Па рэвізіі
Па рэвізіі — аднаактавая п’еса-вадэвіль, напісаная Маркам Крапіўніцкім у 1882 годзе, апублікаваная ў 1885[1], папулярная ў беларускіх тэатрах пачатку XX стагоддзя.
Па рэвізіі | |
---|---|
укр.: По ревізії | |
| |
Жанр | вадэвіль |
Аўтар | М. Крапіўніцкі |
Мова арыгінала | украінская |
Дата напісання | 1882 |
Дата першай публікацыі | 1885 |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
Гісторыя напісання
правіцьВадэвіль напісаны пад канец 1882, як успамінаў М. Садоўскі , — «за некалькі дзён і з гарачым захапленнем». Гэтым творам аўтар зарэкамендаваў сябе як бліскучы майстар так званых «народных малюнкаў» — жанравых драматычных сцэн з тагачаснай жывой вясковай рэчаіснасці[2].
Сюжэт
правіць«Па рэвізіі» — вострая і дасціпная сатыра на сельскую ўладу ў паслярэфоренную эпоху. Пісар Скубко і старшына Васіль Мірановіч — хабарнікі, ашуканцы і п’яніцы. Аднак пад уладай гэтых жулікаватых, абмежаваных «начальнікаў» — сотні сялян. Перад гледачом паўстае дэфармаваны, шаржыраваны свет чалавечых адносін, апісанню якога паклаў пачатак яшчэ Р. Квітка-Аснаўяненка сваёй «Канатопскай ведзьмай »[3].
Першыя пастаноўкі на Украіне
правіцьПершыя пастаноўкі адбыліся ў Тэатры карыфееў , заснавальнікам якога быў М. Крапіўніцкі.
Вадэвіль «Па рэвізіі» у выкананні такіх акцёраў, як Марыя Канстанцінаўна Занькавецкая, Г. Затыркевіч-Карпінская , М. Садоўскі , А. Саксаганскі , карыстаўся велізарным поспехам у гледача[2], — і не толькі ўкраінскага, — стаўшы сапраўднай тэатральнай класікай[3].
Беларускі пераклад п’есы
правіцьУ віленскай газеце «Гоман» у 1916 годзе паведамлялася[4]:
У 90-х гадах была перакладзена на беларускую мову камедыя М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі»
Іншыя крыніцы сведчаць, што пераклад п’есы «Па рэвізіі» быў ажыццёўлены ў 1902 г. Напалеонам Чарноцкім; беларускі варыянт гэтага твора з поспехам ставіўся аматарскімі гурткамі падчас рэвалюцыйнага ўздыму 1905—1907 гг[5]. Як бы там ні было, а на пачатку 1908 г. «Наша ніва» паведамляла сваім чытачам: «Друкуецца для народнага тэатра „Па рэвізіі“ Крапіўніцкага. Скора выйдзе» (1908, № 7). Выдавецкіх планаў ажыццявіць не ўдалося, а сам пераклад, зроблены Чарноцкім, да нашага часу не адшуканы[6].
Беларускі пераклад п’есы быў надрукаваны толькі ў 1911 годзе ў Пецярбургу выдавецкай суполкай Загляне сонца і ў наша аконца. Апрацоўку тэксту зрабіў Напалеон Чарноцкі. П’еса была выдадзена літаграфскім спосабам тыражом у 200 экземпляраў[7]. Аўтары пераклада (пераробкі) ў выданнях не названы. П. Ахрыменка на падставе цікавых назіранняў даводзіць, што выдадзены ў Пецярбурзе пераклад «Па рэвізіі» не належыць Н. Чарноцкаму[8]. Такім чынам, гэта новы, другі па ліку пераклад украінскай п’есы. Рукапіс гэтага перакладу, як выявілася, захаваўся ў архіве «Нашай нівы»[9].
Як сведчаць надпісы на тытулах выданняў твораў М. Крапіўніцката («з папраўкамі», «перароблена»), пераклады ўкраінскіх п’ес былі выкананы з пэўнымі адступленнямі ад правіл рэалістычнага мастацкага перакладу[6]. Так, усе ўкраінскія назвы гарадоў i вёсак заменены на беларускія: Кіеў — на Вільню, славуты Чыгірын — на шырокавядомую ў Беларусі Смаргонь i г. д. Адбыліся змены i ў назвах дзейных асоб: Палажка заменена Таццянай, Іўга — Еўкай, у ролі Рындычкі выступае Пантурчыха, Проські — Параска[6]. Гэта тлумачыцца тым, што аўтары перакладу хацелі не проста вывесці беларускую мову на сцэну, але і папулярызаваць саміх беларусаў з іх псіхалогіяй, адзеннем і фальклорам. Перакладчыкі станавіліся такім чынам сааўтарамі твораў[6].
Таксама ў параўнанні з украінскімі пастаноўкамі ў беларускіх варыянтах значна скарочана колькасць вершаваных куплетаў, разлічаных на спяванне, некаторыя вершаваныя моманты пераказаны прозай[6]. Такім чынам адбывалася некаторая страта рамантычнай афарбоўкі, пастаноўкі набывалі выразныя адзнакі сацыяльна-бытаівой камедыі[10].
Беларускія пастаноўкі
правіцьПершай беларускай пастаноўкай, напэўна, можна лічыць пастаноўку 1902 года.
