Плошча Перамогі (Віцебск)
Плошча Перамогі — самая вялікая плошча ў Віцебска. Знаходзіцца побач з перакрыжаваннем Маскоўскага праспекта, вуліцы Леніна, праспекта Чарняхоўскага. Плошча — адзін з лепшых архітэктурна-мастацкіх ансамбляў горада.
Плошча Перамогі Віцебск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Рэгіён | Віцебская вобласць |
Горад | Віцебск |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я. Аўтары праекта забудовы архітэктары А. Бельскі, В. Данілаў, З. Конаш, З. Озерава, А. Расейкін, А. Фрыдман, Ю. Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання - А. Данілава, З. Даўгяла, Р. Княжышча і інжынер-азеляніцель Л. Нячай[1]. Будаўніцтва плошчы праводзілася сіламі трэста № 9 з удзелам рабочых і супрацоўнікаў віцебскіх прадпрыемстваў, навучэнцаў, студэнтаў і школьнікаў.
Архітэктура
правіцьПлошча размешчана па перакрыжаванні 2 агульнагарадскіх транспартных магістралей — Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага[1]. Прамавугольная ў плане, з 3 бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, падзелена перакрыжаваннем транснартных магістралей на 2 няроўныя часткі. Яе даўжыня — 380 м, шырыня 190 м, перыметр — 1140 м, а агульная плошча — 16,5 га.
Ад вуліцы Леніна фронт забудовы ўтвараюць пяціпавярховыя жылыя дамы, пабудаваныя ў 1950-я гады. На процілеглым баку шасціпавярховыя жылыя дамы з гандлёвымі прадпрыемствамі па першаых паверхах, былы кінатэатр «Беларусь», грамадскія будынкі, шаснаццаціпавярховы жылы дом на рагу Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага. 3 боку Маскоўскага праспекта плошчу замыкае дзевяціпавярховы першы ў рэспубліцы каркасна-панельны дом. Процілеглы бок плошчы арыентаваны на р. Заходняя Дзвіна і зарэчную частку горада[1].
Кампазіцыйны цэнтр плошчы — мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны (архітэктар Ю. Шпіт, скульптары Б. Маркаў, Я. Печкін) у выглядзе 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў вышынёй 56 м, створаны ў 1974 годзе[1].
У аснову азелянення плошчы пакладзены ландшафтны прынцып, асноўнае месца адведзена зялёнаму газону з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Афармленне плошчы дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі валуноў, дэкаратыўнай тэматычнай скульптурай і іншымі малымі архітэктурнымі формамі[1]. Плошча абсталявана спецыяльна распрацаванай сістэмай пражэктараў і ліхтароў, якія асвятляюць скульптурныя кампазіцыі, дарожкі і фантан. Па перыметры плошчы ўсталяваныя камеры відэаназірання.
У 2009 годзе пачата рэканструкцыя часткі плошчы. На месцы зоны адпачынку (сквера) пабудавана пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў з чатырма фантанамі.
Зноскі
- ↑ а б в г д А. А. Воінаў, М. М. Яніцкая. 75. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
Літаратура
правіць- А. А. Воінаў, М. М. Яніцкая. 75. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
- Віцебск / П. І. Рогач // Беларуская энцыклапедыя : у 12 т. — Мінск, 2001. — Т. 4. — С. 210.
- Віцебск / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993. — С.117.
- Витебск // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 684.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Плошча Перамогі (Віцебск)