Сафійскі сабор (Полацк)

Полацк
(Пасля перасылкі з Полацкі Сафійскі сабор)

По́лацкі Сафі́йскі сабо́р — помнік сакральнага дойлідства XI—XVIII ст. у г. Полацк. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй, пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве (закладзены ў 1037 годзе) і Ноўгарадзе (каля 1045 года)[1]. Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII стагоддзя адноўлены як базіліка ў стылі віленскага барока і захоўвае такі выгляд дагэтуль[1].

Колішні сабор
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай
Сучасны выгляд Сафійскага сабора
Сучасны выгляд Сафійскага сабора
55°29′09″ пн. ш. 28°45′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Полацк
Канфесія Праваслаўе
Епархія Полацкая епархія
Тып будынка Сабор
Архітэктурны стыль віленскае барока
Архітэктар Іаган Крыштоф Глаўбіц
Дата заснавання 1740
Будаўніцтва 10301060 гады
Асноўныя даты

1710выбух парахавога склада,
які зруйнаваў сабор

1738—1750 — аднаўленне сабора з руін
Дата скасавання 1705
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000606шыфр 210Г000606
Матэрыял цэгла
Стан музей, у адным з прыдзелаў па святах адбываюцца набажэнствы
Сайт sophia.polotsk.museum.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Паштовы блок Рэспублікі Беларусь, прысвечаны Сафійскаму сабору ў Полацку.

Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XI ст. на тэрыторыі дзяцінца. Узвядзенне манументальнага сабора традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага перыяду княжання Усяслава Брачыславіча — 10441066 гадамі[1]. Яго ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры і на такія ж храмы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што сабор быў пабудаваны на месце ранейшага капішча, прысвечанага Пяруну або Вялесу[2][3]. Асноўны даследчык храма, ленінградскі археолаг Валянцін Булкін у 1970-х гадах выявіў культурны слой са слядамі пажару, які папярэднічаў часу ўзвядзення храма і мог належаць першапачатковаму драўлянаму сабору[1].

Узвядзенне Полацкай Сафіі трэба тлумачыць, як амбіцыі Усяслава Брачыславіча на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце[4]. Будаўніцтвам сабора падкрэсліваўся не толькі незалежны статус Полацка адносна Кіева. Полацк таксама мог успрымацца як «Новы» Іерусалім, або «Другі Царград». Такім чынам, Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляванне цэнтра хрысціянскага свету. Размяшчэнне Сафійскага сабора на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзяцінцы было адной з асноўных рыс, акрамя трохвугольнай формы гарадоў у плане і размяшчэння іх на сямі ўзгорках, якая звязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусветным цэнтрам усходнехрысціянскай рэлігіі — горадам Канстанцінопалем, галоўны храм якога быў узведзены на акропалі грэчаскага горада Візантыя[3].

Полацкі Сафі́йскі сабор упершыню згадваецца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV стагоддзя: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[1].

Уніяцкі перыяд

правіць
 
Іканаграфія сабора, 1579 год.

Пасля вяртання Полацка пад юрысдыкцыю Вялікага Княства Літоўскага ў 1579 годзе войскамі караля Стэфана Баторыя Сафійскі сабор стаў адзіным храмам у горадзе, якія належаў праваслаўным. Пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596 годзе сабор перайшоў да ўніятаў. Пасля пажару і частковага разбурэння 1607 года сабор быў у запусценні, у 1618 годзе ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў сабор.

У 1642 годзе сабор ізноў пацярпеў ад пажару, але быў неўзабаве адноўлены. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Полацк быў узяты расійскімі войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1654 годзе наведаў сабор. Да 1667 года Сафійскі сабор быў праваслаўным, а затым ізноў перайшоў да ўніятаў.

Узрыў сабора

правіць

11 ліпеня 1705 года, падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, сабор быў зачынены расійскай арміяй (цар Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі[5]).

