Паўстанне Хмяльніцкага
Казацка-сялянская вайна (1648—1651) — баявыя дзеянні, распачатыя казацкім паўстаннем ва Украіне на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім у 1648 г., якія вяліся на значнай частцы тэрыторыі Рэчы Паспалітай.[1][2] Пад час вайны ў гетмана і казацкай старшыны з’явіўся план стварэння ўласнай дзяржавы, у межы якой яны хацелі ўключыць і паўднёва-ўсходнія землі ВКЛ, прынамсі Падняпроўе і Палессе.
Перадумовы
правіцьДалучэнне сучасных украінскіх зямель да польскай кароны адбылося ў 1569 годзе пад час Люблінскага сойму, на якім кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст асобным актам далучыў большую яе частку да зямель кароны. З моманту далучэння на гэтых землях адбываўся працэс акаталічвання мясцовай шляхты. Паступова ў руках магнатаў кансалідваліся аграменныя абшары зямлі, з якіх яны спрабавалі атрымаць як мага больш прыбыткаў, узмацняя прыгнёт прыгонных. З 1596 г. пачалося гвалтоўнае распаўсюджванне ўніяцтва сярод мясцовых жыхароў. Праваслаўная шляхта паступова выдалялася з усіх кіраўнічых пасадаў, нават сярэдняга і дробнага рангу.
Гэтыя ўсе падзеі прывялі да цэлага шэрагу паўстанняў пад кіраўніцтвам казакоў у 1620-1630-х гадах. Усе паўстанні былі жорстка задушаны. На ўсе запыты паўстанцаў аб паслабленні прыгнёту, прыгнёт толькі павялічваўся.
1648—1649. Пачатак паўстання
правіцьУвесну 1647 года падстараста Д. Чаплінскі зрабаваў Суботаў, хутар палкоўніка запарожскага войска Багдана Хмяльніцкага. Ён да смерці збіў 10-гадовага сына Хмяльніцкага і звёз жанчыну, з якой той жыў пасля смерці жонкі. Хмяльніцкі пачаў шукаць справядлівасці ў судзе, але марна. Хмяльніцкі не дабіўся праўды нават у караля Уладзіслава. Па адной з легенд, кароль адказаў Хмяльніцкаму: «У цябе ёсць твая шабля». Хмяльніцкі адправіўся на нізы, тэрыторыю ніжэй Запарожскай Сечы, дзе ён хутка знайшоў прыхільнікаў паквітацца з палякамі.
У 1648 годзе Багдан Хмяльніцкі быў выбраны гетманам. Сяляне з усёй Украіны пачлі збягаць ад сваіх паноў і далучацца да Хмяльніцкага. Пачаліся таксама паспяховыя перамовы з крымскім ханам. У выніку хан направіў некалькі тысяч конніцы ў дапамогу казакам.
22 красавіка 1648 адбылася першая вялікая перамога паўстанцаў пад Жоўтымі Водамі. 15 мая амаль 20-тысячная армія палякаў таксама была разбіта каля Корсуня. Пасля гэтых перамог улетку разгарнуліся жорсткія баі на правабярэжжы паміж арміямі Максіма Крываноса і Ярэмы Вішнявецкага. Падчас гэтых дзеянняў моцна пацярпела насельніцтва гэтых тэрыторый. Войскі Рэчы Паспалітай забівалі казакоў і сялян, а паўстанцы гэтаксама сябе паводзілі з шляхтай, духавенствам і яўрэямі, якія часта падтрымлівалі ўлады.
У канцы лета ўрад Рэчы Паспалітой выслаў яшчэ адну 40-тысячную армію супраць Хмяльніцкага пад кіраўніцтвам А. Канецпольскага, М. Астрарога і Д. 3аслаўскага. Але ўсе яны былі слаба дасведчаныя ў вайсковай справе. Упэўненыя ў сваёй перамозе, яны дазволілі паўстанцам заняць надзвычай выгадныя пазіцыі каля Піляўцаў. 23 верасня паўстанцы ўшчэнт разбілі войска Рэчы Паспалітай, баявыя дзеянні перанеслі ў Заходнюю Украіну і ўжо ў лістападзе ўзялі ў аблогу Львоў.
