Першая Устаўная грамата

Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі — юрыдычны і палітычны акт, прыняты Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21 лютага 1918 года ў Мінску[1].

Першая Устаўная грамата.

Гістарычны кантэкстПравіць

Імклівае наступленне нямецкіх войск, якое пачалося 16 лютага 1918 года, прымусіла Аблвыканкамзах і СНК Заходняй вобласці і фронту ў ноч на 19 лютага 1918 года эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. 3 падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебеларускага з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лютага абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская ваенная арганізацыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР Канстанцін Езавітава.

ЗместПравіць

21 лютага Выканком Рады Усебеларускага з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». Першая Устаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм.

У гэтым дакуменце Выканком абвясціў пра стварэнне ім 20 лютага ўрада — Народнага Cакратарыята Беларусі (старшыня Я. Варонка) — часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананне сваіх абавязкаў.

Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага з’езда абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію і неабходнасць заставацца ў складзе расійскай федэрацыі. Яе тэкст на беларускай і рускай мовах быў расклеены па ўсім Мінску-Беларускім.[2]

ВынікіПравіць

З 21 лютага 1918 года ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандавання нямецкай арміі. 22 лютага яно загадала польскім падраздзяленням пакінуць Мінск, а беларускім — скласці зброю. Каб не ўскладняць дачыненні з Расіяй, немцы не прызналі беларускага ўрада, занялі сядзібу Народнага Сакратарыята, рэквізавалі яго маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сцягі і забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак пры канцы лютага дайшло да перамоў паміж Сакратарыятам і нямецкай ваеннай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весці легальную дзейнасць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэння мясцовай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкай справы.[2] Наступным крокам было абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

  1. ЭГБ ў 6 т. Т. 5. С. 478.
  2. 2,0 2,1 Я. Мірановіч (2003)

ЛітаратураПравіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 207. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2), ISBN 985-11-0310-1.
  • Мірановіч, Я. Найноўшая гісторыя Беларусі / Я. Мірановіч; Навуковы рэдактар Алесь Краўцэвіч. — СПб.; Неўскі прасцяг, 2003. — 243 с.: іл. ISBN 5-94716-032-3
  • Сідарэвіч, А. Першая Устаўная грамата / Анатоль Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М—Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 478. — ISBN 985-11-0141-9.

СпасылкіПравіць