Першая пяцігодка Беларускай ССР

Першы 5-гадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на 1928/29—1932/33 гады — дзяржаўны перспектыўны план развіцця эканомікі і культуры Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яго асаблівасць — абгрунтаванасць і збалансаванасць мэт і задач пяцігодкі.

Галоўная ўвага звярталася на фарсіраваныя тэмпы і маштабы індустрыялізацыі, стварэнне буйной прамысловасці і рост яе ўдзельнай вагі ў народнай гаспадарцы. Прадугледжваліся рэканструяванне сельскай гаспадаркі, уздым культуры народа. Паскоранымі тэмпамі павінны былі развівацца машынабудаўнічая і металаапрацоўчая галіны як база для пераадолення эканамічнай адсталасці рэспублікі. 3 мэтай паспяховага выканання планавых заданняў і павышэння прадукцыйнасці працы сярод працоўных калектываў разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць БССР за пяцігодку склаў 243 млн. руб., што перавышала ўкладанні папярэдніх 10 гадоў больш чым у 5,3 раза. 58,8% з гэтай сумы выдаткавана на будаўнііггва, 38,6% — на рэканструкцыю і пашырэнне дзеючых прадпрыемстваў.

Вынікі пяцігодкі

правіць

За пяцігодку ўведзена ў дзеянне 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў, у т.л. швейная фабрыка «Сцяг іцдустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная «КІМ» у Віцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, Бабруйскі, Гомельскі і Барысаўскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната, цэментны завод у Крычаве, запалкавая фабрыка ў Барысаве, БелДРЭС. У выніку павысілася ўдзельная вага хімічнай, металаапрацоўчай, тарфяной, швейнай, гарбарна-абутковай прамысловасці, панізілася харчовай, дрэваапрацоўчай, запалкавай, папяровай. Рэспубліка з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. Калі ў 1928 годзе удзельная вага прамысловай прадукцыі ў валавой прадукцыі народнай гаспадаркі складала 41,3%, то ў 1932 годзе — 67%.

Аднак у сувязі з пераходам з пачатку 1930 года да фарсіраваных тэмпаў індустрыялізацыі — «вялікага скачка» — і перагляду колькасных паказчыкаў планавых заданняў у бок павелічэння выкананне пяцігадовага плана фактычна было сарвана. Па валу план быў выкананы толькі на 79%, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла на 15% (план 33%). Працягласць чыгунак павялічылася ў 1,3 раза, гандлёвы абарот — у 4,3 раза. Прамысловыя прадпрыемствы перайшлі на 7-гадзінны рабочы дзень. Сярэднегадавая зарплата рабочых і служачых павялічылася ў 2,4 раза, фонд сацыяльнага страхавання вырас у 4,6 раза. У выніку фарсіраваных тэмпаў калектывізацыі сельскай гаспадаркі за пяцігодку абагулена 47,8% сялянскіх двароў, створана больш за 9 тыс. калгасаў; сацыялістычны сектар ахапіў каля 50% пасяўных плошчаў. Але намечаны на пяцігодку ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці не быў дасягнуты. Ураджайнасць збожжа да канца пяцігодкі заставалася на ўзроўні 1927/28 гаспадарчага года.

Літаратура

правіць
  • Юнцэвіч, А. Пяцігадовыя планы развіцця народнай гаспадаркі БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 21.
  • Гиоргидзе, З. И., Геращенко, Л. Ф. Белоруссия за десять пятилеток / З. И. Гиоргидзе, Л. Ф. Геращенко; Академия наук БССР, Институт экономики. — Минск: Наука и техника, 1982. — 152 с.
  • Эканамічная гісторыя Беларусі і замежных краін: Матэрыялы для самастойнай працы: Для студэнтаў і курса дзеннага і завочнага формаў навучання. — Мінск: ВП «Экаперспектыва», 1997. — 118, [2] с.