У красавіку 1649 года новая армія палякаў зноў пайшла ў наступ на Хмяльніцкага, але беспаспяхова. 18 жніўня 1649 года было падпісана Збораўскае пагадненне, але гэтай дамовай не былі задаволены абодва бакі.
1650—1651. Белацаркоўскі мір
правіцьУлетку 1650 года і казакі і палякі спрабавалі ізаляваць адзін аднаго дыпламатычна. Дыпламаты Рэчы Паспалітай засцерагалі Маскоўскае царства і перацягнулі на свой бок Васіле Лупу, гаспадара Малдовы. Хмяльніцкі ўзмацніў сваі стасункі з крымскімі татарамі і Асманскай імперыяй. Каб папярэдзіць пашырэнне ўплыву Рэчы Паспалітай у Малдове, Хмяльніцкі ў жніўні 1650 года паслаў вялікае казацка-татарскае войска ў Малдову і прымусіў Васіле Лупу падпісаць дагавор і паабяцаць выдаць дачку Разанду за сына Хмяльніцкага Цімафея.
Тым часам, калі казакі былі ў Малдове, 50-тысячнае войска Рэчы Паспалітай нечакана напала 20 лютага 1651 года на Брацлаў. У чэрвені адбылася галоўная бітва пад Берастэчкам на Валыні. Армія Рэчы Паспалітай, у якой было прыблізна 20 000 нямецкіх наймітаў, набраных з ветэранаў Трыццацігадовай вайны, стала супраць казацка-татарскага войска. Але казацкае войска, з-за адступлення татарскіх загонаў, было разбіта. 10 ліпеня 1651 года ў цяжкіх умовах казацкае войска адступіла да Белай Царквы. На пачатак жніўня літоўскае войска заняла і спаліла Кіеў. Нягледзячы на гэтыя няўдачы, Хмяльніцкі змог сабраць 50 000 войска і 24-25 верасня ўступіў у вырашальны бой каля Белай Царквы. Стомленныя вайной, абодва бакі пачалі перамовы, вынікам якіх быў нявыгадны для Хмяльніцкага Белацаркоўскі мір.
Неўзабаве, пасля падпісання пагаднення, войскі Рэчы Паспалітай і шляхта пачалі вяртацца ва Украіну і аднаўляць стары парадак. Насельніцтва Правабярэжнай Украіны, занепакоеннае з’яўленнем старых паноў, пачало пакідаць свае вёскі і перасяляцца на ўсход, на Левабярэжжа і Слабажаншчыну.
1652—1654. Пераяслаўская рада
правіцьНягледзячы на здабытыя перамогі над палякамі, з’явіліся прыкметы казацкага паслаблення, вынікамі якіх стаў Белацаркоўскі мір, і Хмяльніцкі пачаў шукаць выйсце ў знешняй падтрымцы. У 1651—1652 гадах ён зноў пачаў стасункі з крымскімі татарамі і Асманскай імперыяй. Шлюб Цімафея і Разанды павінен быў забяспечыць саюз з Малдовай. Увесну 1652 года Хмяльніцкі паслаў Цімафея з вялікім войскам у Малдову. 2 чэрвеня 1652 года адбылася пераможная для Хмяльніцкага бітва пад Батогам з 30-тысячным войскам Рэчы Паспалітай. Неўзабаве ў жніўні 1652 года Цімафей пабраўся шлюбам з Разандай. Але вясной 1653 года малдаўскія баяры пры падтрымцы Валахіі і Трансільваніі паўсталі супраць малдаўскага гаспадара і казакоў, а ў верасні Цімафей загінуў, абараняючу Сучаў.
