ст., разводзілі ў манастырскіх садах, а таксама ў населеных пунктах. Вырошчванне ў Еўропе, як думаюць, пачалося прыкладна ў апошнія дзесяцігоддзі XVII ст.[11]. Адвар з лісця, кары ці каранёў ужывалі як традыцыйны сродак[12].
Падчас Другой сусветнай вайны большасць відаў садавіны, багатай на вітамін С, напрыклад апельсіны, сталі цяжкадаступнымі еўрапейцам. Таму брытанскі ўрад пачаў заахвочваць вырошчанне чорных парэчках, з багатымі на вітаміны ягадамі і прыдатных да мясцовага клімату, і неўзабаве ўраджай значна павялічыўся. З 1942 года сіроп з чорных парэчак распаўсюджвалі бясплатна для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў, што, магчыма, прычынілася вялікай папулярнасці чорных парэчак як араматызатара ў Вялікабрытаніі[13]. У сучаснай Вялікабрытаніі камерцыйнае вырошчванне цалкам механізавана, налічваюць каля 1400 га парэчкавых садоў; ягады вырошчваюць, у асноўным, па кантрактах з вытворцамі сокаў[14]. Найбольш маштабна чорныя парэчкі вырошчваюць ва Усходняй Еўропе для вытворчасці сокаў і канцэнтратаў[15].
Парэчкі былі папулярныя ў Злучаных Штатах Амерыкі, потым сталі рэдкімі праз забарону ў пачатку 1900-х гадоў, калі расліну прызналі пераносчыкам Cronartium ribicola — грыба, які лічылі пагрозай амерыканскай лесанарыхтоўчай прамысловасці[16]. Федэральная забарона на вырошчванне парэчак была адменена ў асобных штатах у 1966 годзе і была знята ў Нью-Ёрку ў 2003 годзе, праз намаганні садоўніка Грэга Куіна . Урэшце, вырошчванне парэчак аднавілі ў Нью-Ёрку, Вермонце, Канектыкуце і Арэгоне[17][18]. Тым не менш, у некалькіх штатах забарона дзейнічае да цяперашняга часу, у тым ліку ў Мэне[19], Нью-Гэмпшыры[20], Вірджыніі[21] і Масачусетсе[22]. Дзякуючы унікальнаму водару і багаццю на поліфенолы , харчовыя валокны і незаменныя пажыўныя рэчывы , вядомасць і папулярнасць чорных парэчак зноў расце[23].
Японія імпартуе вялікую колькасць новазеландскіх чорных парэчак для ўжывання як біялагічна актыўных дабавак , для прыгатавання закусак, прадуктаў функцыянальнага харчавання і хутказамарожанай сыравіны для кулінарнай вытворчасці джэмаў, жэле і іншых прэсерваў[24].
Агратэхніка правіць
Куст парэчак са спелымі пладамі
|
Размнажаць чорныя парэчкі можна рознымі спосабамі: адраўнелымі або зялёнымі чаранкамі, вертыкальнымі і гарызантальнымі атожылкамі. Для вытворчых мэт пасадачны матэрыял атрымліваюць галоўным чынам з адраўнелых чаранкоў. Гадавальнік для вырошчвання парэчак уключае матачна-чаранковы ўчастак і школку саджанцаў. Пасадачны матэрыял чорных парэчак можа выпускацца ў аднагадовым і двухгадовым узросце. Стандартныя саджанцы павінны мець добра разгалінаваную каранёвую сістэму з даўжынёй асноўных каранёў не менш за 15—20 см, а іх надземная частка складаецца з трох-чатырох парасткаў даўжынёй 30—40 см.[25].
Парэчкі высаджваюць восенню. Глебу пад пасадку рыхтуюць загадзя: уносяць гной ці кампост і мінеральныя ўгнаенні, кіслую глебу вапнуюць. Расліны ў шэрагу размяшчаюць прыкладна праз 50 см, адлегласць паміж радамі 2,5—3 м.
Парэчкі добра растуць і плоданасяць у халодным і ўмераным клімаце на ўрадлівых, чыстых ад шматгадовага пустазелля сугліністых і супясчаных глебах. Больш ураджайныя на глебах з рэакцыяй асяроддзя блізкай да нейтральнай.
