Першае беларускае таварыства драмы і камедыі
Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускае таварыства драмы і камедыі — існавала ў красавіку 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску.
Узнікла з ініцыятывы Ф. Ждановіча, І. Буйніцкага, У. Фальскага і іншых дзеячаў нацыянальнай сцэны. Кіраўнік і рэжысёр Ф. Ждановіч. У трупе працавалі: У. Галубок, Г. Грыгоніс, А. Ільінскі, А. Крыніца, Л. Ржэцкая, К. Міронава, М. Міцкевіч і інш. Тэатр гастраляваў па Беларусі.
Адкрылася 23 красавіка 1917 спектаклямі «Паўлінка» Я. Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гарадскога тэатра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У таварыства ўваходзілі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор (кіраўнік У. Тэраўскі), танцавальная група (кіраўнік Ч. Родзевіч) і аркестр народных інструментаў (кіраўнік Дз. Захар). У рэпертуары тэатра былі: «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі» Я. Купалы, «Антось Лата» Я. Коласа, «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Хам», «Рысь» Э. Ажэшкі, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Кветка папараці» К. Буйло, «Бязвінная кроў», «Апошняя сустрэча» У. Галубка, «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А. Чэхава і інш. Калектыў развіваўся на прафесійнай аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на народныя традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся народныя танцы і песні. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі.
У 1920 г. тэатр быў расфарміраваны. На аснове яго творчага калектыву былі створаныя 1-ы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ-1, з 1945 г. тэатр ім. Я. Купалы) і перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка (з 1932 г. — 3-і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, БДТ-3).
Таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі, у станаўленні беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.
Іншыя ўдзельнікі Першага беларускага таварыства драмы і камедыіПравіць
ЛітаратураПравіць
- Атрошчанка А. «Таварыства драмы і камедыі». Літаратура і мастацтва, № 3. 1958, 8 студзеня.
- Атрошчанка А. «Фларыян Ждановіч». Мн., 1972.
- Рамановіч Я. «Рэкі цякуць з ручаёў». Мн., 1969.
- Няфёд У. «Гісторыя беларускага тэатра». Мн., 1982.
- «Гісторыя беларускага тэатра». Т. 1-2. Мн., 1983-85.