Платон Максімавіч Ціхановіч

Платон Максімавіч Ціхановіч (17 лістапада (29 лістапада) 1836[заўв. 1], Вылазы, Пінскі павет, Мінская губерня — 1922, Лунін, цяпер Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці) — беларускі праваслаўны святар, мовазнаўца.

Платон Максімавіч Ціхановіч
Дата нараджэння 17 (29) лістапада 1836
Месца нараджэння
Дата смерці 1922
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці мовазнавец, святар
Альма-матар

Біяграфія правіць

Паходжанне правіць

Паходзіў са святарскай сям’і. Пра яго бацьку вядома, што Максім Данілавіч Ціхановіч (памёр пасля 1883) скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў 1830 годзе і пачынаў служэнне псаломшчыкам у віленскім Свята-Духавым манастыры. У 1832 годзе ён быў высвечаны на святара і накіраваны служыць у царкву ў вёску Вылазы ў Пінскім павеце[4].

Паводле інфармацыі А. Ільіна і А. Ігнацюк, Платон Ціхановіч нарадзіўся менавіта на Піншчыне ў вёсцы Вылазы[5], дзе і прайшлі ягоныя дзіцячыя гады. У 1843 годзе бацьку Платона Ціхановіча прызначылі святаром у Глінянскую царкву, а ў 1857 годзе — у Міхайлаўскую царкву ў вёску Хатынічы Пінскага павета. З 1852 па 1868 год яго бацька з’яўляўся благачынным, быў адзначаны ордэнам Святой Ганны 3 ст.

Адукацыя і святарскае служэнне правіць

Пра Платона Ціхановіча вядома, што ён быў сярод выпускнікоў Пінскага духоўнага вучылішча, якія скончылі яе ў 1850-я гады і ўваходзілі ў пінскі гісторыка-этнаграфічны гурток[5]. Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі з 1861 года служыў святаром Лунінскай Барысаглебскай царквы.

У чэрвені 1870 года падаў царкоўным уладам просьбу аб перамяшчэнні яго на іншае месца. Быў пасланы служыць у Пінск у царкву Святога велікамучаніка Фёдара Тырона («Фёдараўскі сабор»). Прычына пераводу ў Пінск царкоўнымі ўладамі не паведамляецца, таксама як і прычына і дата яго вяртання ў Лунін. Але архіўныя дакументы сведчаць, што ў 1873 годзе ён ужо зноў служыць у Луніне[3].

Згодна з хадайніцтвам дырэкцыі народных вучылішчаў ад 13 студзеня 1875 года, Платон Ціхановіч прызначаецца са студзеня 1875 года выкладчыкам Закону Божага ў Лунінскае народнае вучылішча. Актыўна садзейнічаў развіццю народнай асветы ў сваёй мясцовасці.

У 1882 годзе пры яго падтрымцы насельніцтва прыходу арганізавала збор грашовых сродкаў на дапамогу пацярпелым ад неўраджаю 1891 года ў Расіі[ru].

У снежні 1885 года пры непасрэдным удзеле і настойлівасці святара Платона Ціхановіча ў вёсцы Вулька 1, якая ўваходзіла ў Лунінскі прыход, зноў адкрылася школа пісьменнасці, якая раней па невядомых прычынах была зачынена. Усе навучальныя дапаможнікі для гэтай школы падрыхтаваў Ціхановіч.

Тым не менш у 1887 годзе, з невядомых прычын епархіяльнае кіраўніцтва адзначала пра святара Платона Ціхановіча адзначала, што ён быў сярод «не позаботившихся об открытии в своих приходах вопреки распоряжению высшего начальства и воле монарха» царкоўнапрыходскіх школ, яму «поставляется на вид такое небрежное их отношение к своим обязанностям и вменяется им в непременную обязанность позаботиться об открытии в своих приходах церковноприходских школ»[3].

Апошнія гады Платон Ціхановіч дажываў у Луніне з жонкай, меў дачку, якая была замужам у Пагосце-Загародскім з мясцовым урачом Сухадольскім. Жонка святара звалілася з печы, працягла хварэла і ўрэшце памерла. Таму ён пасяліў да сябе ўнучку з яе сям’ёй. Пасля рэвалюцыі 1917 года, калі прыйшла бальшавіцкая ўлада, з святара часта здзекаваліся, крыўдзілі. Гэта вымусіла старога святара пакінуць дом, пабудаваны на царкоўнай зямлі, і перайсці жыць у дом унучкі Марыі, які яна пабудавала ў канцы вёскі. Памёр святар у 1922 годзе ў Луніне, але дачка пахавала яго ў Пагосце Загародскім[3].

