Паэтычны эпас Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Эпас Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча складаецца з шэрагу вершаваных аповесцей сярэдзіны 1850-х гг. Асноўныя сярод іх «Гапон», «Вечарніцы» (1855), «Купала» (1856), «Травіца брат-сястрыца», «Шчароўскія дажынкі», «Быліцы. Расказы Навума» (1857). Частка эпічных твораў напісана на польскай мове. Сярод іх больш значныя «Славяне ў ХІХ стагоддзі», «Люцынка, або Шведы на Літве». Пераклаў Дунін-Марцінкевіч на беларускую мову і два раздзелы паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1859).

Часам эпічныя творы Дуніна-Марцінкевіча адносяць да жанру паэмы. Але такая іх трактоўка некалькі ўмоўная, хоць развітасць сюжэтаў і характарыстык герояў у некаторых творах, прыўзнятасць тону апісанняў, звязаная з ідэалізацыяй, узвышэннем асобных герояў, даюць пэўныя падставы адносіць іх і да жанру паэмы. Асабліва гэта датычыць вершаванай аповесці «Гапон» і часткова «Вечарніц», а таксама «Быліц» як цікавых нізак асобных эпічных песень.

Эпічныя творы Дуніна-Марцінкевіча — яркая старонка беларускай літаратуры ХІХ ст. Яны ўзніклі ў сярэдзіне 1850-х гг., у час, калі вёска і горад у Беларусі не былі яшчэ ўзрушаны пра волю сялян, калі ўсё, што ўсталявалася тут дагэтуль, ляжала даволі спакойным, нібы вечным аблогам. Менавіта ад таго, што з адчуваннем гэтага спакою крануўся Дунін-Марцінкевіч паказу сялянскай Беларусі, яго вершаваныя аповесці дыхаюць даволі ціхамірна разгорнутай эпічнасцю. Гэтая эпічнасць ва ўрачыстасці падачы малюнкаў жыцця, непаспешлівасці апавядання, узбуйненні вобразаў цёмных і ветлых сіл, рэзкай палярызацыі носьбітаў дабра і зла, у трапяткой веры герояў у незвычайныя сілы і іх уздзеянне на людскі лёс, як і ў шырокай, дабрадушнай усмешцы аўтара і немудрагелістай яго насмешцы з наіўнасці прасцякоў.

Народная аснова — жыццё народных мас, сюжэты і тэмы, узятыя з яго, выяўленне народнай маралі, светаразумення простага чалавека, паказ бытавых абставін з іх этнаграфічнымі асаблівасцямі, шырокае выкарыстанне фальклорнага матэрыялу — галоўнае ў эпасе Дуніна-Марцінкевіча. У гэтых сваіх рысах эпас яго — сапраўдны арыгінальны мастацкі феномен.

Так ці інакш, вершаваныя аповесці Дуніна-Марцінкевіча 1850-х гг. занялі значнае месца ў яго творчасці. Яны адлюстравалі жыццё беларускага народа і каштоўныя перш за ўсё праўдзівым выяўленнем нацыянальнага каларыту. Ад іх крытычнага пафасу ўжо ў новых гістарычных умовах, пасля рэформы 1851 г. і паўстання 1863—1864 гадоў, Дунін-Марцінкевіч прыйшоў да стварэння арыгінальных п’ес «Пінская шляхта» і «Залёты».

«Гапон» правіць

Кароткі змест правіць

Песня 1. У карчме весяліцца вясковы люд, п’юць гарэлку, танцуюць, спяваюць. З’яўляюцца войт з аканомам, вяселле спынілася, усіх апанаваў страх. Не спалохаўся толькі Гапон. Ён закрычаў, каб маладыя ўцякалі з хаты, бо ходзяць чуткі, «што некрутаў будуць браць». Хоць Гапон адчайна супраціўляўся, «яго, беднага, звязалі дый у калодкі скавалі».

Песня 2. У вялікім сяле стаялі хаціны дзвюх удоў, Усцінні і Грыпіны. У першай з іх быў сын Гапон, «горды, смелы, зух дзяціна», прыгожы і нават пісьменны. У другой — дачка Кацярына. і маткі, і дзеці думалі пра вяселле, ды ўмяшаўся аканом. Ён пачаў заляцацца да дзяўчыны, тая ж прыгразіла, што паскардзіцца Гапону. Аканому далажыў карчмар, што Гапон збіраецца ажаніцца з Кацярынай. Ён страшэнна раззлаваўся. Калі войт прывёў хлопца, то кінуўся да яго з кулакамі, каб не вольнічаў, «без двара ў сваты слаць». Гапон абразы не стрымаў і пан аканом вымушаны быў ратавацца ўцёкамі. Помсцячы, ён абылгаў Гапона перад пані і хлопца аддалі ў салдаты. Кацярыну «зазваў у двор», паставіўшы за мэту дабіцца ўзаемнасці. Дзяўчына не бачыць выйсця, плача і просіць Бога, «штоб акончыў цяжкі мукі». Выпадкова пачула галашэнні сіраты пані. Пачала пытацца, хто яе так пакрыўдзіў, і даведаўшыся праўду, прагнала аканома, а Кацярыну ўзяла «пакаёвай дзяўчынай». «Пані яе палюбіла, чытаць, пісаць навучыла».

