Першабытнае мастацтва

Першабытнае мастацтвамастацтва эпохі першабытнага грамадства.

Наскальныя малюнкі ў пячоры Альтаміра, Іспанія

Агульная характарыстыка правіць

Пачатковыя імпульсы выяўленчай дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне першабытнага мастацтва адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс. г. назад). У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некаторых народаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Паўночна-Усходняй Сібіры захавалася да нашых часоў.

Самыя раннія творы, выкананыя першабытным чалавекам, — наскальныя малюнкі, скульптуры з косці і дрэва, побытавыя прадметы, упрыгожаныя арнаментам. Старажытныя людзі не толькі стваралі патрэбныя ім рэчы, але і ўпрыгожвалі іх, выконваючы выявы, што апавядалі аб рэчаіснасці, падзеях з жыцця. Прычынай узнікнення мастацтва з'яўляецца развіццё грамадства і яго асновы — працы. Менавіта яна фарміравала пачуцці, прымушала асобу бачыць якасную разнастайнасць і багацце свету, выхоўвала такія паняцці, як мэтазгоднасць, адпаведнасць формы прадмета яго прызначэнню. Працэс працы ўплываў на ўяўленні чалавека аб сіметрыі, меры і ўпарадкаванасці, прыгажосці, гармоніі. Вялікую ролю ў развіцці мастацтва адыгрывалі свядомасная мэтанакіраваная дзейнасць асобы, наяўнасць папярэдняй задумы, якую трэба было ажыццяўляць. Мастацкая творчасць чалавека была звязана з яго ўяўленнямі, верай у магчымасць змяніць рэчаіснасць, напрыклад пры дапамозе магічных танцаў, якія імітавалі сцэны палявання, ці выяў жывёл («забіўшы» іх, можна было спадзявацца на поспехі ў сапраўдным паляванні).

У жыцці першабытнага чалавека праца, мастацтва, культавыя ўяўленні, пачаткі навуковых ведаў не былі адасобленымі. Яны існавалі ў жыцці і свядомасці злітна, сінкрэтычна. Чалавек не вылучаў сябе з прыроды, а ўспрымаў уласную асобу як частку яе працэсаў і з'яў. Першапачаткова мастацтва не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з працоўным працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асноўныя жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (татэмізм) і інш. Сярод матываў першабытнага мастацтва пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (наскальнае мастацтва) жывёл — аб'ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека. Характэрныя абагульнена-выразныя скульптурныя фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геаметрычны арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы.

Перыядызацыя правіць

Мастацтва першабытнага ладу падзяляецца на некалькі перыядаў. Да найбольш значных і працяглых адносяцца каменны век, у якім вылучаюць палеаліт (старажытнакаменны век, каля 150—10 тыс. да н.э.), мезаліт (сярэднекаменны век, X—VI тыс. да н. э.), неаліт (новакаменны век, VI—II тыс. да н. э.). Назвы наступных двух перыядаў звязаны з выкарыстаннем у той час металаў — эпоха бронзы (каля II тыс. да н. э.), эпоха жалеза (I тыс. да н. э.).

Палеаліт правіць

 
Адбітак рукі. Пячора Пеш Мерль. Францыя. Верхні палеаліт

Першыя сведчанні свядомай мастацкай дзейнасці чалавека адносяцца да палеаліту. Яны знойдзены ў розных месцах — на тэрыторыі Еўропы, Паўднёвай Азіі, Паўночнай Афрыкі. Складанае і жорсткае жыццё, барацьба з грознымі сіламі прыроды, клопаты аб выжыванні вызначылі галоўную рысу ў творчасці першабытных мастакоў — выявы дзікіх жывёл. У сярэдні перыяд палеаліту, Арыньяк-Салютрэйскі (назва, як і іншыя, звязана з першым месцам знаходак), мастацкая дзейнасць першабытнага чалавека мела прымітыўныя формы. Гэта былі адбіткі рукі, абведзеныя фарбай, хвалепадобныя палосы («макароны»), пакінутыя ад пальцаў на вільготнай гліне, колеравыя плямы і паглыбленні на каменных плітах, контурныя выявы галоў жывёл (пячора Ла-Ферасі ў Францыі). Яны ўжо сведчаць аб даволі складанай разумовай рабоце першабытнага чалавека, увасобленай у створаных матэрыяльных аб'ектах, якія не існавалі ў прыродзе.