Вось як пра яе паводле успамінаў А. Уласава расказвае ў сваёй кнізе «Беларускі тэатр» Ф. Аляхновіч[11]:
…адзначым «спэктакль», які быў у ліпні 1902 г. ў маёнтку «Карльсбэр» вядомага беларускага архэолёга і гісторыка Андрэя Сьніткі. Арганізатарам і рэжысэрам быў Юры Уласаў (брат сэнатара А. Уласава), які сам пералажыў на беларускую мову ўкраінскую аднаактную п’еску «Па рэвізіі» і паставіў яе з учасьцем ваколічных сялян і сялянак. Рэжысэру трудна было ўтрымаць «на сцэне» дысцыпліну, дзеля таго, што «артысткі», з якіх усе ў вёсцы, даведаўшыся аб рэпэтыцыях, сьмяяліся і кпінкі строілі, хутка адмовіліся ад роляў. Тады рэжысэр кінуўся на хітрыкі: ён «заангажаваў» свае артысткі… палоць траву. Дзеля гэтай работы дзяўчаты ўжо не сароміліся йсьці ў двор, дзе фактычна далей ішлі рэпэтыцыі, якія цягнуліся два месяцы. Спэктакль адбыўся ў пуні на спэцыяльна пабудаванай дзеля гэтага сцэне. Значная частка прыйшоўшай на спэктакль публікі ведала ўжо п’есу ня горш за «артыстаў», гэтак ужо абіліся аб вушы і дакучылі ўсім у двары рэпэтыцыі.
Дазвол на спэктакль адтрымалі, ашукаўшы іспраўніка быццам будуць гуляць паўкраінску (гэтак дазвалялася).
Увесну 1906 вядомы беларускі рэвалюцыянер і дзеяч культуры Алесь Бурбіс у маёнтку Пятроўшчына пад Мінскам (раён вуліцы Сямашкі і Пятроўшчына) паставіў свой варыянт п’есы, пасля якога сам чытаў вершы Я. Купалы «Што ты спіш?», «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!» і меў вялікі поспех. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Для парабкаў і сялян уваход быў вольным[12][13].
У канцы студзеня 1910 года Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысіруе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра[14]. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех[15]. Сярод удзельнікаў Я. Арлоўскі, Ф. Мурашка, Ч. Родзевіч і іншыя.
Пасля гэтага п’есу ставілі Першая беларуская трупа І. Буйніцкага (у ролі Пантурчыхі Цётка[16], у ролі Мірановіча І. Буйніцкі[17]), Беларускі трэці дзяржаўны тэатр (1922), тэатральная трупа Будслаўскай беларускай гімназіі і іншыя беларускія аматарскія гурткі і прафесійныя тэатры.
«Па рэвізіі» ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, дзе Пантурчыху грала Зоська Верас, стала першым беларускамоўным спектаклем на сцэне ў Гродна.
Беларускамоўную пастаноўку п’есы ў Пецярбургу зладзіў Б. Эпімах-Шыпіла[18]
Ролі ў пастаноўках п’есы выконвалі многія беларускія грамадскія дзеячы, у тым ліку Я. Арлоўскі, Ч. Родзевіч, Ф. Аляхновіч, З. Верас, І. Буйніцкі, Цётка і іншыя.
Рэакцыя ўлад
правіцьДраматычны гурток, арганізаваны Ф. Ждановічам, пасля паказу спектаклю па п’есе ў в. Старое Сяло пад Мінскам быў забаронены ўладамі, а сам кіраўнік быў вымушаны з’ехаць у Крым, каб пазбегнуць арышту.
Зноскі
- ↑ КРОПИВНИ́ЦКИЙ, Марк Лукич (руск.)
- ↑ а б Марко Кропивницький у фотографіях (укр.)
- ↑ а б МАРКО КРОПИВНИЦЬКИЙ Архівавана 12 сакавіка 2013. (укр.)
- ↑ А. Н. Беларускі тэатр.— «Гоман», 1916, № 69.
- ↑ Гл.: Кулеш Тодар. Беларускія спектаклі ў перыяд рэвалюцыі 1905 года.— «Літаратура i мастацтва», 1957, 18 снежня; Барышаў Г. Братнія сувязі.— «Літаратура i мастацтва», 1957, 23 кастрычніка.
- ↑ а б в г д Т. В. Кабржыцкая, В. П. Рагойша. Карані дружбы. Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX стагоддзя. — Мінск: Выдавецтва БДУ імя У. Леніна, 1976.
- ↑ Па рэвізіі. Камедыя ў 1 дзеі. Перароблена з украінскае мовы. Напісаў п а-ўкраінску Крапіўніцкі. Пецярбург, 1911.
- ↑ Гл.: Охріменко П. П. Шляхами братания Киів, 1968, с. 64-66.
- ↑ ДзАЛМ, ф. 3, воп. 1, адз. зах. 91, арк. 7—15.
- ↑ Гл.: Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мінск, 1973, с. 113—114.
- ↑ Францішак Аляхновіч. Беларускі тэатр. — Вільня: выданне Беларускага грамадзянскага сабрання, 1924. — С. 85-86.
- ↑ 120 гадоў з дня народзінаў Алеся Бурбіса
- ↑ Витрина городской жизни (руск.)
- ↑ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
- ↑ Цётка
- ↑ 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага
- ↑ Эпімах-Шыпіла Браніслаў