Песня 3. Пайшоў пяты год, «Гапон на вайне як служыць, Кацярына па ім тужыць». У горадзе Магілёве ідзе набор у войска. Поруч з «ясным маршалкам», строгім панам з крыжамі (узнагародамі) на грудзях, «пузатым, быццам, мядзведзь, такім касматым», доктарам і тоненькім, хітрым пракурорам сядзіць малады прыгожы афіцэр. Першым перад камісіяй апынуўся былы аканом, які к гэтаму часу стаў аднадворным (набыў уласную гаспадарку). Доктар, агледзеўшы аканома, знайшоў ганьбу («Відна, з сабой яны зналісь, пярвей, відна, пастаралісь», — адзначаецца ў творы). Аканом усяляк жаліцца на свае здароўе. Малады афіцэр кінуўся да аканома. Загадаў здаць яго ў салдаты, адправіўшы спачатку ў лазарэт і праверыўшы яго хваробу. Перапалоханы аканом у афіцэры пазнаў Гапона. Песня 4. Кацярына ў пакоях пані знешне вельмі змянілася — «панску гаворку сумела і сукеначку надзела». Але яна не здрадзіла вясковаму жыццю, тужыць па ім, як і па каханаму. Аднойчы вечараму двор з’явіўся афіцэр. Ён кінуўся пані ў ногі з просьбай злучыць яго з каханай дзяўчынай. Кацярына, пазнаўшы Гапона, таксама прыпала да ног сваёй заступніцы. Гапон, хоць «чыноў дажыўся», вырашыў «простым звычаем, мужыцкім абычаем» гуляць вяселле. Ён пасылае сватоў да Агрыпіны. Пасля сватання (запоін), жаніх едзе да хаты нявесты, потым, разам з Кацярынкай — да пані, запрасіць на вяселле. Пані Прыгожы пасаг дала, Радасну слёзку ўраніла, Маладых благаславіла, Сама к вянцу павяла.

Ідэйны змест і сацыяльны напрамак правіць

У 1850-х гадах пісьменнік стварае паэму «Гапон» — самы спелы тыповы для яго стылю і мастацкай манеры перадрэформеннага перыяду твор. Паэма цалкам напісана добрай, каларытнай беларускай мовай, густа перасыпанай афарызмамі, прыказкамі і прымаўкамі, запазычанымі з жывой крыніцы сялянскага побыту. Пісьменнік не адкрывае новых даляглядаў на грамадскія адносіны паміж прыгоннымі і прыгоннікамі глядзіць тымі ж вачыма, што і аўтар «Сялянкі». Ён «меў на ўвазе правесці тую думку, — слушна падкрэслівае акадэмік Я. Карскі, — што паны добразычлівыя, а калі часам бываюць несправядлівыя ў адносінах да сваіх сялян, дык гэта таму, што яны ўводзяцца ў зман аканомамі… Паны таму павінны звяртаць сур’ёзную ўвагу на іх характар і маральнасць, бо аканомы злоўжываюць сваёй уладай і псуюць добрыя адносіны, існуючыя паміж рабочым людам і абшарнікамі». Дунін-Марцінкевіч быў у палоне сваіх утапічных поглядаў на гістарычны працэс развіцця грамадства, і лёс прыгонных не здаваўся яму такім трагічным. Пісьменнік імкнуўся давесці, што разумны, маральна вытрыманы, працавіты і здольны селянін заўсёды можа разлічваць на шчодрую ўзнагароду «ўладароў свету белага». «Дабрадзейства ўзнагароджваецца, зло караецца», — такі лейтматыў «Гапона», запазычаны з псеўдакласічнай літаратуры. Паэма мае яскрава выражаны дыдактычны характар, нягледзячы на многія рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту, звычаяў, на трапна схопленыя рысы характараў некаторых тыповых прадстаўнікоў прыгоннай вёскі.

Сюжэт правіць

Сюжэт паэмы нескладаны і ясны. Узаемнаму каханню маладых людзей прыгоннай вёскі — Гапона і Кацярыны — перашкаджае маральна разбэшчаны, хцівы і нікчэмны панскі паслугач — аканом. Бруднымі інтрыгамі перад «дабрачыннай» паняй ён дабіваецца здачы Гапона ў салдаты. Тым часам аб бессаромных заляцанках аканома да Кацярыны даведалася пані. Яна злітавалася над беднай дзяўчынкай, забрала яе «ў пакоі» і нават пачала вучыць «панскай гаворцы». Злы аканом быў выгнаны са службы. Нечакана з’яўляецца Гапон, але ён ужо не салдат: у войску ён «дайшоў» да афіцэра. «Добрасардэчная» пані бласлаўляе яго шлюб з Кацярынай, і маладыя людзі, «аблашчаныя і ашчасліўленыя», не нарадуюцца сваім шчасцем. Тут жа высветлілася, што ў Магілёве афіцэр Гапон выкрыў сімуляцыю аканома і здаў яго ў салдаты. Так зло было пакарана, а дабрадзейнасць спраўляла сваю ўрачыстасць. Ясна, што ўся гэтая ціхая і бесклапотная ідылія, упарадкаваная пад эгідай «добразычлівай» пані, магла мець месца толькі ў фантазіі ліберальнага Дуніна-Марцінкевіча. Хоць пісьменнік і запэўніваў сучаснікаў, што ў аснову сюжэта «Гапона» пакладзены «сапраўдны выпадак», ён не мог, тым не менш, узвысіцца да прызнання таго, што выпадак яшчэ не ёсць тыповасць. Выпадак сапраўды мог мець месца, і адзін сялянскі сын Гапон мог стаць афіцэрам. Аднак выпадак не ёсць яшчэ тыповасць. І як бы ўпарта і настойліва прыгонны селянін ні імкнуўся «выбіцца ў людзі», не парушаючы ўстояў прыгоннага ладу, далей панскага ярма ён пасунуцца не мог.