Тым часам на тэрыторыі Украіны зноў пачыналася вайна. Вялікае 80-тысячнае войска Рэчы Паспалітай наступала на Падолле, але было ўзята ў аблогу пад Жванцом у снежні 1653 года.
Тым часам да хана дайшло паведамленне пра рашэнне Земскага сабору ад 1 кастрычніка 1653 года аб пратэкцыі над Украінай і гатоўнасці распачаць вайну з Рэччу Паспалітай. У такіх умовах Рэч Паспалітая і Крымскае ханства адчулі патрэбу замірыцца перад маскоўскай пагрозай.
Ад самага пачатку паўстання Хмяльніцкі падтрымліваў дыпламатычная стасункі з Масквой, але цар Аляксей Міхайлавіч пазбягаў адкрыта падтрымліваць паўстанне, бо гэта азначала б вайну з Рэччу Паспалітай. Аднак пагроза таго, што Хмяльніцкі прызнае верхавенства асманаў, заахвоцілі Маскву да новых перамоў з гетманам у 1653 годзе. Гэтыя перамовы скончыліся падпісаннем Пераяслаўскай дамовы. Па гэтай дамове, Украіна вызнавала пратэктарат маскоўскага цара, захоўваючы сваю поўную аўтаномію.
Дзеянні на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага
правіцьЯшчэ ў маі 1648 г. Багдан Хмяльніцкі пачаў засылаць у паўднёва-ўсходнія раёны ВКЛ сваіх агітатараў, а затым і казацкія загоны, якія распачыналі тут баявыя дзеянні. Універсалы, якія ўкраінскі гетман высылаў аж да Барысава, Быхава і Магілёва, заклікалі сялян узбройвацца ды пачынаць вайну супраць паноў.
Сацыяльная глеба для паўстання ў ВКЛ была вельмі прыдатная, таму казацкі рух хутка тут распаўсюдзіўся. Народныя нізы на поўдні і ўсходзе ВКЛ актыўна ўключыліся ў барацьбу, якая мела ярка выражаны сацыяльны і ў пэўнай ступені рэлігійны характар. Як адзначалі ваяводы памежных маскоўскіх гарадоў, паміж «беларусамі» і «палякамі» пачалася «сварка за веру».
З’яўленне казацкіх загонаў Нябабы, Галавацкага, Крывашапкі, Мікуліцкага, Гаркушы, Сакалоўскага і іншых палкоўнікаў, сярод якіх было нямала беларусаў (з ліку палкоўнікаў Хмяльніцкага многія таксама мелі беларускае паходжанне, напрыклад Бутрым, Грамыка, Крычэўскі, Ждановіч, Нячай, Хведаровіч), выклікала масавае далучэнне да іх бяднейшага сялянства і мяшчанства. Ужо летам 1648 г. на поўдні і ўсходзе Беларусі пачалася шырокая ўзброеная барацьба казацка-сялянскіх аддзелаў супраць шляхты, купцоў, магнатаў і каталіцкага духавенства. Узброіўшыся, сяляне-паўстанцы грамілі галоўным чынам маёнткі сваіх паноў, рабавалі двары, знішчалі падатковыя дакументы і рэестры.
Да восені 1648 г. жыхары Гомеля, Мазыра, Лоева, Рэчыцы і Турава «ўсе паказачыліся і пакляліся адзін другому стаяць да апошняга». Казакі авалодалі таксама Чачэрскам, Брагінам, Бабруйскам, Чэрыкавам, Пінскам і іншымі гарадамі. Перапужаная шляхта ўцякала ў глыб краіны.
Хоць колькасна аснову ўзброеных фарміраванняў паўстанцаў складалі мясцовыя прыгонныя сяляне і бяднейшыя мяшчане, стрыжнёвай і арганізацыйнай сілай у занятых раёнах заставаліся ўкраінскія казакі. Паколькі сацыяльныя вярхі грамадства былі ўжо фактычна апалячаныя, антыфеадальны рух набыў тут, як і на Украіне, выразную антыпольскую накіраванасць.