Э. М. Лабанаў і А. П. Арсенцьеў адзначалі, што расійскія марозаўстойлівыя сарты парэчак чорных могуць пераносіць маразы да −40 …- 50 ºС у загартаваным стане, еўрапейскія сарты пашкоджваюцца пры −30 …- 35 ºС. Аднак абодвы сарты праяўляюць хуткую рэакцыю на адлігі +2 … + 5 ºС пасля стану арганічнага спакою, пачынаючы са снежня—студзеня і асабліва ў другой палове зімы. Поўная гібель фларальнай зоны пупышкі назіраецца пасля наступных за адлігамі маразоў да −20…-25 ºС[26][27].
Догляд раслін заключаецца ў падтрыманні глебы ў рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Парэчкі падкормліваюць мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі.
Важнае агратэхнічнае мерапрыемства — фарміраванне і абрэзка кустоў. У першыя 3—4 гады яно павінна быць накіравана на стварэнне здаровых і моцных раслін, здольных у наступныя гады даваць рэгулярныя і багатыя ўраджаі. Слабыя парасткі выразаюць, пакідаючы найбольш моцнарослыя галіны. Сфарміраваны куст павінен мець не менш 10—16 галін 1—3-гадовага ўзросту. Старыя галіны выдаляюць.
Шкоднікі і хваробы правіць
Мучністая раса на маладым лісці чорных парэчак
|
Шклянніца парэчкавая (Synanthedon tipuliformis)
|
Парэчкі схільныя да шэрагу захворванняў і з’яўляюцца харчовымі раслінамі розных насякомых-шкоднікаў. Былі распрацаваны альбо распрацоўваюцца новыя сарты, каб пераадолець некаторыя з гэтых праблем[28]. Чорныя парэчкі ад шкоднікаў пакутуюць значна менш, чым чырвоныя.
Рэверсія, ці махрыстасць — сур’ёзнае захворванне, якое перадаецца чорным парэчкам парэчкавым пупышкавым кляшчом (Cecidophyopsis ribis). Яно выклікае зніжэнне ўраджайнасці і даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе, але рэдка сустракаецца на іншых кантынентах. Сімптомы ўключаюць змену формы лісця ў летні перыяд і набухлыя пупышкі («вялікія бутоны») зімой, кожная з якіх з’яўляецца домам тысячы мікраскапічных кляшчоў[29]. Барацьба са шкоднікам мае абмежаваную эфектыўнасць, моцна пашкоджаныя кусты павінны быць знішчаны. Усе новыя набытыя расліны павінны правярацца на адсутнасць вірусаў[30].
Таксама моцна пашкоджваецца Sphaerotheca mors-uvae, якой не баяцца чырвоныя парэчкі. У большасці выпадкаў вылечыць куст нельга, можна толькі на год стрымаць развіццё хваробы[31].
Від Cronartium ribicola мае патрэбу ў двух альтэрнатыўных гаспадарах для завяршэння свайго жыццёвага цыклу, адным з якіх павінна быць расліна роду парэчкі (Ribes). На чорных парэчках гэтыя грыбы выклікаюць на лісці бледнасць і пазней на ім развіваюцца дробныя аранжавыя пустулы і часам жоўтыя ніткападобныя сляды на некаторых лістах. Ураджай пладоў мала залежыць ад гэтай хваробы, але лісце ападае раней і рост у наступным годзе запавольваецца. Іншы гаспадар — гэта любы від хвоі з падроду Strobus, у якога паразіт выклікае сур’ёзныя захворванні і гібель дрэва для паўночнаамерыканскіх відаў, якія не эвалюцыянавалі разам з іржой[32].
У канцы 1960-х гадоў амерыканская мучністая раса (сфератэка) са звычайнай для гэтага грыба расліны-гаспадара — агрэста — распаўсюдзілася на чорныя парэчкі, што адбылося адначасова па ўсёй Еўропе. У той час сарты чорных парэчак належалі да аднаго віду, і ўсе яны апынуліся няўстойлівымі да захворвання. Хімічнымі сродкамі змагацца з гэтай хваробай цяжка: патаген зноў заражае расліны, як толькі ядахімікаты змываюцца дажджом або разбураюцца пад уздзеяннем сонечных прамянёў. Да пачатку XXI стагоддзя шляхам выкарыстання ў гібрыдызацыі іншых відаў чорных парэчак — носьбітаў генаў імунітэту да амерыканскай мучністай расы былі выведзеныя сарты імунныя і талерантныя да гэтага захворвання[33]. Амерыканская мучністая раса і мучністая раса можа паражаць лісце і верхавіны парасткаў, а грыбы роду Botryotinia выклікаюць гніль пладоў у вільготным сезоне. Парэчкавая і агрэставая стракатасць лісця парэчкі , якую выклікае Drepanopeziza ribis — гэта яшчэ адна хвароба чорных парэчак, але яна звычайна не з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, паколькі большасць сучасных сартоў маюць да яе рэзістэнтасць[34].