Вобраз Гапона правіць

Высокія маральныя якасці характару Гапона, яго шчырасць і вернасць сваёй «сялянскай натуры» сцвярджаюцца паслядоўным развіццём сюжэта паэмы. Вобраз Гапона паказаны на рэалістычным фоне традыцыйных сялянскіх гулянак і ігрышчаў той эпохі, праз народны лад песні, танцы і разгульныя — у межах прыстойнасці — паводзіны, зухаватасць і весялосць. Гапон кідаецца ў шалёны вір танца пад «шум, крык і гоман сельскай дружыны». Ён не зважае на тое, што «гаспадары за сталом гучна гутарку вядуць, а ляндарка з лендаром мёд, гарэлку раздаюць». Яго не бянтэжаць таксама і «хлопцы, дзеўкі, маладзіцы», што «ля парога гаманяць», і «старыя чараўніцы», якія «цішком ля печы сядзяць».

— Ананія, рэж вясёлы! -

Крычыць громка наш Гапон,

Дый, сабраўшы ў світцы полы,

Мэрам хохлік, мэрам ён.

І нішто яго зараз не спыніць. Гарачая кроў пеніцца, і ён «то ўпрысядкі выкідаець, ажно стогнець пад ім пол, то галубца падбіваець, ажно трасецца хахол».

— Ах, ух! Давай жару,

Давай болі, давай пару! -

нястрымана «крычыць Гапон дый гуляець, пад скрыпачку падпяваець».

— Эх, чух, Кацярынка!

Чабоцікі красны;

Каму блішчаць, каго любяць

Твае вочкі ясны?..

Твае кудры ўюцца,

Скачыць, пляшыць мая міла,

Аж шчокі трасуцца.

Дунін-Марцінкевіч не хавае сваёй сімпатыі да закаханых. Ён імкнецца паказаць іх такімі, якімі яны ёсць у жыцці, у сваёй роднай стыхіі. Аўтару сапраўды нельга адмовіць у шчырасці і вернасці ідэалу станоўчага ў сялянскім побыце, — калі ён, дарэчы, бачыў яго не праз ружовыя акуляры шляхецкай псіхалогіі… Тады праўда жыцця перамагала, і пісьменнік не мог не надаць сваім героям з народа рэалістычныя рысы:

Хоць Гапон чыноў дажыўся,

Ды ведаў, з каго радзіўся,

Не хацеў прынараўляць

Панам, — а простым звычаем,

Ён мужыцкім абычаем

Задумаў вяселле сыграць.

Крыху раней, яшчэ перад адыходам у войска, ён таксама не хацеў прынараўляць панскаму паслугачу аканому, бясстрашна ўзняўшыся на яго з калом у руках у знак пратэсту супраць прымусу і няволі.

— Чаго ты тут прыскяпаўся?

Думаеш, баюсь я цябе! -

Гнеўна ўскрыкнуў Гапон на аканома, не зважаючы на яго сілу. -

Ах ты, маўляў, ваўкалака,

Здзекуешся тут над намі;

Сцеражыся ж ты, сабака!

Помні, што і мы з зубамі.

Паказам высокіх разумовых і маральных якасцей сваіх сялянскіх вобразаў, выяўленнем іх душэўнай чысціні і прыгажосці пісьменнік будзіў сімпатыі і павагу да простых людзей прыгоннай вёскі, сеяў добрае зерне спачування да іх чалавечай годнасці. Яму мроіліся бездакорныя, працавітыя і пакорлівыя тыпы сялян, свабодныя ад свавольства падпанкаў. І іх ідэал ён увасобіў у многіх сваіх дарэформенных творах, у тым ліку і ў вобразах Гапона і Кацярыны. Гапон, у адрозненні ад сваёй каханай, надзелены больш яркімі рэалістычнымі рысамі. Ён выйшаў менш рытарычным, з меншай доляй сентыментальнай расчуленасці. Гэтага нельга сказаць пра Кацярыну.

Вобраз Кацярыны правіць

Як мастацкі вобраз, Кацярына атрымалася слабейшай за Гапона, з большымі адзнакамі чыста знешніх рыс, чым высокіх яе маральных якасцей і псіхалагічных асаблівасцей. Хаця для Дуніна-Марцінкевіча яна спалучэнне самых светлых душэўных якасцей вясковай прыгажуні. Усімі даступнымі яму сродкамі мастацкага ўздзеяння аўтар імкнецца выклікаць да яе любоў і спачуванне. Дунін-Марцінкевіч жадае, каб і чытач бачыў яго гераіню ва ўсёй прыгажосці маральнай чысціні і дзявочай красы. Пісьменнік не дапускае, каб Кацярына не магла не выклікаць да сябе павагі і сімпатыі. У рытмічным танцы-песні яна «пяець, пляшаць, падбіваець, усяк вокам за ёй брыдзець, як ластаўка падплываець, ажно хочацца глядзець»… Раптам яна «на міленькага зірнула, хваць, спаднічку распусціла, тройчы запяткам падбіла».

Дробны ножкі выкідаець,

Чаравічкі скрыпяць,

А із вочак аж сіяець,

Быццам іскры ляцяць

Не дзіва, што Кацярына зачаравала і «добрую» пані. І калі пані даведалася пра здзекі аканома, хваляванне ахапіла яе, і яна «ўспляснула рукамі і залілася слязамі дый такі дала прыказ»;

— Каб пана аканома

Ні нагі тут каля дома

За гадзіну не было.

Бо аканом аднолькава шкодзіць і пану, і селяніну, сцвярджае аўтар.