3 цягам часу мастацкая ацэнка рэчаіснасці ўскладнялася, што было абумоўлена выкарыстаннем новых тэхнічных прыёмаў (людзі пачалі карыстацца крэмневымі разцамі, выконваць выразаныя на плоскасці выявы, ужываць фарбы землянога паходжання), адлюстравалася ў большай свабодзе і разнастайнасці паказу свету жывёл. Амаль усе вядомыя сюжэты прысвечаны звярам, на якіх паляваў чалавек. Гэта выявы аленяў, мамантаў, быкоў, мядзведзяў, ільвоў. Узрост выявы свінні-бабірусы з пячор у Маросе і Панкепе на востраве Сулавесі складае не менш за 45 500 гадоў, што робіць яе самым старажытным узорам выяўленчага мастацтва[1].

Акрамя жывёл першабытныя мастакі паказвалі людзей, пераважна жанчын. Сярод гравіраваных малюнкаў сустракаюцца выявы ў масках, верагодна, паляўнічых, якія ўдзелынічаюць у рэлігійных абрадах, выконваюць магічныя танцы, маскіруючыся пад звяроў. У Арыньяк-Салютрэйскі перыяд стваралі і круглыя скульптурныя выявы. Матэрыялам служылі мягкія пароды каменю і косць. Звычайна гэта невялікія па памерах статуэткі, у якіх паказаны жывёлы і людзі — практычна толькі жанчыны.

 
«Вілендорфская Венера». Аўстрыя. Палеаліт

З'яўленне выяў жаночых фігур было абумоўлена існаваннем матрыярхату. Каменныя і касцяныя статуэткі анчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры») магчыма, звязаныя з культам прамаці.

Увогуле мастацтва палеаліту характарызуецца наіўным рэалізмам, які вызначаецца абмежаванай практычнай дзейнасцю асобы, яно ўмоўнае і схематычнае.

 
«Конь». Пячора Ласко. Францыя. Верхні палеаліт
 
Копія выявы зубра з пячоры Ніо

3 цягам часу вобразнае пазнанне свету першабытным чалавекам паступова пашыралася і паглыблялася. Гэта асабліва добра бачна па выявах жывёл, якія з'яўляліся асноўнай тэмай творчасці. Ііх паказваюць больш упэўненай контурнай лініяй, даволі правільна перадаюць прапорцыі, а формы мадэліруюць штрыхоўкай, што дае магчымасць перайсці да больш аб'ёмнага малюнка. Гэтыя рысы адрозніваюць шматлікія выявы звяроў, знойдзеныя ў пячорах Фон де Гом, Ласко, Ніо (Францыя), Дэла-Пенья, Касцільо (Іспанія).

У перыяд мадлен, які наступіў каля XX і завяршыўся ў X тыс. да н. э., першабытныя майстры не толькі выяўлялі шматфігурныя кампазіцыі, але і спрабавалі паказваць характэрныя рысы жывёл, асаблівасці іх паводзін. Разнастайныя выявы такога зместу знойдзены ў пячорах Фон дэ Гом, Ласко, Руфіньяк (Францыя), Альтаміра (Паўднёвая Іспанія). У іх звяры рухаюцца, адпачываюць, пасуцца, б'юцца. Гэта ўражанне ўзмацняецца дзякуючы выкарыстанню колеру (адна ці некалькі фарб рознага тону і інтэнсіўнасці). Калі ў пачатку перыяду мадлен жывёл паказвалі паасобку, не звязваючы іх паміж сабой дзеяннем, то ў канцы гэтага перыяду відавочныя спробы першабытных майстроў аб'ядноўваць выявы адным сюжэтам, як, напрыклад, у кампазіцыях з пячоры Лімейль і грота Шафо (Францыя). У перыяд мадлен развіваюцца і ўскладняюцца разьба, гравіроўка па косці, камені, дрэве. У той час ствараюцца першыя статуэткі жывёл і птушак, якія мелі культавае прызначэнне.

