Паходня (таварыства)

таварыства
(Пасля перасылкі з Паходня, таварыства)

Паходня — гісторыка-культурнае таварыства. Заснавана 12 сакавіка 1986 у г. Гродна як клуб па ініцыятыве супрацоўнікаў Інстытута біяхіміі АН БССР, з пачатку 1991 — таварыства. Перарэгістраванае ў 2000 і 2006, ліквідаванае ў 2021[1][2].

Паходня
Дата заснавання 12 сакавіка 1986
Тып гістарычнае таварыства

Гісторыя дзейнасці правіць

На першае пасяджэнне, якое на 12 сакавіка 1986 склікаў Мікола Таранда і якое прайшло ў гарадскім Доме культуры, прыйшло 19 чалавек[3]. Назвы "Паходня" тады яшчэ не было, удзельнікі збіраліся пад назвай “Клуб аматараў гісторыі і культуры роднага краю”. Неўзабаве паўстала суполка, чальцамі якой былі вядомыя навукоўцы, літаратары, мастакі, музыканты, інжынеры, студэнты ВНУ і школьнікі, шмат з якіх належалі да камсамолу і КПСС. Суполка праводзіла рэгулярныя сустрэчы, наладзіла кантакты з іншымі падобнымі суполкам па ўсёй Беларусі[4].

11 траўня 1986 на пасяджэнні клуба Міхасю Ткачову прапанавалі стаць Прэзідэнтам клуба, але ад ганаровай пасады ён адмовіўся. Аднак ужо ў чэрвені Ткачоў пагадзіўся стаць прэзідэнтам “Паходні”, каб сваім аўтарытэтам абараніць яе ад нападкаў з боку ўладаў[4].

Намаганнямі таварыства стала традыцыйнае правядзенне ў Гродне Купалля, Дзядоў, калядных вечарын. Члены таварыства ўдзельнічалі ў раскопках Гродзенскага Старога замка, пабудове помніка паўстанцам 1863 (Воранаўскі раён), аднаўленні старажытнага гарадскога гадзінніка на званіцы Гродзенскага фарнага касцёла, працавалі па добраўпарадкаванні былой сядзібы Ф. Багушэвіча ў в. Кушляны Смаргонскага раёна, на Гродзенскіх могілках, у арганізацыі фестываляў музыкі «Рок-крок» у 1988 у адкрыцці помніка А. Гаруну ў Кракаве (Польшча), з 1990 у фестывалях беларускай музыкі «Басовішча» на Беласточчыне (Польшча), правядзенні збору сродкаў для помніка К. Каліноўскаму ў Гродне і інш.

З экскурсіямі наведвалі мясціны, якія звязаны з гісторыяй Беларусі, у т.л. поле, дзе адбылася Грунвальдская бітва 1410. З 1988 таварыства актыўна ўдзельнічае ў экалагічным руху, праводзіць вечарыны, прысвечаныя выдатным дзеячам XVIIXIX стст., сустрэчы з вучонымі-гісторыкамі, літаратарамі, мастацтвазнаўцамі, мастакамі, краязнаўчыя канферэнцыі (да 100-годдзя Гродзенскага рэвалюцыйнага гуртка, 125-годдзя паўстання 1863—1864, 400-годдзя Статута ВКЛ 1588 і інш.). У 1990 пры таварыстве створана скауцкая суполка, у 1991 — хор царкоўнай песні «Бацькаўшчына».

Вось як характарызавалася дзейнасць таварыства, збоку партыйнага кіраўніцтва БССР:

  Кіраўніцтва і найбольш актыўныя члены аб'яднання маюць мэтай зацвердзіць уласны аўтарытэт сярод пэўнай часткі насельніцтва вобласці і рэспублікі, уцягнуць яе ў арбіту сваёй карыснай дзейнасці і тым самым надаць аб'яднанню незалежны характар. Яны публічна рэкламуюць сябе ці не адзінымі паслядоўнымі барацьбітамі за перабудову, шырокую і аб'ектыўную галоснасць, патрабуюць прадставіць ім трыбуну друку, радыё і тэлебачання  

[5]

Нягледзячы на ўсе перашкоды з боку партыйнага кіраўніцтва, сярод членаў таварыства былі 13 камуністаў і 34 камсамольцы[6].


У 2000-х перастала весці актыўную дзейнасць[7]. Мікола Таранда тлумачыў гэта тым, што многія былыя актывісты «Паходні» ініцыявалі стварэнне сваіх таварыстваў і грамадскіх арганізацый:

Гэта і Таварыства беларускай мовы, аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ», грамадскае аб’яднанне «Цэнтр “Трэці сектар”», хор беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», клубы, фонды…[3]

Таварыства было ліквідавана ў 2021 годзе па рашэнні кіраўніцтва, які і шэраг іншых грамадскіх арганізацый і таварыстваў Гродна і Гродзеншчыны на хвалі масавага пераследу грамадскіх арганізацый[8]. Ліквідацыяй займаўся заснавальнік і шматгадовы кіраўнік «Паходні» Мікалай Таранда. Перад гэтым яго звольнілі з пасады дацэнта ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце[9].

Задачы таварыства правіць

  • вывучэнне гістарычных падзей, жыцця і творчасці выдатных прадстаўнікоў мінулага
  • вывучэнне помнікаў архітэктуры Гродзеншчыны
  • удзел у паходах па выдатных мясцінах Беларусі
  • арганізацыя сустрэч з выдатнымі сучаснікамі
  • прапаганда беларускіх звычаяў і традыцый, музыкі, літаратуры, фальклору, беларускай мовы.

Прэзідэнты таварыства правіць

  • М. А. Ткачоў 1986—1989

Спасылкі правіць

Зноскі

  1. Сведения из Единого государственного регистра юридических лиц и индивидуальных предпринимателей о юридическом лице.
  2. З0 год мінула, а дух “Паходні” жывы: заснавальнікі першай у Гродне дэмакратычнай арганізацыі сустрэліся ў “Крызе” – Твой стыль  (13 сакавіка 2016). Праверана 6 лютага 2024.
  3. а б Мікола Таранда: “Паходня” аб’яднала ўсю Гародню”. – Твой стыль  (14 сакавіка 2011). Праверана 6 лютага 2024.
  4. а б 30 гадоў гарадзенскай "Паходні". Твой стыль. Праверана 6 лютага 2024.
  5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). — Ф. 4. — Воп. 157. — Спр. 131. — А. 8.
  6. НАРБ. — Ф. 4. — Воп. 160. — Спр. 1092. — А. 2—16.
  7. Свабода, Радыё. Дасьледаваньне “Свабоды”: 20 гадоў гарадзенскай “Паходні” . Радыё Свабода (7 снежня 2007). Праверана 6 лютага 2024.
  8. Психологи, ученые, спортсмены, журналисты. Более 20 общественных организаций ликвидируют в Гродно (руск.). Hrodna.life - русская версия (6 лютага 2024). Праверана 6 лютага 2024.
  9. К, А.. Звольнілі актывіста, узмацнілі прысуд, далі штраф за "Пагоню". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці . Hrodna.life (16 мая 2021). Праверана 6 лютага 2024.

Літаратура правіць

  • Таранда, М. «Паходня» / Мікола Таранда // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 452. — ISBN 985-11-0141-9.