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Францішка Духінскага, п'яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор Св. Сафіі ў Полацку, які належаў уніятам, дзе захоўваліся мошчы Іасафата Кунцэвіча. Цар запатрабаваў ключы ад царскіх варот, а калі базыльяне адмовіліся іх даць, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне[6]. Пра гэту падзею коратка паведамляе Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («У тым жа [1705] годзе месяца ліпеня 11 дня ў храме Св. Сафіі сам [цар Пётр I] забіў 4 базыльян у Полацку»[7]).

Па іншай версіі, канфлікт адбыўся пасля таго, як на пытанне цара пра тое, хто намаляваны на іконе, манахі адказалі, што гэта святы Іасафат, забіты ератыкамі.[8]. Цар загадаў арыштаваць манахаў, але яны аказалі супраціўленне, у выніку чаго адбылося сутыкненне, у якім яны і былі забіты. Дакументы Кабінета Пятра I, якія захоўваюцца ў РДАСА паведамляюць, што «здарэнне ў Полацку было спантанай праявай гневу цара, справакаванай дзёрзкімі паводзінамі ўніяцкіх манахаў»[5].

Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў у прытворы храма размяшчаўся парахавы склад, які 1 мая 1710 года узарваўся[8], пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

Аднаўленне і наступная гісторыя

правіць
 
Барочны інтэр'ер

Аднаўленне сабора здзейсніў уніяцкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі. Да 1750 г. на захаваных падмурках сцен была збудавана двухвежавая базіліка ў стылі віленскага барока, якую асвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа. Падчас Айчыннай вайны 1812 г. храм выкарыстоўваўся французскімі войскамі як стайня.

 
Полацк, малюнак Напалеона Орды

Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 г. храм царквы быў вернуты праваслаўным. У 1911—1914 гадах быў праведзены капітальны рамонт сабора. У 1924 г. ў рамках савецкай атэістычнай палітыкі царкву зачынілі і размясцілі ў ёй краязнаўчы музей. У перыяд нямецкай акупацыі з 1942 г. па ліпень 1944 г. Сафійскі сабор дзейнічаў, а потым быў ізноў зачынены.

Сучаснасць

правіць
 
Арган на хорах сабора

Пэўны час сабор служыў як збожжасховішча, а потым як архіў. Адраджэнне Сафіі да новага жыцця адбылося ў 1983 годзе, тады храм стаў канцэртнай залай, аўтарам праекта рэстаўрацыі быў Валерый Слюнчанка[9]. У працах па вяртанню да жыцця Сафійскага сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П. А. Рапапорт, Вал. А. Булкін), чэшскія майстры-арганісты)[10]. З 1983 года ў Сафійскім саборы дзейнічае канцэртная зала. У 1985 года ў саборы чэхаславацкай арганабудаўнічай фірмай «Rieger Kloss» быў збудаваны арган. Першы канцэрт быў дадзены 2 мая 1985 года арганістам Алегам Янчанкам. Штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»[11].

У храме размяшчаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, які ўваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў.

У адным з прыдзелаў сабора на царкоўныя святы здзяйсняюцца праваслаўныя набажэнствы.[12]

Архітэктура

правіць

Арыгінальная пабудова

правіць
 
Макет сабора XI ст.

Узвядзенне храма звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча. Архітэктурнае рашэнне полацкага Сафійскага сабора пераклікаецца з аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада. У плане сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 метра. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Сцены храма былі выкладзены з цэглы ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная кладка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.

Да храма прылягалі прыбудовы: хрысцільня і лесвічная вежа на княжацкія хоры. Па летапісах, можна меркавана сказаць, што храм меў 7 глаў. 4 купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае главы, што стварала своеасаблівы вобраз храма. Галоўныя адрозненні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасць галерэй. Храм меў тры апсіды, а не пяць. Княжацкія хоры адкрываліся ў цэнтральнае памяшканне падвойнымі аркамі, якія абапіраліся на 1 прамежкавы слуп. Ёсць віма (дадатковае дзяленне ў апсіднай частцы падкупальнай прасторы), характэрная для Візантыі.

Храм, як і наўгародскі, быў распісаны толькі фрэскамі, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленне храма. Будаўніцтвам усіх трох храмаў, верагодна, займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма — гэта ўваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамінак пра Сафійскі Сабор Канстанцінопаля, сімвал магутнасці княжацкай улады.