Парэчкавая пупышкавая моль (Lampronia capitella) адкладвае яйкі ў мякаць зялёных ягад, лічынкі жывяцца ўнутры і выядаюць насенне, вясной наступнага года ў фазу набракання пупышак вусені выходзяць з месцаў зімоўкі, угрызаюцца ў пупышкі і выядаюць іх змесціва. Лісцем чорных парэчак харчуюцца лічынкі розных матылькоў, у тым ліку Antitype chi. У чорнапарэчкавага лісця мошкі могуць прывесці да пацямнення, абціскання і скажэння лісця на верхавінах парасткаў, але гэта хутчэй касметычны дэфект. Nematus ribesii адкладае свае яйкі на ніжнім баку лісця і пражэрлівыя лічынкі пракладваюць свой шлях уздоўж парасткаў, згрызаючы ліст за лістом. Пры масавых атаках куст можа застацца зусім аголеным. Лічынкі Synanthedon tipuliformis свідруюць сабе шлях уздоўж цэнтраў парасткаў, якія вянуць і адміраюць. Сярод іншых насякомых-шкоднікаў можна згадаць прадстаўнікоў надсямейства Coccoidea, тлю і скурыстакрылых[32].
Раслінная сыравіна правіць
Сырыя ягады Харчовая каштоўнасць на 100 г прадукта | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Энергетычная каштоўнасць 63 ккал 264 кДж | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Крыніца: USDA Nutrient database |
З лячэбнамі мэтамі ўжываюць ягады, лісце і пупышкі. Як лекавую сыравіну ўжываюць плод парэчак чорных (лац.: Fructus Ribis nigri).
Нарыхтоўка правіць
Збор пладоў праводзяць па меры паспявання, 3—4 разы, у сухое надвор’е, асцярожна, без пашкоджвання[5]. У спякотныя дні збіраць ягады варта раніцай, пасля высыхання расы, і таксама ў канцы дня, калі спёка памяншаецца[5]. У пахмурныя дні ягады можна збіраць увесь дзень пры ўмове іх сухасці[5]. Пры зборы нельга пашкоджваць лісце і галіны[5]. Сушаць у сушылках, спачатку падвяльваючы пры тэмпературы 35—40 ° С, затым дасушваючы пры 55—60 ° С, або ў паветраных сушылках і на гарышчах[5][35].
Лісце збіраюць пасля збору пладоў з сярэдзіны галінак і сушаць у памяшканні, якое добра праветрываецца.
Хімічны склад правіць
У ягадах чорных парэчак змяшчаюцца вітаміны (C (да 400 мг/%[5], па меры паспявання колькасць аскарбінавай кіслаты зніжаецца), B, Р, правітамін A), арганічныя кіслоты (лімонная і яблычная), розныя цукры (у асноўным глюкоза і фруктоза), гліказіды і флаваноіды, пекцінавыя, дубільныя, антацыянавыя (цыянідзін, дэльфінідзін) і азоцістыя рэчывы. Мінеральны склад ягад (у мг/%): натрый — 32, калій — 372, кальцый — 36, магній — 35, фосфар — 33, жалеза — 1,3.
Утрыманне аскарбінавай кіслаты ў іншых частках расліны таксама вельмі высокае: у лісці (пасля збору ягад) — да 470 мг/%, у пупышках — да 175 мг/%, у бутонах да 450 мг/%, у кветках да 270 мг/%.
Лісце чорных парэчак багатае на аскарбінавую кіслату, каратын, фітанцыды, эфірныя алеі.
Фармакалагічныя ўласцівасці правіць
Парэчкі маюць патагонныя, мачагонныя і замацавальныя ўласцівасці. Лісце, пупышкі і плады чорных парэчак аказваюць дэзінфікцыйнае дзеянне, звязанае з эфірнымі алеямі.
Класіфікацыя правіць
Прадстаўнікі правіць
- Разнавіднасці
У межах віду вылучаюць дзве разнавіднасці[36]:
- Ribes nigrum var. europaeum — тыповая форма;
- Ribes nigrum var. sibirica Е.Wolf — расце ў паўднёвых раёнах Сібіры, горных раёнах і Казахстане.
- Формы
Падчас селекцыі быў выведзены шэраг формаў[37]:
- Ribes nigrum f. aconitifolium Kirchn. — лісце глыбока рассечанае;
- Ribes nigrum f. apiifolium Kirchn. — лісце глыбока рассечанае, лопасці дваяка-пёрыстыя;
- Ribes nigrum f. aureo-variegatum hort. — са стракатым лісцем;
- Ribes nigrum f. chlorocarpum Spaeth — плады зялёныя;
- Ribes nigrum f. reticulatum Nichols. — лісце густа пакрыта жоўтымі стракацінкамі;
- Ribes nigrum f. xanthocarpum Spaeth — плады жоўтыя ці белаватыя.
- Некаторыя сарты
- 'Сеянец Галубкі' — адзін з самых ранніх сартоў;
- 'Мінай Шмыроў';
- 'Беларускія салодкія' — вылучаецца высокай колькасцю аскарбінавай кіслаты;
- 'Памяці Вавілава' — сорт устойлівы да мучністай расы;
- 'Кацюша' — вылучаецца высокай ураджайнасцю і добрай транспартабельнасцю ягад;
- 'Дар Смольяниновой' — ранні буйнаплодны сорт;
- 'Перун' — позні буйнаплодны сорт;
- 'Bong up Black' — буйнаплодны сорт англійскага паходжання;
- 'Ogdens Black Currant' — падобны да папярэдняга;
- 'Cassis de Maples' — неапалітанскі сорт;
- 'Русская Крупноплодная Огородная' — цягавітая расліна, але з ягадамі сярэдняй велічыні;
- 'Victoria' — з дробнымі ягадамі;
- 'Жёлтоплодная' — ягады, якія найбольш падыходзяць для налівак;
- 'Борцоволистная' — з буйнымі ягадамі і глыбокарассечаным лісцем;
- 'Пёстролистная' — з дробнымі ягадамі і буйнымі, спярэшчанымі белымі палоскамі, лісцем — дэкаратыўная расліна.
- 'Караидель' — з буйнымі ягадамі сярэдняй масы 1,2 г., лісце цёмна-зялёнае, матавае, маршчыністае.
Таксанамія правіць
Від Парэчкі чорныя ўваходзіць у род Парэчкі (Ribes) сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae) парадку Каменяломнікакветныя (Saxifragales).
яшчэ 14 сямействаў (па Сістэме APG III) |
||||||||||||
парадак Каменяломнікакветныя | від Парэчкі чорныя | |||||||||||
аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя | сямейства Агрэставыя | род Парэчкі |
||||||||||
яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін (па Сістэме APG III) |
яшчэ каля 150 відаў | |||||||||||
Значэнне і ўжыванне правіць
Чорныя парэчкі — дэкаратыўны куст, вядомыя формы — стракаталістая і з разразным лісцем.
Дае меданосным пчолам нектар і пылок. Мёдадайнасць дасягае 30 кг з гектара насаджэнняў[38].
Ужыванне ў кулінарыі правіць
Стравы з ягад правіць
У літоўскай кухні пірог з чорнымі парэчкамі — папулярны дэсерт
|
Плады чорных парэчак кіславата-салодкага смаку[5], але маюць асаблівы моцны, даўкі водар. Надзвычай каштоўныя па багацці ў ягадах вітаміна C. Іх ужываюць свежымі і перапрацаванымі.
З парэчак робяць джэмы і жэле, якія лёгка гатаваць з-за высокага ўтрымання ў ягадах пекціну і кіслот[39]. Для кулінарнага ўжывання плады звычайна гатуюць з цукрам для атрымання пюрэ, якое затым могуць працадзіць праз марлю, каб аддзяліць сок. З яго робяць варэнне, напаўняльнікі чызкейкаў , ёгуртаў, марожанага, дэсертаў, сарбетаў і многіх іншых салодкіх страў.
З ягад гатуюць варэнне, павідла, мармелад, пасцілу, ёгурты, начынку для цукерак[9]. Ягады большасці сартоў прыдатныя для хуткага замарожвання. Чорныя парэчкі з’яўляюцца распаўсюджаным інгрэдыентам чырвонай кашы , папулярнага кіселепадобнага дэсерта ў паўночнанямецкай і дацкай кухнях[40].
