Наўгародская разня

Наўгародская разня (руск. «новгородское дело»; 1570) — пагром, учынены маскоўскім царом Іванам IV у падуладным яму Ноўгарадзе і іншых гарадах Паўночнай Русі — Пскове, Цвяры, Таржку, у часы апрычніны.

Нягледзячы на тое, што спачатку гэта было актам помсты за ўяўную здраду мясцовай праваслаўнай царквы, разня стала, магчыма, самай жорсткай у гісторыі апрычніны, з ахвярамі, паводле ацэнак, ад дзвюх да пятнаццаці тысяч чалавек і незлічонымі актамі жорсткасці. Пасля разні Ноўгарад страціў пазіцыі аднаго з галоўных гарадоў Русі, праз згубу насельніцтва і вынішчэнне сельскай акругі.

Пастанова пра паход на Пскоў і Ноўгарад прынята апрычнай думай у снежні 1569 года. Повадам былі сведчанні пра здраду наўгародцаў, як думаюць, падробленыя на загад цара вярхамі апрычніцтва. Сапраўднай прычынай, як думаюць даследчыкі, магла быць эканамічная магутнасць Ноўгарада, якая пагражала памкненням Івана IV да поўнай цэнтралізацыі ўлады. У Аляксандраўскай слабадзе Іван IV склікаў усё апрычнае войска, каб пакараць Ноўгарад за «вялікую здраду». Камандаваў паходам Малюта Скуратаў.

Ад самага пачатку паходу апрычнікі чынілі шматлікія бязсудныя расправы. У Таржку былі забіты палонныя лівонскія немцы і татары, а таксама некалькі соцень высланых з Пскова пасадскіх людзей; у Таржку і Цвяры — 500 палачан, высланых з Полацка пасля ўзяцця яго маскоўскім войскам у 1563 годзе. Паводле справаздачы Скуратава, які быў паранены ў час расправы ў Таржку, забітых было каля 1,5 тысяч чалавек; у большасці людзі з пасадскіх нізоў. Звесткі сучаснікаў пра забойства 9 тысяч чалавек у Цвяры, на думку Скрыннікава, перабольшаныя ў 10 разоў.

Пасля ранення Скуратава камандаванне апрычным войскам узяў сам цар Іван. 8 студзеня 1570 года ён увайшоў у Ноўгарад; рабаванні, арышты, катаванні і забойствы «за здраду» пачаліся тым самым днём. Схопленых і іх сямейных палілі і тапілі, некаторых — публічна. Сярод ахвяр былі наўгародскія дзякі і падзячыя, мясцовыя памешчыкі, багатыя купцы, архіепіскапскія баяры і «дзеці баярскія». За перыяд да канца студзеня такім чынам забіта да 800 чалавек. Пасля гэтага апрычнае войска пад кіраўніцтвам цара абрабавала да 30 навакольных манастыроў.

Прыблізна ў сярэдзіне лютага 1570 года «царскі суд» быў скончаны, і тады пад кіраўніцтвам цара адбыўся агульны напад апрычнікаў і пагром горада, і асабліва — пасада, які дагэтуль жыў збольшага нармальным жыццём. Магчыма, повадам паслужыў рост незадаволенасці гараджан і паасобныя выступленні супраць тэрору ў папярэднія дні. У кожным разе, былі дзве мэты — папаўненне царскага скарбу і застрашэнне насельніцтва.

Наўгародскі торг быў разрабаваны, тавары панішчаныя. Асабліва жорсткім было стаўленне да бяднейшых слаёў насельніцтва — мноства жабракоў, якія сабраліся ў Ноўгарадзе праз голад, былі выгнаны за гарадскія межы, дзе і загінулі ад холаду і голаду. З 6 тысяч двароў у Ноўгарадзе было разбурана 5 тысяч. У далейшым гандаль быў абкладзены надзвычайнымі падаткамі і зборамі; заходнееўрапейскі гандаль быў падбураны на доўгія гады. Апрычнікі вывезлі з Ноўгарада архіепіскапскі скарб, славутыя іконы, званы і святыя рэчы з Сафійскага сабора. Але наогул, разгром пасада насіў застрашальны, а не вынішчальны характар.

Пасля Ноўгарада цар з апрычным войскам пайшоў на Пскоў, але пачаты было там пагром быў спынены, і войска вярнулася ў Маскву.

Тады ж Іван IV загадаў пабудаваць для сябе ў Ноўгарадзе ўмацаваную рэзідэнцыю, што і зрабілі, разбурылі 13 сакавіка 1570 года яшчэ 227 двароў і выселілі да 1 тысячы наўгародцаў «на Гандлёвай старане ад Волхава». У 1571 годзе Іван IV узяў у апрычніну палову разбуранага Ноўгарада (Гандлёвую старану) і дзве наўгародскія пяціны, Бежацкую і Абанецкую. Так Іван IV імкнуўся стварыць для сябе запасную ўмацаваную базу ў Ноўгарадзе, бо страціў давер да тагачаснага кіраўніцтва апрычніны і да маскоўскіх вярхоў.

Расправа ў Ноўгарадзе выдаецца з іншых падзей апрычніны тым, што была скіравана не толькі супраць баярства і дваранства, але і супраць прасцейшых слаёў грамадства, а таксама жорсткасцю, рэдкай для падзей таго часу ў Расіі. У выніку яе Ноўгарад, які і перад гэтым цярпеў гаспадарчы спад, быў аслаблены назаўсёды.

На думку Зіміна, уласна разгром Ноўгарада быў «неабходным», бо эканамічная магутнасць горада перашкаджала цэнтралізацыі ўлады ў дзяржаве. З гэтай думкай не згаджаецца Скрыннікаў, які сцвярджае, што «слушны шлях» да цэнтралізацыі ляжаў не праз пагромы, а праз наладжванне гандлёвых сувязяў Ноўгарада ўнутры дзяржавы.

Літаратура правіць

  • Лекции по русской истории / [соч.] проф. С. Ф. Платонова. — 10-е издание, пересмотренное и исправленное. — Петроград : издал Ив. Блинов, 1917. — [2], II, 743 с. ; 26 см.
  • Скрынников Р. Г. Иван Грозный. — М.: ООО «Издательство АСТ». 2001—480 с.: [12] л. ил. — (Историческая библиотека).