3 боку дзяржавы доўгі час не праводзілася ніякіх ваенных акцый супраць паўстанцаў. Састарэлы Януш Кішка, вялікі гетман, разгубіўся і нават не сабраў войска. Да восені 1648 г. у руках паўстанцаў апынуліся амаль усе галоўныя гарады паўднёва-ўсходняй Беларусі. У шэрагу выпадкаў сялянам з казакамі ўдалося нават разбіць шляхецкія фарміраванні (напрыклад, у Кобрыне — войска стольніка В. Гасеўскага, пад Мазыром — жаўнераў пісара Валовіча, а каля Чэрыкава — аддзел Лукомскага).
Казацка-сялянскі полк Сакалоўскага паспрабаваў здабыць горад Слуцк — буйнейшую на той час фартэцыю Вялікага Княства, аднак пасля бясплённай аблогі адышоў ад яго. Дарэмнай была спроба казакоў захапіць другую важную фартэцыю ўсходняй Беларусі — Стары Быхаў.
Толькі ўвосень 1648 г. на барацьбу з паўстанцамі ўрад накіраваў некалькі фарміраванняў шляхты і наёмных жаўнераў. Хоць у сутычках каля Рэчыцы і Рагачова казакі і сяляне разбілі іх, прымусіўшы адступіць, у кастрычніку таго ж года значныя сілы шляхецкага войска, якімі кіраваў стражнік Мірскі, пасля ўпартай барацьбы авалодалі Пінскам. Затым шляхецкае войска авалодала Чэрыкавам, а ў студзені 1649 г., калі на поўдні Беларусі з 10-тысячным войскам з’явіўся палявы гетман Януш Радзівіл, пачалася буйная кампанія па ўдушэнні паўстання.
Гетман рушыў уздоўж Беларускага Палесся, ад Бярэсця на Тураў, Мазыр і далей. Хутка захапіўшы Тураў, Мазыр, Бабруйск, Рэчыцу і бязлітасна расправіўшыся з абаронцамі, ён за зіму 1649 г. ліквідаваў усе асноўныя асяродкі хваляванняў. За час перамір’я паміж Багданам Хмяльніцкім і Янам Казімірам войска Януша Радзівіла цалкам узяло пад свой кантроль землі ўздоўж Прыпяці і Дняпра, чым адрэзала Беларусь ад украінскіх казакоў.
Аднак вясной 1649 г., пасля таго як ад гетмана Хмяльніцкага прыйшоў 3-тысячны казацкі загон палкоўніка Іллі Галоты, вызваленчы рух на поўдні Беларусі ўзнавіўся. Дзякуючы далучэнню мясцовага сялянства сілы Галоты неўзабаве павялічыліся да 30 тыс. чалавек.
У чэрвені Януш Радзівіл пачаў аперацыю супраць казацка-сялянскіх фарміраванняў і неўзабаве разграміў полк Галоты ў бітве каля Прыпяці. Тады Хмяльніцкі прыслаў на Беларусь яшчэ 6 тыс. казакоў на чале з Гаркушам і Пабадайлам, да якіх пазней быў накіраваны і загон палкоўніка Міхаіла Крычэўскага. Для ўкраінскага гетмана, які ўзнаўляў ваенныя акцыі супраць кароннага войска, важна было затрымаць сілы Вялікага Княства ў Беларусі, не дапусціць іх супольных дзеянняў з палякамі.
Разам з мясцовым сялянствам, якое прыстала да казакоў, сілы палкоўніка М. Крычэўскага дасягалі прыкладна 30 тыс. Каб не даць ім злучыцца з фарміраваннямі Пабадайлы, што стаялі ўмацаваным лагерам каля Лоева, паміж Дняпром і Сожам, Януш Радзівіл атакаваў непрыяцеля і ў жорсткай бітве 21 чэрвеня 1649 г. разграміў моцнае злучэнне Крычэўскага. Хутка быў знішчаны і лагер Пабадайлы, сілы якога здолелі вырвацца з акружэння.