Выключна моцны водар можа быць прыглушаны спалучэннем парэчак з іншай садавіной, такой як маліна і суніцы ў летніх пудынгах або яблыкі ў пірагах і піражках[41].
Парэчкі таксама ўжываюцца пры гатаванні закусак сэйвары , бо іх даўкі водар дадае пікантную нотку ў многія соусы, мясныя і іншыя стравы. Гэтыя ягады ўключаны ў некаторыя незвычайныя спалучэнні прадуктаў, іх дадаюць да памідораў і мяты, каб зрабіць салату, ужываюць як дадатак да смажанай бараніны і для суправаджэння морапрадуктаў і малюскаў, з іх робяць соўсы-дыпы для барбекю, змешваючы з маянэзам. У дэсертах парэчкі спалучаюць з бананамі і іншай трапічнай садавіной, камбінуюць з цёмным шакаладам або дадаюць да спецыяльнага фарша пры гатаванні традыцыйнай англійскай каляднай стравы мінспай[42].
Напоі правіць
Лікёр Crème de cassis
|
З чорных парэчак гатуюць кісялі, сіропы, сокі, настойкі, віны, лікёры,
Сок чорных парэчак ужываюць у сіропах і настойках для надання колеру і водару. Ён фарміруе аснову для розных папулярных лікёраў, сокавых напояў і смузі. Звычайна, змешваецца з яблычным сокам або сокам іншых чырвоных пладоў, напрыклад, з гранатавым і вінаградным. Вымачаныя парэчкі таксама з’яўляюцца асноўным складнікам лікёру для аперытыву Crème de cassis[43], да якога ў сваю чаргу дадаецца белае віно, каб зрабіць Кір , ці шампанскае, каб зрабіць Кір Раяль .
У Вялікабрытаніі сквош з чорных парэчак часта змешваюць з сідрам, каб зрабіць напой пад назвай англ.: «Cider and black»[44]. Калі яго змешваюць з любым звычайным брытанскім светлым півам, то называюць англ.: «Lager and black». Даданне чорных парэчак да сумесі сідру і лагеру завецца англ.: «Diesel»[45] ці англ.: «Snakebite and black»[46]. Кактэйль англ.: «Black 'n' black» можна зрабіць дадаючы невялікую колькасці соку чорных парэчак да пінты стаўту . Парэчкавы сок часам спалучаюць з малочнай сыроваткай у энергетычных напоях[47].
У Вялікабрытаніі 95 % чорных парэчак вырошчваюць для маркі «Ribena» (брэнд фруктовых сокаў, назва якога паходзіць ад лацінскай назвы чорных парэчак — Ribes nigrum) і падобных ім сокаў і сіропаў[48].
Іншае правіць
Лісце парэчак ужываюць як вострую прыправу пры засолцы гародніны і грыбоў[5]. Маладое лісце ўжываюць у дыетычных цукрапаніжальных салатах і для араматызацыі квасу, сухое лісце — для запаркі гарбаты, дадаюць у соўсы.
Салодкая гарэлка можа быць настояна на лісці, што робіць яе насычана зелянява-жоўтай з даўкімі водарам і смакам. Ягады можна дадаваць падобным жа чынам[49].
У харчовай прамысловасці таксама выкарыстоўваюць пупышкі, з іх гатуюць фруктовую эсенцыю і сіропы[5].
Выкарыстанне ў медыцыне правіць
Высушанае лісце парэчак
|
У народнай медыцыне свежыя і сухія ягады раяць пры страўнікава-кішачных захворваннях (язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрытах з паніжанай кіслотнасцю і інш.), пры парушэнні рытму сардэчнай дзейнасці[50][51].
Высушанае лісце з’яўляецца актыўным у дачыненні дызентэрыйнай палачкі і можа выкарыстоўвацца як дапаможны сродак, які падвышае актыўнасць антыбіётыкаў. Лісце парэчкі ідзе таксама ў склад вітамінных збораў разам з лісцем маліны, брусніц і пладоў шыпшыны.
Чорныя парэчкі выкарыстоўваюць для лячэння і прафілактыкі цынгі і ў комплексе лячэбных мерапрыемстваў пры розных захворваннях, звязаных з крывацечнасцю[5].