Эпоха палеаліту стала адной з важнейшых у развіцці першабытнага мастацтва. Чалавек ішоў шляхам пошукаў праўдзівай перадачы форм і з'яў рэчаіснасці, асабліва свету звяроў. Асноўным яго дасягненнем стала здольнасць вылучаць галоўнае, паказваць дэталі, якія дазвалялі перадаваць характэрнае. Першабытныя майстры ў сваіх работах дэманструюць разуменне рытму, прапорцый, адчуванне гармоніі, уменне размясціць выяву на адпаведнай паверхні, яны ўжо валодаюць ведамі аб выкарыстанні колеру і фарбаў.

У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на палях, культавыя комплексы з вялікіх камянёў (дальмены) і Інш.

Мезаліт правіць

Значны крок у спосабах адлюстравання рэчаіснасці чалавек робіць у мезаліце (X — VI тыс. да н. э.). Менавіта тады адступаюць ледавікі і ўсталёўваюцца блізкія да сучасных кліматычныя ўмовы. Першабытныя людзі пасяляюцца на ўзбярэжжы мора, каля рэк і азёр. Яны займаюцца не толькі збіральніцтвам, а і паляваннем, рыбнай лоўлей, вынаходзяць лук і стрэлы, прыручаюць жывёл, пачынаюць весці прымітыўную сельскую гаспадарку. У карыстанні з'явіліся драўлянае начынне, плеценыя ёмістасці з лыка і трыснягу. У гэты час чалавек навучыўся плесці тканіны, рыбалоўныя сеткі, стварый лодку. Гэта садзейнічала развіццю мыслення, вызначыла дастаткова шырокае кола ўяўленняў аб свеце.

У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў самастойны від творчай дзейнасці.

У мезаліце ўзнікаюць першыя вераванні ў замагільнае жыццё, складваюцца абрады шанавання продкаў, пакланення сілам прыроды. У мастацтве гэтага часу назіраюцца, з аднаго боку, больш змястоўны і цэльны позірк на свет, спробы дынамічнага, разгорнутага апавядання, з другога — узрастае вызначаны схематызм, у выявы прыходзяць контурнасць, сілуэтнасць.

Паказальныя помнікі мезаліту знойдзены ва Усходняй Іспаніі, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі. Часцей за ўсё гэта жывапісныя ці гравіраваныя выявы невялікіх памераў на адкрытых паверхнях са сцэнамі палявання, танцаў, узброеных сутычак, заняткаў працай, догляду свойскай жывёлы. Мастакоў цікавіць перадача дзеяння, падзеі. Верагодна таму галоўным аб'ектам выяў становяцца людзі, а фігуры іх паказваюць больш схематычна, абагулынена ў параўнанні з папярэднім часам. Чалавек паказаны на паляванні, страляе, бяжыць, танцуе, пасе статак. Але гэта не паўнавартаснае дзеянне, а хутчэй яго схема, перададзеная лаканічна і выразна. Падобныя выявы знойдзены ва Усходняй Іспаніі (скала Валторта), у Сярэдняй Азіі (Фергана).