Міф пра «дабрадзейную» пані правіць

Дзе ж выратаванне? У «ідэальным» пане, прататып якога, наперакор жыццёвай праўдзе, тэндэнцыйна выведзены ў «Гапоне» ў асобе «дабрадзейнай і ласкавай» прыгонніцы. Развітацца са сваімі утапічнымі поглядамі на сучасныя яму грамадскія адносіны паміж прыгоннымі і прыгоннікамі Дунін-Марцінкевіч не мог у перадрэформенны перыяд і заставаўся на сваіх старых пазіцыях. Яго ідэйныя перакананні не маглі не адбіцца адмоўна на мастацкім абліччы літаратурных вобразаў. Нягледзячы на многія іх станоўчыя, жыццёва праўдзівыя рысы, усе яны, за выключэннем аканома і, у значнай меры, Гапона, атрымаліся занадта дэкларацыйныя, з моцным налётам сентыментальнай расчуленасці. Сіла сапраўднага таленту Дуніна-Марцінкевіча выяўлялася тады, калі ён адыходзіў ад сентыментальных адносін да рэчаіснасці і набліжаўся да рэалістычнага мастацтва. Гэтая здаровая тэндэнцыя даволі яскрава выявілася ў творы «Гапон» у вобразе аканома.

Вобраз аканома правіць

Дуніна-Марцінкевіч не меў патрэбы прыхарошваць «панскіх паганцаў», бо ўжо вельмі балюча яны «даваліся ў знакі» беднаму люду. Ён адкрытымі вачыма глянуў на іх самавольства, здолеўшы знайсці ў лакейскай натуры падпанкаў тыповае і надаць яму жывыя, адухоўленыя рысы. У выніку і атрымаўся даволі яркі мастацкі тып панскага паслугача — тупога, абмежаванага мардабоя, настолькі ж зацятага, як і палахлівага. Яго партрэтная характарыстыка не пазбаўленая яркіх рэалістычных рысаў. І, што не менш важна, чыста знешнія асаблівасці аканома пераканаўча падкрэсліваюць яго душэўны стан, выяўляюць мізэрную псіхалогію і духоўнае ўбоства механічнай асобы, аслепленай сваёй ўладай.

Рыжы вусы аканомы

Шчэццю уверх паднялісь;

Зіркнуў скоса на Гапона,

Вочы кроўю налілісь,

Губы страшна пакрывіў,

Кнут у жмені аж трашчыць…

Нізкая, нікчэмная натура аканома нічога не ведае, акрамя аховы прыгонніцкіх парадкаў і антычалавечных звычаяў сваіх хлебадаўцаў. Ён гатовы «сцерці ў парашок» Гапона толькі за тое, што той не спытаўся ў пані дазволу ажаніцца з Кацярынай.

— Як ты смееш, воўча юха!

Без двара ў сваты слаць?..

Ось — я табе, уражы сыну,

Як адвешу сотні дзве,

То забудзеш Кацярыну,

Да забудзеш і сам дзе.

Гапон, як вядома, знайшоў у сабе сілу волі пастаяць за сябе, за свой гонар, і гэта было да густу пісьменніка, які не мог і на гэты раз адступіць ад жыццёвай праўды. Паядынкам Гапона з аканомам Дунін-Марцінкевіч перасцерагаў паноў, каб яны не пакідалі сялян на волю лёсу сваіх нядобрасумленных паслугачоў і не надта ім давяралі. Бо той жа аканом сваім парадкам, груба і зняважліва, працягваў заганяць на паншчыну, не спыняючыся нават перад пабоямі і цынічнымі пагрозамі.

Каб выявіць да канца гэтую абразлівую для народа праўду, пісьменнік свядома падкрэслівае: «А ўжо нечага маніць: доўга будзе памятаць. Калі возьмець драць і біць, то і з зямлі не ўстаць». Дунін-Марцінкевіч умеў «глянуць праўдзе ў вочы»: тады рэалістычны спосаб мыслення падказаў яму і такую, тыповую для прыгонніцкай рэчаіснасці, карціну, на фоне якой адбываліся ўсе гэтыя жахі, прымус і здзекі паноў і іх служак:

Вот ночка яшчэ цямненька,

Дожджык, як з сіта, прышчыць,

А войт даўным-даўнюсенька

Загад пад акном крычыць:

Хто пойдзе дровы рубаць,

Хто крупы таўчы і драць,

А хто цэпам малаціць,

Каму брагу калаціць.

Мастацкае майстэрства пісьменніка правіць

Узняцца да рэвалюцыйнага пратэсту супраць прыгонніцкіх парадкаў пісьменнік, як вядома, не мог. Але што яго ідэйна-творчае развіццё ўсё больш прыкметна схілялася да рэалізму, — відавочна. У «Гапоне» мы бачым рысы не толькі рэалізму (паказ сучаснасці, праўдзівыя карціны, узятыя з рэчаіснасці, матывацыя ўчынкаў герояў, увага да мастацкіх дэталяў), але і рамантызму (урыўкавасць кампазіцыі, навелістычны сюжэт, зварот да фальклору, пафас свабодалюбства), класіцызму (дыдактызм, адназначная характарыстыка персанажаў), сентыменталізму (узвышэнне простага чалавека, шчаслівы фінал, культ пачуццёвасці).

«Вечарніцы» правіць

Кароткі змест правіць

Вечарніца 1. Дурны Зміцер, хоць хітры.