Свежыя і перапрацаваныя ягады раяць пасля цяжкіх захворванняў, дзецям, людзям пажылога ўзросту. У выглядзе «сырога» варэння, джэму, соку або адвараў чорныя парэчкі прызначаюць пры С- і Р-гіпавітамінозах, крывацёках, захворваннях крывяносных сасудаў, склерозе, ацёках, пры халестэрынавым атэрасклерозе, моцнай стамляльнасці, напружанай разумовай і фізічнай рабоце, прастудных і шэрагу інфекцыйных захворванняў. Свежыя і перапрацаваныя плады аказваюць вяжучае і мачагоннае дзеянне.
Сок з мёдам п’юць пры бранхітах, ларынгітах, якія суправаджаюцца кашлем і ахрыпласцю, карысны ён і пры гастрытах з паніжанай кіслотнасцю. Ён мае мачагонныя, процірэўматычныя, танізоўныя і процізапаленчыя ўласцівасці. Парэчкі ўжываюць пры лячэнні рэўматызму, захворваннях нырак і мачавога пузыра, падагры, гіпертаніі.
Іншае правіць
Алей насення чорных парэчак з’яўляецца інгрэдыентам у касметычных прэпараты, часта ў спалучэнні з вітамінам Е. З лісця можна атрымаць жоўты фарбавальнік, а плады з’яўляюцца крыніцай для сіняга або фіялетавага фарбавальніка[52].
У культуры правіць
У мастацтве правіць
Чорныя парэчкі малявалі Іаган Адам Шлезінгер , Ёхана Хелена Херальт , Элізабэт Клэспер і іншыя.
-
Іаган Адам Шлезінгер . «Чырвоныя парэчкі»
-
Ёхана Хелена Херальт , «Фруктовы нацюрморт з насякомымі»
-
Элізабэт Клэспер. «Кошык вішань і парэчак»
У геральдыцы і філатэліі правіць
На гербе расійскага горада Каргата выяўлена галіна чорных парэчак з ягадамі. Выява чорных парэчак была выкарыстана на паштовых марках Манголіі ў 1968[53] і 1987[54] гадах, Польшчы ў 1974 (серыя, прысвечаная Міжнароднаму кангрэсу садаводства)[55], Балгарыі ў 1991 годзе[56], Швецыі ў 1995 годзе[57], Беларусі ў 2004 годзе, Узбекістана ў 2007 годзе і Босніі і Герцагавіны ў 2015 годзе.
-
Герб Каргата
-
Паштовая марка Беларусі
-
Паштовая марка Узбекістана
Зноскі правіць
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 111. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Смородина черная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 97-100. — 200 с. — 130 000 экз.
- ↑ Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
- ↑ Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
- ↑ Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
- ↑ а б в г д е Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп. — Мн.: Ураджай, 1981. — 159 с., 16 л. ил.
- ↑ Жуковский П. М. Культурные растения и их сородичи. — 3 изд.. — Л.: Колос, 1971. — 752 с.
- ↑ Crops: European Black Currant . Economic plants and their diseases, pests and weeds. AgroAtlas. Праверана 2 чэрвеня 2013.
- ↑ Grieve, Mrs M.. Currant, black . Botanical.com: A modern herbal (1931). Праверана 3 чэрвеня 2013.
- ↑ Titmuss, Richard Morris (2001). Welfare and Well Being: Richard Titmuss's Contribution to Social Policy. The Policy Press. p. 85. ISBN 1861342993.
- ↑ Blackcurrant breeding and genetics(недаступная спасылка). Scottish Crop Research Institute. Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 10 верасня 2013.
- ↑ Pluta, Stan. The blackcurrant breeding program in Poland, aims and recent improvements(недаступная спасылка). Research Institute of Horticulture, Skierniewice, Poland. Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2013. Праверана 10 верасня 2013.
- ↑ US Agricultural Research Service Note . Ars.usda.gov. Праверана 6 снежня 2009.
- ↑ Foderaro, Lisa W.. New York Times . New York Times (16 кастрычніка 2003). Праверана 6 снежня 2009.
- ↑ USDA Plant profile for Ribes nigrum L., European black currant . Plants.usda.gov. Праверана 6 снежня 2009.
- ↑ Chapter 1: White Pine Blister, Pine Blister Rust, Quarantine on Currant and Gooseberry Bushes. . Department of Conservation, Bureau of Forestry, State of Maine. Праверана 18 снежня 2009.