 
Рэшткі падмуркаў першапачатковага храма

Арыгінальны будынак сабора XI ст. не захаваўся, засталіся яго фрагменты: рэшткі ніжніх сцен і слупоў, і апсід вышынёй каля 11 метраў.

Барочны храм

правіць
 
Уваход
 
Вежы сабора

У выніку работ, праведзеных у саборы ў сярэдзіне XVIII ст., з паўднёвага боку была прыбудавана новая апсіда, на поўдні размешчаны ўваход і дзве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі храма перпендыкулярна першапачатковаму выгляду. Сабор стаў уяўляць сабой трохнефную аднаапсідную базіліку, арыентаваную на поўнач. З паўднёвага боку знаходзяцца дзве сіметрычныя вежы вышынёй 50 м. Перабудаваны ў стылі віленскага барока сабор атрымаў і новае рашэнне інтэр'ера. Акрамя барочных калон з'явілася шмат ляпных упрыгажэнняў, фігурныя карнізы і некалькі нязвыклая каляровая гама. Алтарная частка храма была аддзелена ад цэнтральнага нефа высокай трох'яруснай перагародкай, да якой на скляпенні прылягала барэльефная выява Троіцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы былі распісаны і ўпрыгожаны драўлянай скульптурай. Ад роспісаў на алтарнай перашкодзе захаваліся: копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.

Зноскі

  1. а б в г д Денис ДУК. ПОЛОЦК-1150. Истоки государственности на белорусских землях* Архівавана 18 студзеня 2021.
  2. Лобач, У. Да пытання аб сакральнай тапаграфіі старажытнага Полацка Архівавана 28 кастрычніка 2011.
  3. а б Ю. М. КЕЖА. САКРАЛІЗАЦЫЯ КНЯЖАЦКАЙ УЛАДЫ ВА ЎСХОДНЕСЛАВЯНСКІМ ГРАМАДСТВЕ Архівавана 2 лістапада 2018.
  4. Марзалюк, І. А. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў XI—XVII стст.
  5. а б В. И. Петрушко (доктор церковной истории). Митрополит Лев Заленский и Униатская Церковь в Речи Посполитой в период его правления
  6. F. H. Duchiński, Historia o pozabiianiu bazilianów w połockiey cerkwi przez cara moskiewskiego etc. w roku 1705tym, dnia 30 Junia starego, Paryż 1863.
  7. Літопіс Панцирного й Аверки; Витебская ЛЂтопись, составленная витебскими мЂщанами Стефаномъ Гавриловичемъ АвЂркою 1578—1768
  8. а б Собор Святой Софии, Премудрости Божией, в Полоцке // Патриархия.Ru
  9. Народная воля. Дзікунства Пятра I у Сафійскім саборы.(недаступная спасылка)
  10. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  11. Международный фестиваль органной музыки «Званы Сафіі» открывается в Полоцке
  12. Прадстаяцель Рускай Царквы наведаў Сафійскі сабор у Полацку

Літаратура

правіць
  • Арлоў У. А.. Таямніцы Полацкай гісторыі. — Мінск: «Беларусь», 1994. — 463 с. — ISBN 5-338-01005-4 (перавыданні 2000 і 2002).
  • Лазука Б. А. Беларускае барока. — Мінск: «Беларусь», 2001.
  • Страчаная спадчына / Уклад. Габрусь Т. В. — Мінск: «Беларусь», 2003.
  • Комеч, А. И. Древнерусское зодчество конца Х — начала XII веков : Византийское наследие и становление самостоятельной традиции / А. И. Комеч. — М: Наука, 1987. — 319 с.
  • Раппопорт, П. А. Зодчество Древней Руси / П. А. Раппопорт. — Л: Наука, Ленинградское отделение, 1986. — 160 с.
  • Слюнченко, В. Г. Полоцкий Софийский собор : историко-архитектурный очерк / В. Г. Слюнченко. — Минск : Полымя, 1987. — 48 с.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 176—179.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

правіць