Неаліт правіць

 
Сцэны палявання Тасілін-Аджэр. Сахара, Алжыр

У перыяд неаліту (VI—II тыс. да н. э.) развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, удасканальванне палявання і рыбалоўства садзейнічалі паляпшэнню прылад працы, зменам у прыёмах, тэхналогіі будаўніцтва, узнікненню ганчарства, ткацтва, апрацоўкі скур. Гэта сведчыць аб аселасці пражывання людзей, іх большых матэрыяльных запатрабаваннях. Адбываецца пераход ад матрыярхату да патрыярхату. Цывілізацыйныя працэсы хутчэй за ўсё працякалі ў рэгіёнах са спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі — у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, пазней — на тэрыторыях Паўднёва-Усходняй Еўропы. Утвараюцца ясна выказаныя лакальныя асаблівасці на тэрыторыях, дзе пражывалі людзі, узнікаюць варыянты неалітычнага мастацтва, як, напрыклад, у Егіпце, Індыі ці Кітаі.

Неалітычныя майстры імкнуліся да максімальнай рэалістычнасці выяў. Па іх разуменню гэта было важна для паспяховага палявання, станавілася часткай своеасаблівай вытворчай магіі. Разам з тым, для чалавека прыродныя стыхіі былі грознымі сіламі, патрэбна было адлюстраваць у мастацтве такія вобразы і з'явы, як агонь, неба, вада, сонца, маланка, вецер, зямля, эквівалентаў якіх ва ўстойлівых рэалістычных абазначэннях чалавека дагэтуль не існавала. Так фарміруецца сукупнасць стылізаваных абстрактных матываў, што паступова склаліся ў завершаны арнамент. Асноўнымі яго элементамі былі круг, ромб, трохвугольнік, крыж, свастыка; яны выкарыстоўваліся як паасобку, так і ў спалучэннях у выявах, дэкоры прадметаў. Нават калі паказваліся фігуры людзей, жывёлы, птушкі, яны стылізаваліся ў такой ступені, што набывалі выгляд сімвалічнага абазначэння.

Важнай сферай мастацкай дзейнасці з'яўлялася кераміка. Яе выраблялі ўручную з мяккай глінянай стужкі — фактычна ляпілі. Паступова ўдасканальвалася тэхналогія выканання посуду, напрыклад, выкарыстанне дамешкаў у гліняную масу пяску ці жарствы забяспечвала яе трываласць пры сушцы і абпальванні. Былі вызначаныя заканамернасці дэкарыравання: майстры знаходзіліся ў параметрах зададзенай формы і памераў паверхні; запоўніць яе можна было, падзяліўшы на гарызантальныя палосы, у межах якіх і размяшчаліся арнаментаваныя выявы. Да такога кампазіцыйнага рашэння звярталіся майстры практычна ва ўсіх рэгіёнах Еўропы і Азіі.

У эпоху неаліту па-ранейшаму ствараліся наскальныя малюнкі і роспісы з выявамі жывёл і чалавека. Характэрная прыкмета культуры гэтага часу — распаўсюджанне дробнай пластыкі (невялікія па памерах статуэткі жывёл і птушак). Фігуркі выконваліся з гліны, дрэва, рогу, косці, радзей — з каменю. Выявы адрозніваюцца выразнасцю, добра перадаюць прапорцыі, дэталі. Імкненне паказаць характэрныя рысы звера сведчыць аб пераемнасці з мастацтвам папярэдняга часу. На месцах пражывання першабытных людзей у Сібіры (стаянкі Мальта, Бурэць), ва Украіне (стаянка Мезіна) аўтары ўпэўнена перадаюць прапорцыі выяўляемых істот, імкнуцца адлюстраваць характэрнае, прыкметнае, звяртаючыся з гэтай мэтай да гравіровак, якія дазваляюць паказаць апярэнне, поўсць, асобныя дэталі фігурак.

Эпоха бронзы правіць

Здабыванне і апрацоўка металаў патрабавалі спецыялізацыі і майстэрства. У выніку, як і ліцейная справа, ганчарства, ткацтва, становяцца самастойнамі галінамі вытворчасці.