- ↑ NH RSA 227-K, White Pine Blister Rust Control Areas . Gencourt.state.nh.us (1 студзеня 1996). Праверана 6 снежня 2009.
- ↑ Specialty Crop Profile: Ribes (Currants and Gooseberries)(недаступная спасылка). Virginia Cooperative Extension. Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2013. Праверана 8 верасня 2013.
- ↑ Currants and Gooseberries: Prohibited Towns in Massachusetts . UMass Extension: Center for Agriculture (1 красавіка 2012). Праверана 4 верасня 2012.(недаступная спасылка)
- ↑ Addy, Rod. Blackcurrants nutrients hailed as opportunity (9 верасня 2009). Праверана 4 чэрвеня 2013.
- ↑ New Nutrition Business, Japan makes a superfruit out of the humble blackcurrant, 2006(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2010. Праверана 6 снежня 2009.
- ↑ Асновы 1998.
- ↑ Лобанов Э. М. Применение метода дифференциального термического анализа при изучении промерзания почек у сибирских сортов плодовых и ягодных культур // Основные направления научного обеспечения отрасли садоводства Сибири : сб. науч. тр.. — Новосибирск: 1991. — С. 54-66.
- ↑ Арсентьев А. П. Устойчивость смородины чёрной к морозам и весенним заморозкам // автореф. дис. канд. с.-х. наук. — М.: 2000.
- ↑ Pest and Disease(недаступная спасылка). The blackcurrant. The Blackcurrant Foundation. Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2013. Праверана 8 верасня 2013.
- ↑ Black Currant Gall Mite(недаступная спасылка). Currant and Gooseberry Pests. USDA/ARS National Clonal Germplasm Repository (1 сакавіка 2000). Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2012. Праверана 9 сакавіка 2013.
- ↑ Which magazine: Blackcurrant reversion(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2019. Праверана 18 лістапада 2016.
- ↑ Флора СССР, т. 9 1939, с. 179.
- ↑ а б Organic Black Currant Production Manual . PEI Horticultural Association. Праверана 2 чэрвеня 2013.(недаступная спасылка)
- ↑ Астахов А. И. Смородушка, сморода... настоящее и будущее культуры // Наука и Жизнь : журнал. — 2006. — № 7.
- ↑ Gilbert, E. G. (1970). Soft Fruit Growing. Penguin. pp. 101–118. ISBN 1445512254.
- ↑ Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 238. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014.
- ↑ Флора СССР, т. 9 1939.
- ↑ Деревья и кустарники СССР 1954.
- ↑ Абрикосов Х. Н. и др. Смородина // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 342. Архівавана 7 студзеня 2012.
- ↑ Ministry of Agriculture, Fisheries and Food (1968). Home Preservation of Fruit and Vegetables. HMSO. pp. 16–23.
- ↑ Danish food . Denmark-getaway.com. Праверана 6 чэрвеня 2013.
- ↑ Slater, Nigel (2010). Tender, vol.2: a cook's guide to the fruit garden. UK: Fourth Estate. p. 592. ISBN 0007325215.
- ↑ Blackcurrants: Basics of cooking(недаступная спасылка). New Zealand Blackcurrant Co-Operative. Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2013. Праверана 4 чэрвеня 2013.
- ↑ Hamilton, Andy. Andy Hamilton's delicious homemade creme de cassis (11 ліпеня 2012). Праверана 1 чэрвеня 2013.
- ↑ Schultz, Alex. Cider & Black Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2013. Праверана 1 чэрвеня 2013.
- ↑ Schultz, Alex. Diesel Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2012. Праверана 1 чэрвеня 2013.
- ↑ Schultz, Alex. Snakebite Cocktail Recipe(недаступная спасылка). Alex's cocktail recipes. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2013. Праверана 1 чэрвеня 2013.
- ↑ Jaworska, G.; Sady, M.; Grega, T.; Bernaś, E.; Pogoń, K. (2011). "Qualitative comparison of blackcurrant and blackcurrant-whey beverages". Food Science and Technology International. 17 (4): 331–341. doi:10.1177/1082013210382480. PMID 21844063.
- ↑ Cox, Kenneth; Curtis-Machin, Raoul (2008). Garden plants for Scotland. Frances Lincoln. p. 146. ISBN 071122675X.(недаступная спасылка)
- ↑ Boylan, Andrew. Currant, black . Incredible Edibles (2007). Праверана 4 чэрвеня 2013.
