Плошча Перамогі (Мінск)
Плошча Перамогі, да 1958 года Круглая — плошча ў цэнтры Мінска, знаходзіцца на скрыжаванні праспекту Незалежнасці з вуліцамі Захарава і Кісялёва. Плошча знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Мінска насупраць дома-музея I з’езда РСДРП побач з будынкамі Галоўнай Рэдакцыі Беларускага радыё і тэлебачання і Дома вяселляў. Ад плошчы пачынаецца сквер, які цягнецца да Свіслачы і ўваходу ў Цэнтральны парк культуры і адпачынку імя М. Горкага.
Плошча Перамогі Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Плошча Перамогі |
Ранейшыя назвы | Круглая плошча |
Назва ў гонар | Вялікая Айчынная вайна |
Паштовы індэкс | 220005 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Плошча з’яўляецца візітнай карткай горада Мінска. Праз яе праходзяць парады і святочныя шэсці. Маладыя робяць на ёй здымак на сваё вяселле.
Транспарт: Метро Плошча Перамогі, трамваі 1, 3, 4, 6, 8, 10, 11.
Гісторыя
правіцьЯк архітэктурны ансамбль пачала фарміравацца ў 1939 годзе паводле генеральнага плану Мінска 1932—1936 гадоў (архітэктар Ю. Кілаватаў, кансультант В. Вітман).
У 1939 годзе пачалі будаваць два дугападобныя дамы паводле праекту архітэктара Р. Столера. У час вайны часткова разбамбомленыя. У 1947 годзе архітэктар прыехаў у Мінск і дапамог іх адбудаваць. Да вайны па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) праз плошчу хадзіў трамвай.
Да ўстаноўкі манумента Перамогі на плошчы быў сімвалічны камень абгароджаны ланцугом.
У 1946 годзе быў аб’яўлены конкурс на манумент Перамогі. Спачатку планавалі размясціць помнік каля цяперашняй Кастрычніцкай плошчы[крыніца?], але там устанавілі помнік Сталіну. Выбраны праект прадугледжваў 48-мятровы помнік з белага мармуру з ружовым адценнем. Каб паспець адкрыць помнік да 10-годдзя вызвалення Беларусі, вырашылі зрабіць яго з шэрага граніту і на 10 метраў карацей.
Граніт быў прывезены з-пад Днепрапятроўска і Жытоміра. Мазаіку для ордэна Перамогі прыслалі з Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Разьбу па граніце зрабілі ўкраінскія муляры. Бронзавыя гарэльефы, меч і вянкі адлівалі ленінградскія спецыялісты завода «Манументскульптура».
Ля падножжа помніка 3 ліпеня 1961 года, у дзень 17-й гадавіны вызвалення горада Мінска, ганаровы грамадзянін горада Мінска, Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік А. С. Бурдзейны запаліў вечны агонь.
Каб змясціць станцыю метро і выхады, у 1984 годзе архітэктары Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў і К. Вязгін перапланавалі плошчу з круглай у авальную. 1 ліпеня 1984 года на плошчы ўмацавалі гранітныя блокі з капсуламі з зямлёй гарадоў-герояў: Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Керчы, Новарасійска, Тулы, Брэсцкай крэпасці. У 1985 годзе — капсулы з зямлёй гарадоў-герояў Смаленска і Мурманска.
8 мая 1985 года ў адзначэнне 40-годдзя Перамогі ў падземным пераходзе на плошчы Перамогі адчынілася Мемарыяльная зала ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі за вызваленне Беларусі. Пад плошчай была пабудавана кальцавая галерэя, якая пераходзіць у мемарыяльную залу. У цэнтры залы вянок з мастацкага шкла з падсветкай (мастак Вячаслаў Позняк). На сцяне залы замацаваныя бронзавая Зорка Героя Савецкага Саюза і лісты з імёнамі 566 ураджэнцаў Беларусі і іншых рэспублік, якія прымалі ўдзел у вызваленні беларускай зямлі, і за свае подзвігі былі ўзнагароджаныя званнем Героя Савецкага Саюза.
У 2003 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя плошчы.
Планіроўка плошчы Перамогі
правіцьАрхітэктурны ансамбль плошчы пачаў фарміравацца ў канцы 1930-х гадоў з пабудовы двух дугападобных дамоў, звернутых да цэнтра горада (1939, скончаны ў 1947 годзе, архітэктар Р. Столер), у аснове планіроўкі якіх ляжыць тыпавая 4-кватэрная секцыя. Забудова вялася па генпланах 1932—1938 гадоў, 1946 года і праекта плошчы 1950 года (архітэктуры М. Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г. Заборскага і Л. Мацкевіча, 1954).
Плошча мае ў плане прамавугольнік (225×175 м), які завяршаецца з аднаго боку паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на дзве часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца размешчаны пасярод круглай часткі плошчы манумент Перамогі, які замыкае перспектыву праспекта Незалежнасці і вуліцы Захарава. Гэты 38-мятровы гранітны абеліск, увянчаны трохметровай выявай ордэна Перамогі. На пастаменце ля падножжа абеліска — свяшчэнны меч Перамогі. Помнік быў збудаваны ў 1954 годзе ў гонар воінаў Савецкай арміі і партызан Беларусі, загінулым у баях за вызваленне Беларусі.
Па абодва бакі праспекта значна ніжэй яго ўзроўню паміж вуліцамі Захарава, Камуністычнай і Фрунзэ разбіты сквер партэрнага тыпу, уздоўж яго пастаўлены жылыя дамы, па тры з кожнага боку (1950—1956). Па вуглах дамы ўвянчаны вежкамі, а з паўднёвага боку злучаны паміж сабой каланадай. Тарцовую частку плошчы замыкаюць з боку Камуністычнай вуліцы Дом-музей I з’езда РСДРП (будынак адноўлены ў 1948 годзе, архітэктар І. Валадзько), мост праз раку Свіслач (1951—1953), а з боку вуліцы Фрунзэ манументальныя вароты — уваход у Цэнтральны дзіцячы парк.
Помнік Перамогі
правіцьНа плошчы ўмацаваны трыццацівасьмімятровы гранітны помнік, увянчаны трохметровай выявай ордэна Перамогі. На пастаменце ля падножжа помніка — свяшчэнны меч Перамогі. Помнік збудаваны ў 1954 годзе ў гонар воінаў Савецкай арміі і партызан Беларусі, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Скульптары: З. Азгур, А. А. Бембель, С. Селіханаў. Архітэктары: У. А. Кароль, Г. У. Заборскі
На чатырох гранях пастаменту помніка закладзены бронзавыя тэматычныя гарэльефы: «9 мая 1945 года», «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Партызаны Беларусі», «Слава загінулым героям».
Чатыры бронзавыя вянкі вакол абеліска азначаюць чатыры франты, воіны якіх прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
Спасылкі
правіцьПлошча Перамогі (Мінск) на Вікісховішчы |
- Так выглядала плошча у 50-х гадах
- Плошча Перамогі ў Мінску Архівавана 16 сакавіка 2013. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь
- Від з усходу на захад Архівавана 2 лютага 2012.
- Здымкі на wikimapia.org
- Акцыя Белтэлерадыёкампаніі «Плошча Перамогі»(недаступная спасылка)
- Мінскі слэнг пра будынкі ля плошчы Архівавана 5 красавіка 2014.
- Карціна Натана Майсеевіча Воранава «Плошча Перамогі», 1964 Архівавана 5 сакавіка 2016.