Платон Мікалаевіч Жуковіч
Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (26 верасня 1857, Пружаны, Расійская імперыя — 12 снежня 1919, Петраград, РСФСР) — расійскі гісторык Беларусі, Польшчы і Украіны XVII—XVIII стст. Прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук (1918).
Платон Жуковіч | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 26 верасня (8 кастрычніка) 1857 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 снежня 1919 (62 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Q6516743? |
Род дзейнасці | гісторык |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | магістр багаслоўя[d] |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Міхаіл Каяловіч |
Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных даследчыкаў міжканфесыйных адносін у Рэчы Паспалітай, даследаваў палітыку Расіі на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаяў на пазіцыях афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі. Пісаў свае даследаванні ў «заходнерускім духу»[1], сцвярджаючы, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расійскага цара.
ПаходжаннеПравіць
Бацька, Мікалай Міхайлавіч Жуковіч (28.12.1826 (10.1.1827) — 29.7.1908), праваслаўны святар. Нарадзіўся ў мястэчку Дзівін Кобрынскага павета (цяпер у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў 1849 годзе, рукапакладзены ў сан дыякана. 28 лістапада 1849 года хіратанізаваны ў сан іерэя царквы Нараджэння Хрыстовага ў Пружанах. Неўзабаве пасля пабудовы сабора Аляксандра Неўскага ў сане мітрафорнага протаіерэя стаў яго настаяцелем. Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках.
БіяграфіяПравіць
Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасня 1857 у горадзе Пружаны Гродзенскай губерні. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, скончыўшы яго ў 1871 годзе адным з трох лепшых вучняў. Пасля паступіў у Літоўскую семінарыю. Па яе сканчэнні ў 1877 годзе працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні, якое ўзначальваў Міхаіл Каяловіч, выхадзец з Беларусі і адзін са стваральнікаў ідэалогіі заходнерусізму[2]. Платон Жуковіч з’яўляўся адным з лепшых студэнтаў, пра што сведчаць не толькі адзнакі, але і ўспаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозі і Польская царква яго часу», якая пасля перарасла ў кандыдацкую дысяртацыю, абароненую ў 1881 годзе. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленні.
Пасля сканчэння вучобы быў размеркаваны на абавязковае выкладанне (паўтара гады за кожны рок навучання) ў Полацкае духоўнае вучылішча. Выкладаў геаграфію і арыфметыку, адначасна працягваючы навуковыя даследаванні. Ён істотна дапрацаваў сваю дысяртацыю і 16 студзеня 1883 паспяхова абараніў яе, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.
Пасля гэтага ён атрымаў прапанову заняць кафедру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 года на загад Свяшчэннага Сінода ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 годзе стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай семінарыі.
Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся даследаваннямі каталіцкай духоўнай адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыццё Літвы і Беларусі. Ён меў досяг да рэдкіх дакументаў, у выніку чаго яго працы мелі надзвычайную вартасць. Працяглы час займаючыся вывучэннем каталіцкай адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранай з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для целаснасці расійскай дзяржавы.
У жніўні 1891, па смерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на пасаду загадчыка кафедры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафесар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніўшы дысяртацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.». У 1910 выйшаў па-за штат, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі.
З’яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным членам Камісіі для разбору і парадкавання архіву Свяшчэннага Сінода, Імператарскага рускага гістарычнага таварыства, Імператарскага маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II і Рускага бібліялагічнага таварыства.
З 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі XIX ст.
У 1917 годзе браў удзел у працы Усерасійскага царкоўнага сабору[3]. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленне акадэміка Івана Пальмава быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.
Памёр у 1919 годзе, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 годзе набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выдання гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы да біяграфіяў асобных дзеячаў царкоўнай гісторыі і асветы, навучальных духоўных устаноў Беларусі, апісанне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнай творчасці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павел Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандр Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандр Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[4].
СачыненніПравіць
- Кардинал Гозий и польская церковь его времени (СПб., 1882, магистерская диссертация);
- Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.) (СПб., 1887);
- О профессорах богословского факультета Виленского ўниверситета в настоящем столетии (СПб., 1888);
- Русская гражданская история (СПб., 1895);
- О русском землевладении в Северо-Западном крае со времён присоединения его к России (СПб., 1895);
- Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.) (СПб., 1897);
- Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией (СПб., 1901, докторская диссертация);
- Из лекций русской гражданской истории, читанных студентам 1-га и 2-га курсов в 1900—1909 гг. (СПб., 1901);
- Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией с 1609 (вып. I, 1609—1614 гг.; ib., 1903, вып. II, 1615—1619 гг.; ib., 1904).
- Брестский собор 1591 г. По новооткрытой грамоте, содержащей деяния его (СПб, 1907);
- О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича (СПб, 1910);
- Россия под скипетром Романовых: Очерки из рус. истории за время 1613 по 1913 г. (СПб., 1912 [ред.]);
- Смутное время и воцарение Романовых (СПб., 1913).
Зноскі
- ↑ Марозава С.В. Заходнеруская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года // Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі. — Гродна: ГрДУ, 2002. — С. 32—33. — ISBN 985-417-271-6.
- ↑ 26 верасня 2017 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Платона Мікалаевіча Жуковіча (1857—1919), гісторыка, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук // Краязнаўства Берасцейшчыны
- ↑ Алфавитный список Членов Собора Православной Российской Церкви 1917—1918 года.
- ↑ Сільнова Л.Д. Бібліятэка прафесара Платона Жуковіча ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі: [зборнік]. — Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2004. — В. 6.
ЛітаратураПравіць
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.