- ↑ Black Currant Extract Ribes Nigrum Anthocyanidins(недаступная спасылка). MDidea (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2017. Праверана 7 верасня 2013.
- ↑ Vogl, S.; Picker, P.; Mihaly-Bison, J.; Fakhrudin, N.; Atanasov, A. G.; Heiss, E. H.; Wawrosch, C.; Reznicek, G.; Dirsch, V. M.; Saukel, J.; Kopp, B. (2013). "Ethnopharmacological in vitro studies on Austria's folk medicine - An unexplored lore in vitro anti-inflammatory activities of 71 Austrian traditional herbal drugs". Journal of Ethnopharmacology. 149 (3): 750–71. doi:10.1016/j.jep.2013.06.007. PMC 3791396. PMID 23770053.
- ↑ Lim TK (2012). Edible Medicinal And Non-Medicinal Plants: Volume 4, Fruits, Edible Medicinal and Non-medicinal Plants. Springer Science & Business Media. p. 39. ISBN 9400740530.
- ↑ Паштовая марка Манголіі 1968
- ↑ Паштовая марка Манголіі 1987
- ↑ Паштовая марка Польшчы
- ↑ Паштовая марка Балгарыі
- ↑ Паштовая марка Швецыі
Літаратура правіць
- Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор акад. В. Л. Комаров; Редактор тома С. В. Юзепчук. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1939. — Т. IX. — С. 252—254. — 540 + XIX с. — 5 200 экз.
- Деревья и кустарники СССР. Дикорастущие, культивируемые и перспективные для интродукции. / Ред. тома С. Я. Соколов. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1954. — Т. III. Покрытосеменные. Семейства Троходендроновые — Розоцветные. — С. 198—199. — 872 с. — 3 000 экз.
- Скляревский Л. Я., Губанов И. А. Лекарственные растения в быту. — М.: Россельхозиздат, 1970. — С. 161—162. — 223 с. — 500 000 экз.
- Гаммерман А. Ф., Гром И. И. Дикорастущие лекарственные растения СССР. — М.: Медицина, 1976. — С. 106. — 288 с. — 415 000 экз.
- Турова А. Д., Сапожникова Э. Н. Лекарственные растения СССР и их применение. — 4-е изд. стереотип.. — М.: Медицина, 1984. — С. 245—246. — 304 с. — 100 000 экз.
- Валузнёў А. Р. Парэчкі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз. — С. 127—128
- Телятьев В. В. Полезные растения Центральной Сибири. — Иркутск: Восточно-Сибирское книжное выдавецтва, 1985. — С. 135—136. — 384 с. — 100 000 экз.
- Николайчук Л. В., Жигар М. П. Целебные растения: Лекарственные свойства. Кулинарные рецепты. Применение в косметике. — 2-е изд., стереотип.. — Х.: Прапор, 1992. — С. 173—176. — 239 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-7766-0516-4.
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал.: Ткачоў М. А. (гал. рэд.) i iнш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 629—632. — 731,[1]c. — ISBN 5-85700-079-3
- Каравосаў В. Ц., Арлоўскі А. С., Фядотаў У. Л., Лазоўскі А. А. Асновы сельскай гаспадаркі: Вучэб. дапам. у 2 ч. Ч. 2. Паляводства, гароднінаводства, садаводства, жывёлагодоўля. — Пад рэд. У. Л. Фядотава. — Мн.: Ураджай, 1998. — С. 206—210. — 327 с. — ISBN 985-04-0241-5.
- Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. 718. Ribes nigrum L. — Смородина чёрная // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во научных изданий КМК, Ин-т технологических исследований, 2003. — Т. 2. Покрытосеменные (двудольные: раздельнолепестные). — С. 354. — 3 000 экз. — ISBN 9-87317-128-9.
- Мазнев Н. И. Энциклопедия лекарственных растений. — 3-е изд., испр. и доп.. — М.: Мартин, 2004. — С. 390—391. — 496 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-8475-0213-3.
- Смородина чёрная // Лекарственные растения / авторы-сост. И. Н. Пустырский, В. Н. Прохоров. — Мн.: Книжный дом, 2005. — 704 с. — (Большая кніга советов).(недаступная спасылка)
Спасылкі правіць
- US Agricultural Research Service Note
- Болезни и вредители смородины
- Смородина чёрная: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
- Ribes nigrum L. (Смородина черная) // ИАС «ООПТ России» (руск.)
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2019 года Беларускай Вікіпедыі. |