Паўуста́ў — тып кірылічнага пісьма. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў.

Ужываўся ў паўднёва-славянскай (з канца 13 ст.) і ўсходне-славянскай (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабеларускай пісьменнасці, як і ў іншых усходне-славянскіх, меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы паўустаў, блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14 — 1-й пал. 15 ст. Малодшы паўустаў паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэлігійнага і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым паўуставам у малодшым паўуставе словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку.

Паўустаў паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага.

Літаратура правіць