Песня 1. У хаце дзеда Ананія бываюць самыя цікавыя вечарніцы (вячоркі). Да яго любяць прыходзіць маладыя і сталыя людзі, паслухаць «казкі» старога. Дзед успамінае Мінск ранейшых часоў. Ні адной не сустрэнеш мізэрнай хаты. Людзі «шчодрыя, добрыя, натуры не панскай». Усяго хапала і ўсё было таннае.

Песня 2. Дваццаць гадоў назад у Лошыцкім сяле каля Мінска жыў мужычок па імені Зміцер, «хоць дурань вялікі, ды мужык хіцёр», гультай, ласы на гарэлку, сквапны чалавек. На радаўніцу павёў на кірмаш прадаваць цялушку. Паклаў грашовую паперку ў кішэню, туды ж запхнуў і купленага селядца. У карчме, выпіўшы чарку, пачаў закусваць селядцом. і калі ад яго засталіся толькі «галоўка, хвасток», заўважыў, што разам з рыбінай з’еў выручку за цялушку.

Песня 3. Жыло калісьці ў Мінску некалькі паноў, якія любілі строіць жарты над іншымі, былі адметнымі ілгунамі. Зміцер панёс прадаваць пеўня. Хваліць свой тавар, зазывае пакупнікоў. Падышоў да яго адзін пан і спытаў, колькі ён хоча за зайца. Зміцер здзівіўся, што яго пеўня называюць зайцам. Падышоў другі пан і таксама пачаў гаварыць пра зайца. Зміцер перапалохаўся і зусім разгубіўся. Пасля трэцяга пана, які назваў яго пеўня зайцам, ён падыйшоў да ксяндза з пытаннем, хто ў яго ў руках. Ксёндз (адзін з мінскіх адмысловых ілгуноў) пацвердзіў, што трымае ён сапраўды зайца. Тады селянін перастаў верыць сваім вачам, вырашыўшы, што на яго напусціла туману жонка. і пачаў прадаваць зайца. Да Зміцера падышлі два паны і абурыліся, што ён падманвае народ. Сталі клікаць дзесятнікаў. Ад страху з крыкам «Згінь-прападзі, нячыстая сіла!» Зміцер кінуў пеўня.

Вечарніца 2. Стаўроўскія дзяды

Песня 1. Зноў у дзеда сабралася грамада. Ананій распавядае пра даўнія часы, калі «было людзей многа, што не ў хрысціянскай веры пражывалі, нячыстай сіле паклон аддавалі». У Лагойску, у моцным крывіцкім замку княжыў Грамабой, добры, адважны, шчыры пан. Недалёка ад Лагойска жыў з сям’ёй мужык Даніла. Меў ён другую жонку, родную і прыёмную дачку. Цяжка жылося Кацярыне з мачыхай. Данілава сям’я памінае стаўроўскіх дзядоў. Кінуўшы пад стол усякай стравы, клічуць Стаўра і Гаўра, сабак, якія калісьці верна служылі крывіцкаму князю Вою, за што князь загадаў пасля іх смерці ўшаноўваць памяць. У сенях быццам нешта зашумела. Мархва, мачыхіна дачка, ухапіла рыдлёўку, каб выгнаць сабак, Кацярына паставіла перад імі міску з ежай. Сабакі аблізалі дзяўчыне ногі і пайшлі з хаты, ` пакінуўшы залаты абраз Лады і жалезны хрысціянскі крыж. Мархва забрала сабе залаты абраз, а крыж надзела на Кацярынку.

Песня 2. Грамабой правіў справядліва, «не даваў у крыўду мужычкоў». Любіў паляванне, змагаўся з паганскай сілай разам з літоўскім князем Вітам. Князь Віт раіць Грамабою ажаніцца, прычакаць дзетак, каб пакінуць пасля сябе на княстве. Цэлы год князь з панамі раіўся, у якія землі пасылаць сватоў. Самы стары радца прапанаваў даручыць ксяндзу Апанасу спытаць у нябесных багоў. Аднойчы, стаміўшыся на паляванні, князь заснуў у лесе. Прысніўся яму сон, што сівенькі дзядок вядзе прыгожую маладую дзяўчыну з жалезным крыжыкам на грудзях. Ён гаворыць князю, што воля багоў — узяць за жонку дзяўчыну, якая носіць падарунак Стаўра. Вярнуўшыся ў замак, Грамабой аддаў загад адшукаць дзяўчыну з крыжыкам. Пачуўшы пра гэта, да князя з’явілася Мархва. Але раззлаваны князь скінуў яе з замкавай тары. Мархва зламала шыю і «ў сыру зямельку сышла без пары». Пошукі «стаўроўскай дзевы» працягваюцца, «князь паноў ганяе, крычыць, што крый божа!» Дапамагае адшукаць нарачоную князя малады гусляр, які прысутнічаў у Данілавай хаце пры з’яўленні Стаўра і Гаўра. Стары Даніла вядзе дачку ў замак. Глянуўшы на Кацярыну, князь адразу яе пазнаў і аб’явіў, што гэта яго жонка і княгіня для крывічан. Сем дзён гулялі вяселле, «здаволь пілі, елі, досыта скакалі не жалелі лапцяў». Заканчвае стары Ананій «казку», што і ён на тым вяселлі быў, «піва, мёд, гарэлкі досыта папіў», хоць у роце нічога не было, затое «па барадзе уздаволь цякло».

