Паўлінка
«Паўлінка» — п’еса Янкі Купалы (камедыя ў двух актах[1]), напісаная ў 1912 годзе. Упершыню выдадзена асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца»[2].
«Паўлінка» | |
---|---|
![]() Першае выданне «Паўлінкі» | |
Жанр |
п'еса камедыя |
Аўтар | Янка Купала |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 3 чэрвеня 1912 |
Дата першай публікацыі | 1913 |
Электронная версія |
СюжэтПравіць
Гісторыя аб тым, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі. Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, народным гумарам ды своеасаблівымі прыкметамі драматычных калізій пачатку мінулага стагоддзя[3].
Галоўная гераіня разумная, дасціпная і вострая на язык Паўлінка. Гэтая вольналюбівая і здольная пастаяць за сябе і за сваё каханне дзяўчына ідзе ў жыццё самастойнай дарогай. Яна закахалася ў мясцовага настаўніка Якіма Сароку, вобраз якога ўвасабляе новыя павевы ў жыцці вёскі. Яе прываблівае тое святло новых ідэй, якія ён нясе. Аднак на шляху закаханых становяцца перашкоды патрыярхальныя, кансерватыўныя сілы. Але Паўлінка знаходзіць у сабе мужнасць ім супрацьстаяць.
У фінале п’есы падзеі разгортваюцца драматычна — яе каханага Якіма арыштавалі па даносу бацькі Паўлінкі. Такім чынам звычайная сямейна-бытавая калізія перарастае ў глыбокі сацыяльна-палітычны канфлікт, а сама п’еса з бытавой камедыі пераўвасабляецца ў сацыяльна-праблемную[2].
Гісторыя стварэнняПравіць
Камедыя была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню выйшла асобным выданнем у 1913 г. у Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Гэта была першая камедыя, напісаная Янкам Купалам, а таксама і першай яго п’есай[2].
ПастаноўкіПравіць
У 1913 годзе яна была пастаўлена спачатку Першым беларускім драматычным таварыствам у Вільні ў рабочым клубе «Сокал». Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячаў культуры. Акрамя гэтага, з беларускім музычна-драматычным гуртком стала супрацоўнічаў «патрыярх літоўскай незалежнасці» Ёнас Басанавічус[4].
Пасля была прэм’ера ў драматычным гуртку беларускіх студэнтаў У Пецярбургу, дзе ролю Паўлінкі выканала знакамітая Паўліна Мядзёлка. У жніўні 1913 года спектакль быў пастаўлены і ў Беларусі — ў пажарным будынку ў Радашковічах (рэжысёр — Фларыян Ждановіч). У красавіку 1917 года спектакль распачаў дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога фактычна вырас БДТ-1, а потым тэатр, які сёння мы называем імем Купалы[5].
Гэты спектакль, багаты на камедыйныя сітуаці, жарты, песні і танцы, у 1944 годзе быў пастаўлены ў г. Томску, пад час знаходжання тэатру ў эвакуацыі. З тых часоў «Паўлінка» карыстаецца вялікім поспехам у гледачоў, не сыходзячы са сцэны тэатра[3].
Спектакль «Паўлінка» з’яўляецца класікай тэатральнага мастацтва Беларусі, галоўнай візітоўкай мінскага Купалаўскага тэатру. 27 студзеня 2013 года яму споўнілася 100 сцэнічных год. Амаль 68 сезонаў купалаўскі тэатр пачынаў менавіта з «Паўлінкі». Спектакль ідзе ў пастаноўцы Льва Літвінава, калі ў 1944 годзе трупа была ў эвакуацыі ў Томску. І з заканчэннем рэканструкцыі тэатральнага будынку першай на абноўленай сцэне сыграюць менавіта «Паўлінку»[5].
«Паўлінкай» адкрываецца і закрываецца кожны тэатральны сезон Купалаўскага, і гэта адзін з самых папулярных і любімых гледачамі спектакляў. Пад канец 2019 года стала вядома, што спектакль «Паўлінка» ўнясуць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі[6].
ПерсанажыПравіць
- Сцяпан Крыніцкі — засцянковы шляхціц, 45 год;
- Альжбета — яго жонка, 40 год;
- Паўлінка — дачка Крыніцкіх, 19 год;
- Пранцысь Пустарэвіч — сваяк Крыніцкіх, 50 год;
- Агата — яго жонка, 43 гады;
- Якім Сарока — настаўнік, 25 год;
- Адольф Быкоўскі — 24 гады;
- Госці, музыкі[1].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Паўлінка. Янка Купала. Беларуская Палічка. Праверана 28 лютага 2013.
- ↑ 2,0 2,1 2,2 Паўлінка. Янка Купала. Живая библиотека. Праверана 28 лютага 2013.
- ↑ 3,0 3,1 Мероприятие «Паўлінка» уже прошло. TUT.BY. Праверана 28 лютага 2013.
- ↑ Беларускія старонкі Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі (сярэдзіна XIX — першая палова XX ст.)
- ↑ 5,0 5,1 “Паўлінцы” – 100 год!. Купалаўскі тэатр. Праверана 2013-02-81.
- ↑ zviazda.by
СпасылкіПравіць
- Янка Купала. «Паўлінка» : віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі