Полацкі веснік
«Полацкі веснік» — раённая газета Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Выдаецца з 1917 года. Заснавальнікі: Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Полацкі раённы Савет дэпутатаў.
«Полацкі веснік» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавальнік | Полацкі раённы выканаўчы камітэт |
Галоўны рэдактар | Святлана Генадзьеўна Чаркоўская |
Заснавана | 1917 |
Мова | беларуская, руская |
Перыядычнасць | два разы на тыдзень |
Галоўны офіс | Полацк, вул. Талстога, 6 |
Вэб-сайт | pvestnik.by |
Гісторыя
правіцьСваё існаванне полацкая газета пачала на хвалі Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. Першы нумар «Рэвалюцыйнага голаса» выйшаў 17 красавіка 1917 года. Праз нейкі час газета была закрыта.
З канца лістапада 1917 года армейская і гарадская партыйная арганізацыі, армейскі камітэт і Полацкі Савет дэпутатаў наладзілі сумесную працу. Звесткі пра іх дзейнасць друкавала газета «Известия Вонно-революционного комитета III Армии».
26 снежня 1917 года быў расфарміраваны ВРК. Замест яго быў створаны прэзідыум Выканаўчага бюро армейскага Савета. Газета ўжо выйшла пад новай назвай — «Известия армейского Совета солдатских депутатов III Армии».
У канцы снежня адбылося аб’яднанне Савета рабочых салдатскіх дэпутатаў з Саветам сялянскіх дэпутатаў. Друкаваным органам аб’яднанага Савета стала былая газета «Известия армейского Совета солдатских депутатов III Армии», першы нумар якой выйшаў 1 студзеня 1918 года пад назвай «Известия Армейского совета солдатских депутатов III Армии, Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов».
У выніку наступальных аперацый на ўсходнім напрамку 25 лютага 1918 года ў горад увайшлі немцы, і газета прыпыніла свой выпуск. Пасля вызвалення горада, у лістападзе 1918 года, газета аднавіла выпуск. Першы нумар полацкай «Красной газеты» выйшаў 22 лістапада.
З 24 нумара газета стала выхадзіць пад назвай — «Известия Полоцкого уездного совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов».
Пасля акупацыі польскімі войскамі ў 1919 годзе рэдакцыя полацкай газеты разам з неабходным абсталяваннем была эвакуіравана на станцыю Дрэтунь. І пад новай назвай — «Октябрьское эхо» — пачала выходзіць з восені 1919 года.
У 1922 годзе полацкая газета бярэ сабе новую назву. Першы нумар «Красного знамени» выйшаў у студзені.
З 16 верасня 1924 года газета пачала выходзіць пад назвай «Полоцкий пахарь» як орган Полацкай акругі, утворанай 17 ліпеня 1924 года.
З 2 лютага 1926 года газета атрымала новую назву «Чырвоная Полаччына». Яна друкавалася на беларускай мове чатырохпалосным фарматам. Тут працавалі Пятрусь Броўка, Эдуард Самуйлёнак, Тарас Хадкевіч. У «Чырвонай Полаччыне» друкавалі свае творы Янка Скрыган, Андрэй Александровіч, Анатоль Астрэйка, Алесь Звонак.
У чэрвені 1935 года нанава была створана Полацкая акруга. Акруговай газетай стала пераемніца «Чырвонай Полаччыны» — «Бальшавік Полаччыны». Першы нумар пад такой назвай выйшаў 1 студзеня 1936 года.
У лютым 1938 года акруга была скасавана, Полацкі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці БССР. З 4 красавіка 1938 года газета выхадзіла пад назвай «Большэвіцкі шлях».
У часы вайны газета не выдавалася. З восені 1944 года, пасля ўтварэння Полацкай вобласці, газета выхадзіла пад назвай «Большэвіцкі сцяг».
У лістападзе 1952 года абласная газета стала называцца «Сцяг камунізму». Пад такой назвай газета выхадзіла да 1991 года.