Вечарніца 1. «Дурны Зміцер, хоць хітры» правіць

Сэнс «Вечерніц» не столькі ў анекдотах, якія апавядае Ананій, колькі у імкненні аўтара даць карціны народнага жыцця саміх вечарніц (вечароў) як часткі жыцця з іх сялянскімі завядзёнкамі, урачыстасцю, прывабнасцю. І гучаць на вечарніцах апавяданні Ананія не толькі пра кірмашовыя прыгоды Змітра, які сапраўды высмейваецца, бо ёсць за што, але і дзіўныя гісторыі пра даўніну, пра свой край, яго старажытная звычаі, абрады. Дунін-Марцінкевіч як мастак імкнецца раскрываць паэтычныя бакі і сучаснага яму народнага побыту і паэзію гісторыі краю, народа. Ён будзіць гістарычную памяць народа. Абуджаць жа яе ў чалавека азначае будзіць у ім грамадзяніна. З аднаго боку, Дунін-Марцінкевіч абуджаў свядомасць селяніна тым, што высмейваў няўдаліцу-п’яніцу, яго зацюканасць, з другога, — тым, што паказваў, якая гісторыя за плячыма ў гэтага мужыка. Так рэалізавала сябе ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча яго асветніцкая ідэя, а з ёю гуманізм, сардэчнасць адносін пісьменніка да селяніна-беларуса.

Вечарніца 2. «Стаўроўскія дзяды» правіць

Раздзел «Вечарніц» «Стаўроўскія дзяды» — адзін з першых у беларускай арыгінальнай літаратуры зваротаў да гістарычнай тэмы. «Стаўроўскія дзяды» не могуць не зацікавіць апісаннем старажытнага на Беларусі абраду ўшанавання душ продкаў. Ідучы ў след за А. Міцкевічам, Дунін-Марцінкевіч разам з тым арыгінальны ў паказе гэтага свята. Арыгінальнасць яго ў вельмі дакладнай падачы этнаграфічна-бытавых рэалій, якія, як і сам сюжэт песні, Дунін-Марцінкевіч узяў з прадмоў Я. Баршчэўскага да «Шляхціца Завальні».

Гістарызм «Стаўроўскіх дзядоў» рамантычна-фальклорны. Ён звязаны з адкрытай ідэалізацыяй мінулага. Прычым Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе мінулае, зыходзячы зноў жа з улюбёнай сваёй мары аб ідэальным агульнажыцці паноў і мужыкоў. Любіць князь Грамабой сваіх «добрых крывічан», «не папушчаў у крыўду бедных мужычкоў», «як гляне на аканома ці на камісара, усяляку праўду з-пад ногця пастане». І мужыкі «яго кахалі», «маўляў родненькага бацьку спатыкалі». Словам, князь Грамабой добры бацька-пан, мужычы князь і нават абуткам не адрозніваецца ад мужыкоў:

Прыходзіць дахаты, і з лапцей разуўся,

Анучы развесіў, радных паноў зве.

Народна-сялянская мара аб добрым князю была своеасаблівым пратэстам супраць кепскіх уладароў, супраць таго, што было. І мастак, які выражаў гэтую наіўную сялянскую мару, выражаў складаную гаму сялянскіх адчуванняў, мерак сацыяльнага дабра і зла, народных уяўленняў і спадзяванняў. Эпас Дуніна-Марцінкевіча ўсім гэтым і станавіўся своеасаблівай народнай кнігай сацыяльна-гістарычнага вопыту, летапісам адчуванняў і мар народа ў час, калі ён знаходзіўся яшчэ ў патрыярхальным стане, але гэта не значыць, што жыў без мары, без прагі вырвацца ў лепшае будучае, без своеасаблівай рэакцыі на сацыяльнае зло.

Адной з сюжэтных ліній «Стаўроўскіх дзядоў» з’яўляецца лінія своеасаблівай беларускай Папялушкі — Кацярынкі. Працавітай, прыгожай падчарыцы Кацярынцы і яе добраму бацьку Даніле супрацьстаяць тут брыдкая гультавая Мархва і крывадушная, злая маці Мархвы Параска. Князь Грамабой пасля непаразуменняў з Мархвай, нарэшце, жэніцца шчаслівы з сумленнай Кацярынкай. Узнагароджана шчасцем дачкі дабрата Данілы, пасаромлена ў сваіх беспадстаўных прэтэнзіях зайздросніца-мачыха, а Мархва пакарана: спушчана князем з высокай гары і разбітая насмерць. Трыумф чысціні народнай этыкі, які сцвярджаў эпас Дуніна-Марцінкевіча, хоць і быў звязаны з ідэалізацыяй, тым не менш не зніжаўся ад гэтага ў сваім пафасе, шчырасці, гуманізме.

Ідэалізацыя селяніна правіць

Любы эпас — ідэалізацыя. Гэта ўжо ў самой эстэтычнай прыродзе эпасу як роду літаратуры. Вышыня гэтай ідэалізацыі — вышыня героя, які паэтызуецца, які ўзносіцца на п’едэстал ідэальнага. Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе перш за ўсё селяніна. Ён — цэнтральны герой яго эпасу, і ў больш індывідуалізаванай іпастасі (Гапон), і ў больш сумарных вобразах апавядальнікаў-казачнікаў Халімона Наклікі з аповесці «Купала», Ананія з «Вечарніц», Навума з «Быліц». Апошнія падобныя адзін да аднаго, як блізняты. Яны чалавечна мяккія, дасціпныя, шчодрыя на душэўную дабрату, умудроныя гадамі носьбіты народнай этыкі. Прычым патрыярхальная памяркоўнасць, богабаязь, павага да пана, да феадальных абавязкаў, — гэта ёсць у іх, і гэтым яны таксама любы пісьменніку.

