Поймавыя глебы, алювіяльныя глебы ўтвараюцца на алювіяльных адкладах у поймах рэк. Выдзяляюць 2 тыпы поймавых глебаў: поймавыя дзярновыя і поймавыя тарфяна-балотныя.

На Беларусі поймавыя глебы займаюць каля 9 % сельскагаспадарчых зямель. Пашыраны пераважна ў поймах буйных рэк (Дняпра, Прыпяці, Сажа, Бярэзіны, Нёмана і іх вялікіх прытокаў). Больш за ўсё іх у Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцях, найменш — у Віцебскай вобласці.

Большасць поймавых глебаў маюць высокую прыродную ўрадлівасць, пры правільным выкарыстанні яны даюць высокія ўраджаі траў добрай якасці.