Важны здабытак эпохі — манументальная архітэктура; яе ўзнікненне звязана з развіццём рэлігійных уяўленняў чалавека, прымітыўных навуковых назіранняў. Гэта сведчанне тэхнічнага ўмення ўзводзіць вялікія па памерах збудаванні, а таксама адлюстраванне новых духоўных, рэлігійных і эстэтычных запатрабаванняў асобы. Вядомы тры тыпы манументальных пабудоў таго часу — менгіры, дальмены і кромлехі, за якімі замацавалася назва «мегалітычныя збудаванні». Рэшткі іх знаходзяцца ў розных частках свету, але асабліва многа іх у Еўропе і Азіі.

 
Дальмен у Ірландыі

Менгіры — гэта асобна стаячыя слупы, вышыня якіх дасягае 20 м і болей. Дальмены складзеныя з двух ці чатырох вертыкальна пастаўленых камянёў, якія перакрыты гарызантальна пакладзенай адной або некалькімі плітамі. Складанымі мегалітычнымі пабудовамі з'яўляюцца кромлехі — каменныя слупы, якія пастаўлены па кругу і перакрыты гарызантальна пакладзенымі плітамі.

Аб асаблівасцях выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эпохі бронзы можна меркаваць па матэрыялах пахаванняў. Звычайна гэта былі шматметровай вышыні насыпы, пад якімі змяшчалі цела нябожчыка і рэчы, неабходныя яму ў замагільным жыцці. Адно з багацейшых пахаванняў эпохі бронзы — Майкопскі курган (Паўночны Каўказ, сяр. III тыс. да н. э.). Сярод прадметаў, знойдзеных у ім — залатыя і сярэбраныя рэльефныя выявы быкоў, ільвоў, сярэбраныя кругладонныя сасуды, разнастайныя ўпрыгажэнні. Такога ж характару рэчы знойдзены ў курганах Закаўказзя.

Эпоха жалеза правіць

У эпоху жалеза пашыраецца культ мужчынскага заступніцтва роду, племяннога правадыра. Вядучым відам творчай дзейнасці чалавека гэтага часу застаецца прыкладное мастацтва, аб чым сведчаць пахаванні эпохі жалеза. Ва ўпрыгажэннях адзення, дэкоры зброі, конскай вупражы, металічным рытуальным посудзе назіраецца працэс узмацнення дэкаратыўнасці і арнаментальнасці. Акрамя ўпрыгажэнняў выконваецца і дробная пластыка з металу, звязаная з рэлігійна-магічнымі і міфалагічнымі ўяўленнямі. Удасканальваецца тэхналогія выканання керамічных вырабаў, у іх дэкоры, акрамя арнаментальных матываў, выкарыстоўваюцца выявы жывёл, людзей.

 
Залатая бляшка ў форме аленя — узор «звярынага стылю»

Уяўленне аб характары мастацтва эпохі жалеза даюць разнастайныя культуры гэтага часу — Гальштатскага (650—400 гг. да н. э.) і Латэнскага (з 400 г. да н. э. да пач. н.э.) перыядаў, Скіфская культура (VII—II стст. да н. э.). Для іх па-ранейшаму галоўным заставалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: кераміка, выкананая на ганчарным крузе, рэльефныя выявы, дробная круглая пластыка, рытуальныя сасуды (сітулы), уласныя ўпрыгажэнні, зброя, конская вупраж. Звычайна гэта вырабы з бронзы, серабра, золата, косці, дрэва. На мяжы бронзавага і жалезнага вякоў у стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль».

У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Зноскі

  1. Adam Brumm, Adhi Agus Oktaviana, Basran Burhan, Budianto Hakim, Rustan Lebe Oldest cave art found in Sulawesi(англ.) // Science Advances. — 2021-01-01. — В. 3. — Т. 7. — ISSN 2375-2548. — DOI:10.1126/sciadv.abd4648

Літаратура правіць