Ды як толькі Дунін-Марцінкевіч звяртаўся да паказу самога жыцця, паглыбляўся ў падказаныя ім ці фальклорам сюжэты, селянін пачынаў паўставаць з-пад яго пяра не толькі ў абліччы патрыярхальнага дзеда. Гэта можна бачыць на прыкладзе легенд «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы».

«Травіца брат-сястрыца» правіць

У легендзе «Травіца брат-сястрыца» спагадліваму, добраму душой працаўніку Даніле Краковічу супрацьстаіць здрадлівая каварная Усціння. Яна пакідае Данілу і ўцякае з каханкам-аканомам Батогам, зманіўшы з сабой дачку Данілы Алёнку. Распуснае жыццё Усцінні і Алёкі лёс як неабачлівы суддзя чалавечых учынкаў неўзабаве сурова карае. Алёнка ў чужым горадзе, у шынку, які трымае Усціння з Батогам, сустракае Мірона. Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, але шчасця не спазналі, бо, даведаўшыся, што яны брат і сястра, пакончылі самагубствам.

Гэты фальклорнага паходжання сюжэт даў мажлівасць Дуніну-Марцінкевічу стварыць жывыя, хоць і несімпатычныя, вобразы Усцінні, Батога. У цэлым твор паказвае сёння і тое, як далёка не анёльскім было жыццё прыгонных сялян, і як яны лёгка давалі волю страсцям, кулакам, і як дух нажывы і матэрыяльнай выгады захлёстваў іх, як зацягвала іх у свае здрадлівыя сеткі прага асалод і розныя іншыя чалавечыя слабасці.

У сувязі з раскрыццём драматычных сюжэтаў, як у легендзе «Травіца брат-сястрыца», эпас Дуніна-Марцінкевіча як карціна народнага жыцця набываў зусім новыя фарбы і акцэнты. Ён у цэлым драматызаваўся, набываў унутраны дынамізм, тэма наканаванасці лёсу, адплаты за маральныя ўчынкі ў сваім трагічным завастрэнні ўжо не сутыкалася з хрысціянскай мараллю абавязковага пакарання злых учынкаў пакутамі. Мірон, які пакахаў родную сястру, ці ж ён у гэтым вінаваты? Вінавата яго маці Усціння, але чаму за яе грахі павінен цярпець, гінуць невінаваты ён? Такім фіналам Дунін-Марцінкевіч выходзіў у яшчэ больш складаныя філасофскія развагі аб матывах віны і кары, аб лёсе чалавека і яго адказнасці ў жыцці за лёс іншага.

«Быліцы. Расказы Навума» правіць

Складаюцца з двух частак: «Злая жонка» (утрымлівае 2 песні: «Браты» і «Злая жонка») і «Халімон на каранацыі» (утрымлівае 2 песні: «Дарога» і «Каранацыя»). Аб’яднаны апавяданнем Навума.

«Злая жонка» правіць

1-я частка ўяўляе сабой народнае апавяданне маральна-дыдактычнага характару, мастацкага этнаграфізму у сабе не ўтрымлівае.

У быліцы «Злая жонка» расказваецца пра тое, як свавольная жонка спачатку пасварыла мужа з яго братам, а потым праз яе нядбальства загінула іх уласнае дзіця. Аўтар асуджае п’янства і распусту, амаральныя паводзіны, якія даводзяць да бяды.

Больш глыбока характар прыгоннага селяніна раскрываўся ў дзеянні, пэўнай сітуацыі, якая вымушала героя-селяніна паступаць так, а не іначай. Перад выбарам быў пастаўлены герой «Быліц» Тодар Сак, жонка якога Улляна, бавячыся ў шынку, не ўбачыла, як згарэў яе дом, загінула ў агні дзіця. Тодар са злосці гатовы забіць жонку. Нават родны бацька праклінае дачку-гуляку. Але кідаецца яму ў ногі маці Улляны Таццяна, і бацька лагаднее. Таццяна кідаецца на грудзі і зяцю. Зяць таксама ўлагоджваецца, і ўсё, па волі аўтара, сыходзіцца на адным — на ўшчуванні Таццяны — маткі распусніцы Улляны.

Калізія вельмі драматычная. Сялянскія героі Дуніна-Марцінкевіча тут жывыя, тэмпераментныя людзі. Была, такім чынам, у эпасе Дуніна-Марцінкевіча не толькі ідэалізацыя зацішных вечарніц, але і зазіранне пад саламяныя стрэхі, пад якімі кіпелі пачуцці, адбываліся сялянскія драмы. Але Дуніну-Марцінкевічу лягчэй было з ціхамірнымі дзядамі, чым з апанаванымі драматычнымі пачуццямі героя. І таму ён адразу ж выводзіў гэтых герояў з афекту, адразу ж залагоджваў буру іх пачуццяў.

«Халімон на каранацыі» правіць

У быліцы «Халімон на каранацыі» расказваецца як вясковы старшына Халімон Забалотны ездзіў у Маскву на каранацыю імператара Аляксандра іі. Герой твора па-свойму асэнсоўвае падзеі, праз яго разважанні аўтар як бы падводзіць чытача да думкі, што «бацькоўскі клопат» цара пра сваіх падданых няшчыры, вернападданніцкія настроі народа нетрывалыя. Твор быў забаронены для публікацыі царскай цэнзураю.

Дзеянне адбываецца пасля Крымскай вайны. Абавязкам Халімона лічыцца: «Не зганьбіць беларускую чэсць». У яго (беларускага селяніна) ёсць пачуццё гонару за Беларусь. Прасочваецца маштабнасць нацыянальнай праблематыкі.