Граматыка Ціхановіча правіць

Праваслаўны святар з Луніна на мясцовым матэрыяле стварыў уласнае даследаванне «Беларуская граматыка». Першаадкрывальнікам «Беларускай граматыкі» святара Платона Ціхановіча з’яўляецца Генадзь Каханоўскі. Гэтая рукапісная праца напісана на шаснаццаці старонках васьмі вялікафарматных аркушаў. Сваю «Беларускую граматыку» праваслаўны святар пісаў на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Яе першую частку, якая ёсць уводзінамі да ўсёй працы, аўтар напісаў у Луніне 31 студзеня 1875 года. Ва ўводзінах аўтар пераконвае чытача, што беларуская мова мае свае асаблівасці і яе не трэба блытаць з рускай.

У сваім навуковым даследаванні лунінскі святар-філолаг паказаў асаблівасці беларускай мовы ў вымаўленні гукаў як зычных, так і галосных, адрозненні ў склонавых і дзеяслоўных формах у параўнанні з рускай мовай, асаблівасці ў родах назоўнікаў і асаблівасці ў сінтаксічным ладзе.

У сваёй працы Платон Ціхановіч звяртаўся таксама да аналізу жывой гаворкі мясцовых палешукоў, прыводзіў адпаведныя прыклады, даў іх у перакладзе на рускую мову. Фразеалагізмы, абароты гаворкі, якія прыкмеціў Ціхановіч і ўвёў у навуковае даследаванне, і сёння жывуць сярод лунінчан.

Паводле ўспамінаў старажылаў Луніна, цікавіўся Платон Ціхановіч і беларускімі народнымі песнямі.

На думку пінскіх краязнаўцаў Аляксандра Ільіна і Алены Ігнацюк, святар Платон Ціхановіч мог быць аўтарам і прататыпам аднаго з персанажаў «Пінскай шляхты»[5].

Памяць правіць

У Луніне ў музеі мясцовай школы сабраныя некаторыя матэрыялы, прысвечаныя святару Платону Ціхановічу і яго граматыцы. У 2006 годзе яму прысвечаны трэція чытанні «Лунінская восень». Пінскі журналіст і літаратар Мікола Елянеўскі пра свайго земляка з Луніна Платона Ціхановіча напісаў аповесць «Час святара» («Время пастыря»), якая была апублікавана ў часопісе «Нёман» (2007, № 4), а таксама сцэнарый відэафільма[6].

Заўвагі і крыніцы правіць

Заўвагі правіць

  1. Дата паводле метрычнай кнігі[1], Мікалай Елянеўскі дае «4 лістапада (18 лістапада) 1836 года»[2], напэўна, памылка адбылася праз неаднаразовае пералічэнне з Юліянскага на Грыгарыянскі і назад з няслушнай розніцай дзён паміж імі. У іншых крыніцах нараджэнне часта даецца пад 1838 годам[3].

Крыніцы правіць

  1. МК 1836, арк. 100, пазіцыя 10 м.п..
  2. Еленевский 2011, с. 109.
  3. а б в г Памяць 1995.
  4. Тихонович Максим Данилович, священник — Священник Гордей Щеглов (руск.). Праверана 8 жніўня 2023.
  5. а б в Гiстарычная брама № 1 (25) 2010 г.. brama.brestregion.com. Праверана 8 жніўня 2023.
  6. Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе | Информ-прогулка. web.archive.org (10 верасня 2013). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2013. Праверана 8 жніўня 2023.

Літаратура правіць

  • Еленевский Н. В. Время пастыря : роман-хроника. — Минск: Четыре четверти, 2011. — 216 с. — (Библиотека Союза писателей Беларуси).
  • Макарэвіч С. І. Духоўная спадчына Платона Ціхановіча — святара, настаўніка, патрыёта // Нравственные ценности и будущее человечества: сборник научных статей конференции, УО «Полесский государственный университет», г. Пинск 20 ноября 2017 г. / Министерство образования Республики Беларусь [и др.]; редкол.: К. К. Шебеко [и др.] — Пинск : ПолесГУ, 2017. — С. 75-85.

Спасылкі правіць