Пасля гэтага харугвы палявога гетмана ліквідавалі асяродкі паўстанцкага руху ў Пасожжы і некаторых іншых раёнах Беларусі. Вядома, што ў 1649 г. разам з рэгулярным войскам Януша Радзівіла супраць паўстанцаў вяло барацьбу і фарміраванне беларускіх мяшчан і шляхты.
Апошнім значным подыхам казацка-сялянскай вайны стала ажыўленне хваляванняў у тым жа рэгіёне ў 1650 і летам 1651 гг., але яно зноў было хутка падаўлена Янушам Радзівілам. Летам 1651 г. Б. Хмяльніцкі накіраваў пад Гомель полк Забелы, а да Крычава — полк Шохава, што ажывіла выступленні мясцовай беднаты. Аднак ні Гомель, ні Крычаў казакі не захапілі. У ліпені 1651 г. гетман рушыў на Украіну.
Злучэнне Марціна Нябабы (15 тыс.), высланае Хмяльніцкім з мэтай затрымаць Радзівіла ў Беларусі, было цалкам разгромлена каля лоеўскіх перапраў. Неўзабаве Радзівіл пераможна ўвайшоў у Кіеў.
Паражэнне Б. Хмяльніцкага ад польскай арміі пад Берасцечкам карэнным чынам змяніла сітуацыю. Паводле Белацаркоўскага мірнага дагавора ад 18 верасня 1651 г. казацкія загоны больш не маглі знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і адводзіліся на Украіну. Так былі канчаткова ліквідаваны народныя хваляванні ў беларускім краі.
У выніку ваенных дзеянняў вялізныя абшары паўднёва-ўсходняй Беларусі былі спустошаны і выпалены. Асабліва пацярпелі Мазырскі, Пінскі, Рэчыцкі паветы, a таксама Берасцейшчына. Шляхта Старадубскага павета пакінула свае маёнткі і больш не вярнулася. Улічваючы цяжкі эканамічны стан гэтых зямель, сойм Рэчы Паспалітай у 1649 г. зменшыў падаткі або зусім вызваліў ад іх шэраг паўднёвых паветаў Беларусі.
Антыфеадальная па сваёй сутнасці казацка-сялянская вайна 1648—1651 гг. у Беларусі з’яўлялася складовай часткай вялікай вызваленчай вайны на Украіне. Але тут яна не мела такой непарыўнасці і цэльнасці, як на ўкраінскіх землях, а была працэсам перманентным, серыяй лакальных паўстанняў. He было ў Беларусі і мясцовага казацтва — арганізаванай ваеннай сілы, якая б выступала ў ролі галоўнага суб’екта ўзброенай барацьбы. Адсутнасць адзінага кіраўніцтва і сталага арганізацыйнага цэнтра ў рэгіёне, ахопленым хваляваннямі, не дазваляе разглядаць яе як самастойную з’яву беларускай гісторыі. Аднак па сваіх маштабах гэта была несумненна самая масавая ў гісторыі Беларусі адкрытая ўзброеная барацьба ніжэйшых слаёў народа супраць феадальнага прыгнёту.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ «Khmelnytsky, Bohdan.» Encyclopædia Britannica. . Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2017. Праверана 13 лютага 2017.
- ↑ «Ukraine. The-Cossacks» Encyclopædia Britannica. . Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2020. Праверана 13 лютага 2017.
Літаратура
правіць- http://militera.lib.ru/common/solovyev1/10_03.html
- http://library.kr.ua/elib/markevich/tom1/malor10.htmlАрхівавана 9 лютага 2009.
- http://izbornyk.org.ua/istrus/rusiv2.htm
- «Еврейские хроники 17-го столетия (эпоха „хмельничины“)» / Исслед., пер. и коммент. С. Я. Борового. Гешарим, 1997. — 288 ст. ISBN 5-88711-015-5
- Натан Ганновер, «Пучина бездонная»