Паездкай у Маскву аўтар зацікаўлівае чытачоў. У «Халімоне на каранацыі» выкарыстаны элемент інтрыгі. Жанр гэтай часткі — падарожжа. А апісанне падарожжа — геаграфічны даведнік для сялян пра Расію.

Дунін-Марцінкевіч пры напісанні гэтага твора выступае як асветнік. Мэта Халімона — сустрэча з царом. Галоўная ідэя «Халімона на каранацыі» асветніцкая. Герой хоча звярнуцца да караля з просьбай навучыць чытаць сялянскіх дзяцей (у гэтым ён бачыць умову паляпшэння жыцця).

Амаль кожны сялянскі герой эпасу Дуніна-Марцінкевіча — чалавек вялікага сэрца, і перш за ўсё гэта трэба сказаць пра Халімона. Трапіўшы ў Маскву, ён становіцца сведкам неймавернай трагедыі: пад нагамі натоўпу пачынаюць гінуць людзі. Халімон выратоўвае ад немінучай смерці нейкую паню з дзіцём. Тая пані запрашае Халімона ў свой багаты дом, і муж выратаванай пані прапаноўвае грошы. Халімон іх не бярэ. Ён просіць гаспадароў даць яму папіць квасу. Халімон — вобраз жывы, да канца праўдзівы.

У "Халімоне на каранацыі наогул з большай сілай, чым ва ўсіх папярэдніх творах, перамог рэалістычны пачатак і народны погляд на жыццё. Чаго варты адзін толькі сказ: «Чакаць — мужыцкая прывычка!», зачэрпнуты з самых глыбінь мужыцкага практычнага вопыту. Мудры гумар, дасціпнасць Халімона ўвогуле робяць яго непасрэдным папярэднікам дзядзькі Антося з «Новай зямлі» Я. Коласа.

Вось Халімон заходзіць на паштовую станцыю:

Ды паштовыя ж там хаты,

Быццам царскія палаты!

Боязна па іх хадзіць,

Ты ў лапцях не пакажыся,

Плюнуць назем сцеражыся!

Там і пол красна блішчыць.

А вось Халімонава ўражанне ад мноства цэркваў у Маскве:

Як у кожную заглянеш,

Святым неўнарокам станеш.

А вось Халімон са сваёй гасціннасцю:

Трэба ж нам тут неўвазнак

Паказаць чэсць беларуску,

Паднясці чарку, закуску, -

Дзе дзела, не грош шастак!

Як нацыянальная рыса характару Халімона выяўляецца ў паэме і яго сціпласць. Пра свой учынак у Маскве з выратаванне кабеты ён расказвае толькі па просьбе.

Вельмі важны у «Халімоне на каранацыі» яшчэ адзін момант. У заключэнні ад аўтара пасля апошніх слоў Халімона ідзе такая рэмарка:

Усе выхвалялі царочка дабрэнька,

Усім, бач, на сэрцы стала весяленька.

Хто выхваляў цара? Халімон? Яго слухачы-сяляне? Аўтар?.. Нельга сказаць, што Халімон абсалютна пазбаўлены царысцкіх ілюзій, але яго адносіны да цара не назавеш прававернымі. Наадварот: усе словы пра цара ў яго з усмешачкай, прытым даволі іранічнай. Вось ён пачынае:

Што ж было ў касцёле, сказаць вам не ў стане,

Як там адбылося царка памазанне…

Баюсь рот разінуць, — вось дзеля сарому, -

Весць аб тым расказы, баш, не мне, дурному…

Назаўтра падумаў: царок кончыў дзела,

Яму з Забалотным бычыцца б прыспела;

Ды дзе там, браточкі! заморскі паняты

Абляглі, вось матку дробныя курчаты.

На першы погляд, нібы нічога асуджальнага і не сказана, але на самой справе паказана, якім далёкім быў цар мужыку Забалотнаму і ўсяму народу. «Усенароднае» свята каранацыі — толькі ігра ва «усенароднага» цара-бацюшку, дэкарацыі і мішура. У цара ж

Ледзь дастала часу даць прыказы строгі,

Штобы Забалотну — баш дзеля дарогі -

Із царскія скрынкі сто рублёў ссулілі,

У абратну дарогу прагон адпусцілі

І ў памяць вяліка дня ўкаранавання

Сярэбрану мядаль далі на прашчанне.

Дунін-Марцінкевіч усім гэтым імітаваў народную манеру гаварыць аб рэчах высокіх, калі ў душы яны такога ж высокага піетэту не выклікаюць. Халімон у сваіх размовах пра цара праўдзівы. Мудрая ўсмешка Халімона — гэта непрыняцце цвярозым розумам мужыка сацыяльнай адчужанасці цара, яго сатрапаў.

«Люцынка, або Шведы на Літве» правіць

Апошняя кніга пісьменніка, надрукаваная пры яго жыцці. У ёй змешчана аднайменнае вершаванае гістарычнае апавяданне ў 4-х абразках (1857 г.) на польскай мове. У творы расказваецца пра гераічнае змаганне мясцовай шляхты з войскамі шведскага караля Карла хіі у час Паўночнай вайны 1700—1721 гг.

У прадмове Дунін-Марцінкевіч захапляецца норавамі, мужнасцю шляхты, яе еднасцю з народам.

Паэма напісана з любоўю да роднай зямлі і яе гісторыі.

Мінулае паўстае ў творы ў рамантычным арэоле гераізму продкаў. У продкаў няма недахопаў, яны не хаваюцца ад вайны. Гераізацыя і ідэалізацыя мінулага проціпастаўляецца сучаснасці.